Сёння Алеся Шамякіна могуць аштрафаваць на 30 мільёнаў рублёў
Белдзяржуніверсітэт спаганяе грошы за навучанне з выпускніка, які паступіў у магістратуру ЕГУ.
У 2009 годзе мінчук, сябар БХД Алесь Шамякін скончыў гістфак БДУ. Вучыўся ён добра, у яго залікоўцы багата «дзявятак» і «васьмёрак». А дыплом на тэму «Лібералізм у сучаснай Расіі» абараніў на «10».
Атрымаўшы сертыфікат аб вышэйшай адукацыі, як «бюджэтнік» ён мусіў ці адпрацаваць два гады па размеркаванні, ці паступаць у магістратуру, ці сплаціць грошы за ўсе 5 год навучання.
Малады гісторык-палітолаг падаў дакументы ў магістратуру Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні на спецыяльнасць «Дэмакратыя і грамадзянская супольнасць».
Летам шчаслівы выпускнік уладкоўваў неабходныя фармальнасці па далейшай вучобе. Заставалася адно падпісаць заяву ў дэканаце.
Калі ж на пачатку верасня хлопец прыйшоў да дэкана гістфака Сяргея Ходзіна, то пачуў літаральна наступнае: «Там, дзе ёсць назва ЕГУ, я свой подпіс не пастаўлю. Яны для нас «іншапланетнікі».
Азадачаны словамі дэкана, Алесь Шамякін падаўся ў аддзел кадраў БДУ. Там на яго здзіўлена паглядзелі і паказалі стос заяваў на навучанне ў замежных магістратурах, падпісаных іншымі дэканамі.
Хлопец зноў пайшоў да дэкана. Але Ходзін не здаваўся: «Хай аддзел кадраў дасць мне пісьмовы дазвол паставіць подпіс». Натуральна, «кадравікі» гэтага не зрабілі, бо не маюць на тое паўнамоцтваў.
Алесь абіваў парогі «альма матэр» некалькі дзён. Не атрымаўшы жаданага подпіса, хлопец зарэгістраваў заяву ў канцылярыі ўніверсітэта і з’ехаў на вучобу ў Вільню.
Праз некалькі месяцаў Шамякін атрымаў ліст з БДУ з патрабаваннем сплаціць 30 мільёнаў рублёў за вучобу ва ўніверсітэце.
Міністэрства адукацыі, куды хлопец скіраваў запыт з просьбай разабрацца ў сітуацыі, дало фармальную адпіску: хай вырашае суд.
Першае судовае паседжанне па пазове БДУ аб спагнанні грошай адбылося ў кастрычніку 2010 года. Суддзя Савецкага раёна Мінска Алена Лухверчык загадала бакам вырашыць праблему ў пазасудовым парадку.
Суддзя не прыняла пазоў БДУ, бо Алесь, дазнаўшыся пра штраф, прасіў прарэктара БДУ размеркаваць сябе. Просьбу не задаволілі. Суддзя разважыла: адказчык спрабаваў мірна разабрацца — пазоўнік не захацеў, а таму пытанне здымаецца.
«Пакрыўджаны» ўніверсітэт падаў касацыйную скаргу ў Мінскі гарадскі суд. Справу адправілі на перасуд, а суддзя Лухверчык, якая прыняла рашэнне на карысць хлопца, атрымала заўвагу.
У канцы сакавіка 2012 года суд Савецкага раёна г. Мінска задаволіў пазоў БДУ да былога студэнта аб спагнанні сродкаў на навучанне.
Мы запыталі ў дэкана гістарычнага факультэта Сяргея Ходзіна, чаму ён не падпісаў заявы былога студэнта.
«Я як дэкан у дадзеным выпадку не маю паўнамоцтваў падпісваць нейкія адтэрміноўкі…Я ўжо дзесяць гадоў як дэкан і добра ведаю свае правы», — сказаў Ходзін.