Беларуская глыбіня. Магілёўцы
Божа! Ты ведаеш шаленства маё,
і грахі мае ад Цябе не схаваны.
Псальмы 68
«Магілёўцы» — так па-простаму называецца пружанскі псіхіятрычны шпіталь. Калі ў Мінску суразмоўцу часам «накіроўваюць» у Навінкі, у Віцебску — на 9-ы кіламетр, а ў Магілёве да Пячэрска, дык у раёнах, прылеглых да Брэста, вясёленькія жарты звычайна заканчваюцца «Магілёўцамі».
Так-так, для абазнаных — гэта тыя самыя Магілёўцы, сядзіба магнатаў Быхаўцаў герба «Магіла», чыя бібліятэка на 3 тысячы тамоў у 1820-х сталася месцам сенсацыйнай знаходкі: настаўнік Віленскай гімназіі Іпаліт Клімашэўскі выявіў невядомую дагэтуль кроніку ХVІ ст., дзе па-беларуску выкладалася сабраная ўвадно гісторыя Вялікага Княства Літоўскага.
Адмыслоўцы прызналі сапраўднасць летапісу. Адгэтуль «Хроніка Быхаўца» — адзін з кутніх камянёў гістарыяграфіі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Сур’ёзныя даследчыкі Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, Малдовы, Эстоніі, Латвіі не абыдуцца без гэтай найбольш поўнай беларускай крыніцы. Больш таго, менавіта «Хроніка Быхаўца» — ці не самы беларусацэнтрычны з тагачасных летапісаў: і нашыя вялікія князі там — героі, і перамогу пад Грунвальдам здабылі ліцвіны, і як былі тутэйшыя жыхары пабожныя — дык і Госпад ім дапамагаў…
Рукапіс «у чацвёртку», дваццаць сшыткаў, пісана дробна, роўна і сцісла, на старой паперы, вадзяны знак якой паказвае мясцовую фабрыку. Першапачаткова пісалася кірыліцай, а Нарбут, якому рукапіс перадалі, апублікаваў ужо лацінкай.
Магілёўцы, былая сядзіба Быхаўцаў, потым Дзяконьскіх — самае месца для шыкоўнага музея беларускага летапісання.
Але замест музея тут вар’ятня на сем карпусоў ды платныя медычныя паслугі для «вольных» хворых.
Таму дзевяноста дзевяць са ста пружанскіх абывацеляў пры слове «Магілёўцы», ты чо, ясен пень, не адкажуць паролем «Хроніка Быхаўца», а крыва пасміхнуцца ды пакруцяць пальцам ля скроні.
О, як пяецца-апавядаецца ў раскошным мульціку «Будзьмы» — шалёны народ, беларускі народ!.. О, Беларусь — краіна вечных стрэсаў, падвышаных ціскаў і памежных станаў!.. Ці не ад самых тых антычных неўраў, насельнікаў дрымучых пушчаў, пайшла сённяшняя нацыянальная неўрастэнія?..
Хіба гэта не тыпова беларускі маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз — тое, што мы бачым прыступамі то на дзяржаўнай тэлевізіі то ў каментарах у незалежным сеціве?..
Хіба ж гэта не параноя, калі мы з падазронасцю хаваем родную мову і гатовыя размаўляць па-расейску, па-польску, па-англійску, абы толькі ніхто не здагадаўся, што мы ёсць тымі, кім мы ёсць?..
Хіба гэта не шызафрэнія, калі мы думаем адно, кажам другое, маем на ўвазе трэцяе, вырашаем чацвёртае, робім пятае, а ў выніку атрымліваецца палата нумар шэсць?..
Хіба гэта не дэбілізм — усенародна ўспрымаць крадзеж, хамства, п’янства і хлусню як норму, і ўзірацца на тых, хто не скраў, не схлусіў, не п’е ды не блудзіць, як на хворых?
Хіба не расстройства асобы — верыць (!) у тое, што Бога няма, бо: а) так нас вучылі ў Савецкім Саюзе; б) такі і такі вернік або святар жыве не па-хрысціянску; в) а вось я Яго не бачыў?..
І пераклікаюцца тутэйшыя Магілёўцы з тымі «магілёўцамі», што апанавалі ўладныя кабінеты ў астатніх пяці абласцях ды сталіцы.
«У лета ад стварэння свету сем тысяч пяцьсот дваццатае, ад нараджэння ж Хрыстова дзве тысячы дванаццатае ўмысліў князь Аляксандр, у Менску седзячы, Маскве слугаваці ласкацельна, але ніякай маетнасці ёй не даваці, а панамі ляскімі ды нямецкімі пагардзіці, шкодзіці ім, аднак жа тайна з панамі тымі ўмаўляцца…»
Цяпер замест гісторыі краіны тут пішуць гісторыі хваробы.
Як так атрымалася: усе вакол у белым, беларус у сябе дома, але ў беларуса дома не ўсе?..
Як дакаціліся да такога жыцця? Вядома, ворагі. Зразумела, суседзі. Ясна, войны. Але ў каго іх не было?
Самапаглыбленне беларусаў здольнае давесці да шаленства.
Насамрэч гісторыя Беларусі надзвычай простая. Верылі ў Хрыста, любілі бліжняга, імкнуліся да волі — былі моцныя. Забывалі Бога, сварыліся, апускалі рукі — правальваліся. «Хроніка Быхаўца» фіксуе гэтую заканамернасць адкрытым тэкстам. А мы, «сучасныя», схільныя па-савецку спісваць маральныя высновы гісторыі на «адсталы светапогляд», усё дашукваемся прычынаў, сэнсу і ніяк не можам патрапіць пальцам у неба.
Дастаткова двух ці трох, сабраных у імя Хрыстова, каб і Ён, Хто ацаляў псіхаў адным дотыкам ды нават мёртвых падымаў з магілаў, стаў побач.
Свет палічыць, што ты звар’яцеў?
Але каб уся Беларусь, жывы летапіс сэрца Еўропы, не ператварылася ў суцэльныя Магілёўцы, камусьці трэба ссунуць свой абывацельскі дах набакір і зрабіць тое, што прапісана ў Евангеллі: адрачыся ад сябе, узяць крыж свой і проста ісці за Ім.