Сёння ў Менску развітанне з Сержуком Вітушкам. БХД спачувае

04 ліпеня 2012 07:59  |  Грамадства

4 ліпеня ў Менску адбудзецца паніхіда і развітанне з Сержуком Вітушкам, беларускім пісьменнікам, гісторыкам і грамадзкім дзеячом, заснавальнікам легендарнай беларускай моладзевай арганізацыі канца 1980-х гадоў “Талака”, які 2 ліпеня пайшоў з жыцця пасля працяглай цяжкой хваробы ў Вільні ва ўзросте 47 гадоў.  Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя выказвае шчырыя спачуванні родным спадара Сержука і ўсім беларусам.

Паніхіда распачнецца а 12 гадзіне у капліцы Ўсіх святых беларускага народу ў грэка-каталіцкім душпастырскім Цэнтры святога Язэпа (вул. Арджанікідзэ, д. 6, ст. метро “Аўтазаводзкая”). Пасля памінальнай багаслужбы і развітання Сяргей Вітушка будзе пахаваны ў роднай вёсцы Рогаў.

 
Два тыдні таму ў Сяргея Вітушкі здарыўся інфаркт. Апошнія дні ён правёў у віленскім шпіталі ў цяжкім стане і памёр на руках у жонкі Людвікі, якая апекаваліся ім доўгія гады ягонай хваробы.

 

“Спадар Сяржук быў вельмі светлым чалавекам, любіў жыццё, людзей, Беларусь, Вільню. Ён натхняў і ўражваў мужнасцю, з якой перамагаў сваю хваробу. Апошнія гады ён не бачыў фізычна, але ўмеў зазірнуць углыб духоўнымі вачыма. У яго было яшчэ столькі цікавых ідэяў, мараў. Заўсёды, калі я прыязжала ў Вільню, імкнулася заехаць да спадара Сяржука ці паразмаўляць з ім па тэлефоне. Мне было вельмі важна параіцца з ім, пачуць ягоныя парады, ягоны жыццясцвярджальны голас, поўны любові. Проста не ўяляю сабе Вільні без яго. Гэта вялікая страта для Беларусі і беларусаў. Нам усім яго будзе не хапаць”, – згадвае сябра БХД Валерыя Чарнаморцава.

 

Сяржук Вітушка нарадзіўся ў 1965 годзе ў мястэчку Чысць Маладэчанскага раёну. Скончыў прафесійна-тэхнічную вучэльню № 68 у  Менску, працаваў рабочым на вытворчым аб’яднанні «Інтэграл».  У 1989-м скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў у “Беларускай хатцы” ў Менску, філіяле музею М. Багдановіча. 

 

З 1987 году быў старшынём моладзевага таварыства “Талака”. Як адзначаюць сябры, у Сяржука Вітушкі была цудоўная здольнасць — прыцягваць у “Талаку” розных людзей, якія выходзілі адтуль сапраўднымі беларусамі. Разам з сябрамі ён ўдзельнічаў у археалагічных раскопах і аднаўленні помнікаў архітэктуры, агітаваў за стварэнне беларускіх класаў і школаў. Шмат пісаў на тэмы моладзевага руху, аховы помнікаў, краязнаўства.

 

З 1991 году Сяргей Вітушка пераехаў жыць у старажытную Вільню, працаваў там у беларускай школе, на радыё “Балтыйскія хвалі” і мясцовым тэлебачанні. Прыкладаў намаганні, каб адрадзіць у Вільні Беларускі музей імя Івана Луцкевіча, быў кіраўніком грамадзкай арганізацыі, што была створана для гэтых мэтаў. У Вільні нарадзілася і яго дачка Паўліна, якая ў свае 19 ужо мела свае персанальныя выставы жывапісу. 

 

На жаль, у Вільні Сяржук Вітушка цяжка захварэў на цукровы дыябет. У выніку хваробы у яго адмовілі ныркі, ён страціў зрок, а пасля і нагу. Тым не менш, Вітушка не губляў жыццёвы аптымізм, навучыўся ўсляпую друкаваць на кампутары, пісаў вершы, п’есы-батлейкі, казкі для дзяцей і дарослых, якія ўражваюць чытачоў сваёй чысцінёй і шчырай наіўнасцю. Пакуль былі сілы ён нават арганізоўваў “сляпыя экскурсіі” для беларусаў па старажытнай сталіцы ВКЛ. 

 

У 2011 годзе выйшла кніга казак Сяржука Вітушкі “Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!”. Радыё “Рацыя” выдала кампакт-дыск на яе аснове. Прэзентацыя гэтага дыску ў Менску стала апошняй імпрэзай з ягоным удзелам. 

 

Сябры кажуць, да апошняга Сяргей ня траціў светлыні духу і гумару. Яму было толькі 47… 

 

Паводле запавету пахаваюць Сяргея Вітушку на радзіме продкаў — у вёсцы Рагава, што ў Менскім раёне.

Болей навін