Бясплатная адукацыя: з сябра БХД спаганяюць 30 млн рублёў
Белдзяржуніверсітэт спаганяе грошы за навучанне з выпускніка, які паступіў у магістратуру ЕГУ.
19 ліпеня у Мінскім гарадскім судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі былога студэнта гістарычнага факультэта БДУ, сябра БХД Алеся Шамякіна. Суд прыняў бок Белдзяржуніверсітэта і пастанавіў спагнаць на карысць дзяржавы сродкі за навучанне, больш за 30 мільёнаў рублёў.
Алесь Шамякін збіраецца пісаць наглядную скаргу. У 2009 годзе мінчук Алесь Шамякін скончыў гістфак БДУ. Вучыўся ён добра, у яго залікоўцы багата «дзявятак» і «васьмёрак». А дыплом на тэму «Лібералізм у сучаснай Расіі» абараніў на «10».
Атрымаўшы сертыфікат аб вышэйшай адукацыі, як «бюджэтнік» ён мусіў ці адпрацаваць два гады па размеркаванні, ці паступаць у магістратуру, ці сплаціць грошы за ўсе 5 год навучання.
Малады гісторык-палітолаг падаў дакументы ў магістратуру Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні на спецыяльнасць «Дэмакратыя і грамадзянская супольнасць». Летам шчаслівы выпускнік уладкоўваў неабходныя фармальнасці па далейшай вучобе. Заставалася адно падпісаць заяву ў дэканаце.
Калі ж на пачатку верасня хлопец прыйшоў да дэкана гістфака Сяргея Ходзіна, то пачуў літаральна наступнае: «Там, дзе ёсць назва ЕГУ, я свой подпіс не пастаўлю. Яны для нас «іншапланетнікі».
Азадачаны словамі дэкана, Алесь Шамякін падаўся ў аддзел кадраў БДУ. Там на яго здзіўлена паглядзелі і паказалі стос заяваў на навучанне ў замежных магістратурах, падпісаных іншымі дэканамі. Аднак дазволу сабе ён так і не здабыў.
Алесь абіваў парогі «альма матэр» некалькі дзён. Не атрымаўшы жаданага подпіса, хлопец зарэгістраваў заяву ў канцылярыі ўніверсітэта і з’ехаў на вучобу ў Вільню.
Праз некалькі месяцаў Шамякін атрымаў ліст з БДУ з патрабаваннем сплаціць 30 мільёнаў рублёў за вучобу ва ўніверсітэце.
Мы запыталі ў дэкана гістарычнага факультэта Сяргея Ходзіна, чаму ён не падпісаў заявы былога студэнта. «Я як дэкан у дадзеным выпадку не маю паўнамоцтваў падпісваць нейкія адтэрміноўкі…Я ўжо дзесяць гадоў як дэкан і добра ведаю свае правы», — сказаў Ходзін.
Пры гэтым, ён не адмаўляе, што, калі б у заяве Шамякіна значыўся не ЕГУ, а іншая навучальная ўстанова, ён паставіў бы свой подпіс.
Па словах Ходзіна, сапраўдны патрыёт павінен адпрацаваць па размеркаванні.
Дэкан прывёў уласны прыклад: «Я вось таксама адпрацаваў у вёсцы тры гады… З радасцю ўзгадваю той час. Потым я паступіў у аспірантуру, вучыўся. Дзякуй боку, дэкан факультэта». Калі ж студэнт з’едзе за мяжу, кажа Ходзін, то хто парупіцца пра «падаткаплатнікаў, якія не з вельмі вялікіх заробкаў плацілі падаткі, каб ты атрымліваў у гэтай краіне адукацыю»?
У адпаведнасці з «Палажэннем аб пакрыцці сродкаў у рэспубліканскі і (або) мясцовы бюджэты, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку рабочага (служачага), спецыяліста»,
маладыя спецыялісты вызваляюцца ад пакрыцця затрачаных сродкаў у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты ў выпадку, калі яны з’яўляюцца асобамі, залічанымі ў год заканчэння вышэйшай навучальнай установы на навучанне ў магістратуру».
[Заўвага: на сённяшні дзень гэтае Палажэнне страціла моц, але на момант падачы позвы БДУ яно дзейнічала – НН].
«Я стаў студэнтам магістратуры ЕГУ у 2009 годзе, то бок у год заканчэння БДУ. Значыць, вызваляюся паводле закона ад спагнання грошай за навучанне», – кажа Алесь Шамякін.
Былы студэнт бачыць «палітычную» прычыну такога рашэння суда:
«ЕГУ успрымаецца беларускімі ўладамі як «варожы» асяродак. Тыя студэнты, якія пасля БДУ паступаюць у магістратуру ў іншыя ўніверсітэты Еўропы, не праходзяць размеркаванне і іх не цягаюць па судах».