Дзяніс Садоўскі vs Юрась Губарэвіч: дзьве тактыкі апазыцыі ў пачатку выбарчай кампаніі
У краіне ідзе збор подпісаў у падтрымку кандыдатаў у дэпутаты. Якой тактыкі трэба прытрымлівацца апазыцыі? Якіх мэтаў яна імкнецца дасягнуць? Якія настроі ў грамадзтве? Удзельнікі: адказны сакратар незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі і намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
Якая тактыка апазыцыі лепшая?
Валер Карбалевіч: «Дасюль спрэчкі наконт тактыкі апазыцыі падчас выбарчай кампаніі былі тэарэтычнымі. І вось кампанія пачалася. Што яна высьвеціла? Магчыма, яна дала падставу, каб падкарэктаваць тактыку? Што робяць прыхільнікі розных тактык, каб пераканаць электарат?»
Дзяніс Садоўскі: «Пачатак кампаніі пацьвердзіў, што наша стратэгія і тактыка слушная. Бо выбараў у Беларусі няма. Гэта пацьвердзіла практыка фармаваньня акруговых выбарчых камісій».
Карбалевіч: «Наконт таго, што выбараў няма, спрэчка не вядзецца. З гэтым згодныя ў апазыцыі ўсе. Спрэчка ідзе пра тое, якая тактыка больш эфэктыўная. У прыватнасьці, дыскусія ідзе пра тое, чаго можна дасягнуць тактыкай байкоту».
Садоўскі: «Галоўная мэта кампаніі байкоту — гэта дэлегітымізацыя выбараў. Наша задача ў тым, каб на ўчасткі для галасаваньня прыйшло менш за 50% электарату.
Асноўная частка кампаніі байкоту пераносіцца на агітацыйны пэрыяд, калі пытаньне пра ўдзел у выбарах стане больш актуальным для людзей. Тады мы плянуем выкарыстоўваць і папяровую агітацыйную прадукцыю, і пікеты, і сустрэчы зь людзьмі. Цяпер у нас падрыхтоўчы этап. Мы зрабілі некалькі відэаролікаў з заклікам да байкоту. Заўтра будзе запушчаны першы зь іх. Мы вылучаем нашых прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, у назіральнікі».
Юрась Губарэвіч: «Наша тактыка палягае ў тым, што трэба выкарыстаць любую магчымасьць дзеля камунікацыі з грамадзтвам. Лідэр нашага руху Аляксандар Мілінкевіч балятуецца ў менскай выбарчай акрузе, ва Ўруччы. У адрозьненьне ад прыхільнікаў байкоту, якія яшчэ толькі рыхтуюцца, мы ўжо цяпер актыўна кантактуем з выбарцамі, нашы актывісты ходзяць па кватэрах, стаяць у пікетах.
Настроі грамадзтва вельмі зьмяніліся ў параўнаньні нават з кампаніяй 2010 году. Людзі стаміліся ад „стабільнасьці“, слова „перамены“ — ключавое слова. Мы кажам людзям, што маем праграму перамен і людзей, якія здольныя іх ажыцьцявіць, калі атрымаюць уладу».
Карбалевіч: «Праблема ў тым, што шмат людзей зьвязваюць магчымасьць перамен якраз з выбарамі. Яны думаюць, што з дапамогай выбараў можна зьмяніць сытуацыю ў краіне. Удзельнічаючы ў выбарах, вы гэтую ілюзію замацоўваеце».
Губарэвіч: «Не. Мы ня кажам, што маем справядлівыя выбары. Тым ня менш мы павінны гэтага дамагацца праз усе мэханізмы. Праз вылучэньне нашых прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, праз назіральнікаў. Адстойваць галасы выбарцаў — гэта важная задача апазыцыі.
Але якія шляхі да пераменаў? Нядаўна ў асяродзьдзі апазыцыі быў вельмі папулярны варыянт Плошчы. Але досьвед 2010 году сьведчыць, што без шырокай грамадзкай падтрымкі Плошча, арганізаваная толькі сіламі актывістаў апазыцыі і вузкага кола іх прыхільнікаў, не прыводзіць да пераменаў. Яна можа прывесьці толькі да пагаршэньня сытуацыі. Мы бачым сваю задачу ў тым, каб атрымаць электаральную большасьць у сваю падтрымку».
Настроі грамадзтва
Карбалевіч: «Любая тактыка дасьць эфэкт, калі будзе абапірацца на дамінуючыя грамадзкія настроі. А якія яны?»
Дзяніс Садоўскі: «Людзі стаміліся ад цяперашняга маразму і гатовыя нас падтрымаць. Сотні людзей толькі ў Менску, якія раней не былі ў апазыцыі, далучыліся да кампаніі байкоту».
Губарэвіч: «Цікаўнасьць людзей да кожнай наступнай выбарчай кампаніі зьніжаецца. І тут важна адзначыць, што ня толькі ўлады сваімі паводзінамі дэманструюць, што выбары ў нас нічога не вырашаюць. І частка апазыцыі ва ўнісон з уладамі кажа, што ад вашага голасу нічога не залежыць, таму ня варта хадзіць на выбары.
Байкот — гэта самы просты спосаб, на які можна „купіць“ частку грамадзтва. Але гэта не вырашае праблемаў. Гэта кансэрвацыя пасіўнай пазыцыі чаканьня. Гэта ўпэўнівае людзей, што ў Беларусі немагчымыя зьмены».
Садоўскі: «Тады чаму адносна актывістаў кампаніі байкоту ладзіцца найбольш рэпрэсіяў? Былі арышты, затрыманьні, канфіскацыі. Калі ж зьмены адбудуцца паводле вашай стратэгіі?
Губарэвіч: «Зьмены адбудуцца тады, калі іх падтрымае большасьць беларускага грамадзтва. Каб гэтага дасягнуць, у апазыцыі павінны быць моцныя кандыдаты».
Садоўскі: «Дык галасы ж ня лічаць».
Губарэвіч: «Падтрымка і падлік галасоў — гэта розныя рэчы. Праблема ў тым, што сёньня апазыцыя мае падтрымку ня больш як 20% насельніцтва. Калі нас падтрымае большасьць, то гэтую падтрымку пасьля можна будзе канвэртаваць у перамены».
Садоўскі: «Вынікам усіх папярэдніх удзелаў апазыцыі ў недэмакратычных выбарах было тое, што электаральная падтрымка ўладаў павялічвалася. Таму трэба вучыцца на памылках».
Губарэвіч: «Электаральная падтрымка ўладаў падчас выбараў павялічваецца не таму, што ў іх удзельнічае апазыцыя. А таму, што перад выбарамі ўлады павышаюць заробкі, пэнсіі, даюць іншыя ільготы».
Садоўскі: «Людзі, якія будуць галасаваць за Мілінкевіча, вераць, што такім чынам яны садзейнічаюць пераменам. І пасьля выбараў яны даведваюцца, што перамог іншы кандыдат. І яны думаюць, што Мілінкевіч сапраўды прайграў. І прыходзяць да высновы, што прыхільнікаў перамен меншасьць».
Губарэвіч: «Атрымаць падтрымку большасьці — гэта толькі палова шляху да перамен. Другі крок — давесьці да людзей інфармацыю, што выбары фальсыфікуюцца. Але людзі павераць у фальсыфікацыі тады, калі ў апазыцыі будуць моцныя і папулярныя кандыдаты. Няправільна лічыць, што людзі апрыёры прагаласуюць за апазыцыянэра. Для гэтага патрэбна актыўная праца з электаратам. У кожную выбарчую кампанію даводзіцца пачынаць ледзь не з нуля. Бо ў міжвыбарчы пэрыяд апазыцыя ня мае доступу да насельніцтва. Мы маем толькі гэтыя паўтара-два месяцы, каб шчыльна папрацаваць зь людзьмі».
Ці ёсьць у апазыцыі стратэгія?
Карбалевіч: «Сацыялягічныя апытаньні НІСЭПД у чэрвені паказалі, што звыш 50% насельніцтва гатовыя прыйсьці на выбары. Досьвед кажа, што па меры набліжэньня да выбараў, уключэньня адміністратыўнага рэсурсу гэтая лічба павялічыцца. Але нават калі сапраўды на выбары прыйдзе менш за 50%, то Ярмошына ўсё роўна абвесьціць, што ў выбарах удзельнічала 60—70—80%. І ў каго больш магчымасьцяў, каб пераканаць насельніцтва ў сваёй праўдзе?»
Садоўскі: «Мы імкнёмся да таго, каб пасьля выбараў зьменшылася колькасьць людзей, якія падтрымліваюць уладу. Мы ня проста тлумачым людзям, што ў нас няма свабоды, няма выбараў, а заклікаем іх зрабіць канкрэтнае дзеяньне: не хадзіць на выбары. Гэта ўжо грамадзкі ўчынак, гэта крок у наш бок».
Карбалевіч: «Абывацель можа задаць пытаньне: байкот — гэта добра, а што далей? Рэжым ад гэтага абваліцца? Ці ёсьць у вас плян, што рабіць далей, стратэгія перамогі?»
Садоўскі: «Ні стратэгія байкоту, ні стратэгія ўдзелу не вядуць у 2012 годзе да пераменаў. Гэта важны падрыхтоўчы этап да прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году, падчас якой і будзе вырашацца лёс краіны».
Карбалевіч: «Сп. Губарэвіч, вам тое ж пытаньне. Уявім, што на той акрузе, дзе балятуецца Мілінкевіч, вам удасца пераканаць большасьць: у апазыцыі ёсьць праграма і людзі, якія гатовыя яе ажыцьцявіць. І што з гэтым рабіць? Ці ёсьць у вас плян, як канвэртаваць, як вы кажаце, гэтую падтрымку ў рэальныя перамены?»
Губарэвіч: «Часам дастаткова маленькага штуршка, каб грамадзтва паверыла ў магчымасьць перамен і заварушылася. Гэта бачна на прыкладзе суседніх краін».