Марына Хоміч: кардонныя выбары

04 жніўня 2012 16:54  |  Галоўныя навіны

Не магу не падзяліцца ўражаннямі, якія перапаўняюць. Нядаўна Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і я асабіста распачалі пікеты за Байкот. У першы дзень спрабавала перашкодзіць міліцыя, але неяк адбіліся. Мінакі ахвотна ставілі подпісы ў падтрымку палітвязняў. Пара чалавек сталага ўзросту спрабавала пераконваць, што лепш чым цяпер ім жыць не будзе, таму яны пойдуць на выбары. Большасць жа – згаджаліся з тым, што выбараў няма і галасаваць бессэнсоўна.

 

На другі дзень на тую ж пляцоўку перад Камароўскім рынкам прыйшлі хадакі на «выбары» ад Някляева. Арэна была відовішчнай: мы, з лозунгамі “не хадзі на выбары – падмануць”, а з правага боку ад нас акцёры п’есы пад назвай “Выбары” імкнуліся “ГАВАРЫць праўду” на чале з кардонным Някляевым (так менавіта кардонным, бо самому Някляеву забаранілі агітацыю, спасылаючыся на яго ўмоўную судзімасць), агітуючы за сваіх кандыдатаў у палатку. Праўда, Някляеў ўсё ж выступіў праз скайп з прамовай аб тым, якія выдатныя будуць палатачнікі з вылучэнцаў ад ГП.

 

Думаецца, галоўны рэжысёр Ярмошына ўжо “пацірае рукі”, а Някляеў, разам з іншымі “апазіцыянерамі”, якія балатуюцца ў “рэжым”, стараецца распавесці сваю “кардонную праўду”, якая складаецца з анталогіі фантастычных казак аб тым, які выдатны і справядлівы парламент атрымаецца пасля іх уваходу ў яго. І смешна, і горка, і балюча …

 

… Цікава толькі, што думаюць пра гэта апалітычныя людзі, мінакі, звычайныя грамадзяне Беларусі, назіраючы за намі: ўладамі, апазіцыянерамі, палітыкамі?

 

Відавочна, што людзі ўжо зараз, нібы загнаныя ў кут, не вераць нікому і не бачаць будучыні ні ў Лукашэнку, ні ў апазіцыі … Але, спадары, зараз менавіта той час, як гаворыцца, час раскідваць камяні. Падчас падрыхтоўкі дыктатарам & Ко пачварнага і ўжо нікому не цікавага фарсу пад прыгожым дэмакратычным назвай “Выбары”, нам выпаў унікальны шанец паказаць беларусам, хто мы ёсць, даць упэўненасць у тым, што будучыня ў народа ёсць і трэба толькі змагацца разам з намі. Змагацца ўсім, хто як можа!

 

І першым крокам для кожнага – гэта проста не пайсці галасаваць, даць Ярмошынай сваю пастаноўку тэатра аднаго акцёра, яе асабіста. Сказаць сабе: хопіць гульняў з дыктатарам! Ганьба псеўдаапазіцыі, якая агітуе за сваіх кандыдатаў! Не будзем легітымізаваць Лукашэнку! Я больш не баюся!

 

І гэта нядрэнна, што ў апазіцыі розныя стратэгіі на гэтыя “выбары”, бо ўсё так складна становіцца на свае месцы: хто з апазіцыі імкнецца дамагчыся свабоды і светлай будучыні для Беларусі, хто з “дэмакратычных сіл” працуе пад пільным кантролем КДБ, а хто яшчэ проста неяк па-дзіцячы не нагуляўся ў “лічылкі” з Ярмошынай і ўва што б там не стала хоча-такі стаць “сапраўдным” палітыкам, патрапіць нарэшце ў «палатку». Ну што ж, поспехаў вам! Лукашэнкаўска-ярмошынскіх натхненняў! Але не забывайце, што хутка прыйдзе час збіраць раскіданыя вамі камяні.

 

А цяпер, спадары, маскі скінутыя …

 

Хоміч Марына, старшыня Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў, сябра БХД

Болей навін