Беларуская глыбіня. Тайс

13 жніўня 2012 11:34  |  Жывая кніга Паўла Севярынца

Так, Госпадзе! Ты ведаеш,
што я люблю Цябе. Ісус кажа яму:
пасві авечак маіх.
Евангелле паводле Яна 21:15

 

Адказ сталінскаму калгасу тут, у Купліне, знянацку ўсплывае ў колішняй савецкай святыні — сярод казармаў вайсковага гарадка ды на полі, зрытым бункерамі і акопамі па абодва бакі колішняга КПП. Заязджаеш праз разбураную браму з пустым месцам ад чырвонай пентаграмы — і зямля пачынае калыхацца пяшчотна-шэрымі пухнатымі чародамі авечак. Мірнае бляянне. Эпічна. Па-біблейску.

 

В’етнамскія свінні неўразумела глядзяць на мінакоў праз дрот электрапастуха і раптам, з рохканнем важака, усім табарам кідаюцца наўцёкі ды рассыпаюцца па пагорках.

 

Гняды конь паважна падыходзіць да агароджы, дабрадушна чмыхае табе ў твар і ўсёй пысай шукае, ці не хаваеш ты ад яго чагосьці смачненькага.

 

Усё дыхае цеплынёй і свойскасцю, усё па-хатняму дагледжана… і проста прыгожа.

 

Хто гаспадар?

 

А, фермер тут адзін. Беларус? Ага. Нярускі.

 

Бачыў у Беларусі ўсялякіх фермераў: полацкага бедалагу, які ледзь ліпеў на дваццаці гектарах пяску (адмыслова выдзеленых яму сельсаветам, каб ведаў сваё месца); аматара «Анастасіі» ды жыцця ў гармоніі з прыродай з Шаркаўшчыны, які туліўся з малочным статкам на паўсотні гектарах; пляменніка палаткавай дэпутаткі з-пад Нясвіжа, якому цётка «прабівала» дапамогу з навакольных калгасаў і які, вядома, сцвярджаў, што «фермерства ў нас падтрымліваецца»… Але з гаспадаром такога кшталту, самастойным і паспяховым сямейным вернікам (на якіх калісьці і трымалася Беларусь) — упершыню давялося пазнаёміцца менавіта тут.

 

І гэта — афрыканец Тайс.

 

Матайс Уолес Тэрон, якога ўсё наваколле ведае як Тайса, — бур, родам з Намібіі.

 

У 1994 інжынер-хімік прыняў Хрыста і паехаў з місіяй «у Расію», былы СССР, дзе толькі вось рухнуў камунізм, — а трапіў сюды, у колішні вайсковы гарадок у Беларусі.

 

Сустрэўся з братамі-евангелістамі з Кобрына і заняўся справай продкаў — белых афрыканскіх фермераў: пачаў разводзіць авечак.

 

Тайс высокі, крыху смуглы, вусаты і добразычлівы. Вельмі просты. Бярэ на працу «хімікаў» ды мясцовых рабочых. Часам, запрошаны на набажэнствы да пратэстантаў у навакольных гарадках ды мястэчках, сведчыць пра сваё жыццё ў Богу.

 

Пасля таго, як на найвышэйшай нарадзе ў Мінску было пастаноўлена займацца авечкагадоўляй, да мяне пасыпаліся званкі. Падкажы, там у вас побач ёсць такі… Беларускі народ, ад менеджэраў да ветэрынараў, азадачаны тым, што следам за «А» цяпер хорам загадана казаць «Бэ-э-э», палез у сеціва, а там на запыт «авечкі Беларусь» Гугл, вядома, выдаў дзіва нумар адзін — фермера Тайса з Пружанскага раёна, які збывае бараніну на Камароўку.

 

Жонка Тайса Антанэт, дыпламаваны псіхолаг, трымае кавярні: дзве «Афрыкі» ў цэнтры Пружанаў — цяпер улюбёнае месца адпачынку моладзі і сем’яў.

 

Меню — без алкаголю. У нас не паляць. У нядзелі зачынена: сёмы дзень — Госпаду. Светла: акрамя шкла ды пластыку — дрэва і саломка. Агромністы выкапнёвы пазванок з кранальным папярэджаннем: «Косць маманта. Рукамі не чапаць». Сапраўдныя страўсавыя яйкі ў плеценым кошыку. Іголкі дзікабраза. Савана. Сафары. Чорныя чалавечкі, што танчаць на шкле, свяцільніках ды выцінанках… Чыста і ўтульна. Дзяўчына-прадаўшчыца прыязна адгукаецца і пераходзіць на беларускую мову.

 

Госпадзе… Што тут скажаш?.. Хрысціянства — яно і ў Афрыцы хрысціянства. Беларусь — яна і ў «Афрыцы» Беларусь!

 

Дзеці Тайса і Антанэт, хлопчыкі шаснаццаці і чатырнаццаці гадоў ды дзяўчынка адзінаццаці, дапамагаюць пасвіць і ўпраўляцца па гаспадарцы.

 

Жвавыя, адкрытыя, з прыгожымі карымі вачыма, размаўляюць на роднай мове афрыкаанс, па-расійску і па-ангельску.

 

Тайс не хоча аддаваць дзяцей у школу, дзе вучаць, што чалавек пайшоў не ад Бога, а ад малпы. Навучанне — прыватнае.

 

Тайс. Жонка. Дзеці. Авечкі. Проста любуешся. Біблейскі Давід да таго як стаць вайскаводцам і царом, пасвіў авечак — жывёлаў надзвычай чыстых: нават трапіўшы ў бруд, яны старанна мыюцца. Урэшце, Сам Ісус у Евангеллі — і ахвярнае і пакорлівае Ягня, і добры Пастыр, што пакладае жыццё за авечак…

 

Тайсы вельмі простыя. Іх адразу адрозніш — і найперш не па мове ці колеру скуры. Хаця становішча з «відам на жыхарства» надзвычай хісткае — у іх няма страху. Упэўненыя. Глядзяць у вочы — ясна, цікаўна. Працуюць. У самы ўтульны дамашні час моляцца і чытаюць Біблію.

 

Так беларусы рабілі і ў Полацкім княстве, і ў ВКЛ, і ў Рэчы Паспалітай, і пад Расіяй. Большасць беларускіх герояў Новага часу выйшла з сем’яў вернікаў, якія гаспадарылі на зямлі. А цяпер?..

 

Няўжо мы забыліся?..

 

Няўжо ў нас развялося столькі ваўкоў, што Госпад пасылае малы авечы статак нам на сорам?

 

Няўжо на беларускай зямлі распладзілася столькі Каінаў, што ажно з Паўднёвай Афрыкі спатрэбіўся брат-пастух Авель?..

 

Пакуль беларусы, сцяўшы зубы, надсілу дратуюць бедную зямлю ў калгасах дзеля жабрацкага заробку, фермер-бур паволі пашыраецца, мае плён і дае працу іншым.

 

І калі разумееш, што просты і ўсмешлівы Тайс нікога не збіраецца вучыць жыць, — усё робіцца ясна.

 

Беларусы, мілыя!

 

Ну калі да нас не даходзіць, ну хоць з цікаўнасці, хоць дзеля афрыканскай экзотыкі — паглядзіце…

Чалавек з краю свету выкліканы сюды засведчыць нам, загрузлым у сваіх балотах, усёведным і хітрамудрым — Той, Хто пасвіў нас як народ тысячу гадоў, аднойчы збярэ ўсіх, аддзеліць адных ад другіх, паставіць авечак па правую руку, а казлоў па левую, аддасць кожнаму па справах ягоных, і мы, хто з жахам, а хто з захапленнем, нарэшце пазнаем нашага беларускага Правадыра і нашага беларускага Пастыра.

Болей навін