Таісія Кабанчук: Навошта быць гледачамі, якія нават апладыруюць па падказцы?
Каардынатар групы па рэгістрацыі партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” па Магілёўскай вобласці Таісія Кабанчук лічыць, што ў апазіцыі няма шанцаў патрапіць у парламент.
З асабістай справы
Таісія Кабанчук нарадзілася ў 1954 годзе, адукацая – сярэдняя спецыяльная, прафесія – бібліятэкар. У цяперашні час на пенсіі. Мае двух сыноў і трох унукаў.
– Я прыйшла ў палітыку дзякуючы сыну, – распавядае Таісія Карпаўна. – Ён быў асуджаны за ўдзел у адной з вулічных акцый. І быў адным з першых, хто атрымаў статус палітвязня. Я пазнаёмілася з яго таварышамі і аднадумцамі з “Маладога фронту” (зарэгістраваны ў Чэхіі). Стала хадзіць на розныя мерапрыемствы ў офіс Партыі БНФ, дзе ў той час збіралася, на мой погляд, палітычная і культурная эліта нашага грамадства. Дапамога гэтых людзей і іх удзел у лёсе сына вызначылі мой выбар. Неяк непрыкметна змяніўся мой погляд на многія працэсы, якія адбываюцца ў краіне. Я зразумела, што дэкларуемае уладай стаўленне да людзей адрозніваецца ад рэальнага.
– Па логіцы, вы маглі б уступіць у Партыю БНФ, але зараз прадстащляеце інтарэсы стваранай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” …
– Спачатку для мяне было важна проста быць у апазіцыі. Затым уступіла ў Сацыял-дэмакратычную партыю, але ў 2006 годзе пасля арышту Аляксандра Казуліна мяне перастала задавальняць пазіцыя Анатоля Ляўковіча, які раптам абвясціў сябе лідэрам партыі і, што самае ганебнае, заняў згодніцкую пазіцыю па дачыненні да дзейнай улады. І я вырашыла, што ў сітуацыі, якая склалася лепш перастаць быць сябрам партыі, якая здрадзіла свайму лідэру. Ведала, што моладзь прадпрымала спробы стварыць Беларускую хрысціянскую дэмакратычную партыю. Атрымалася нават правесці ўстаноўчы сход, але партыю так і не зарэгістраваў Мінюст. Хрысціянскімі каштоўнасцямі кіраваліся мае дзяды, якія загінулі ў сталінскіх лагерах. Бацькі выхавалі ўва мне пачуццё свабоды і справядлівасці, любоў да Бога. Я захаплялася Паўлам Севярынцам. І таму зрабіла канчатковы партыйны выбар. Цяпер каардыную дзейнасць групы па рэгістрацыі БХД па Магілёўскай вобласці.
– Наколькі я ведаю, некалькі гадоў назад вы ўжо ўдзельнічалі ў парламенцкіх выбарах. Падзяліцеся ўражаннямі.
– У 2008 годзе я была зарэгістраваная і прэтэндавала прайсці ў Палату прадстаўнікоў як беспартыйны кандыдат. Але я лічу, што ў парламент трапляюць па ўзгадненні – ад меркавання тых, хто прагаласаваў, на жаль, мала што залежыць.
– Думаеце, на гэтых выбарах у апазіцыі таксама няма шанцаў патрапіць у Палату прадстаўнікоў?
– На жаль, шанцаў няма. На мой погляд, цяперашнія парламенцкія выбары пройдуць і скончацца гэтак жа, як і ўсе папярэднія. Свабодных і сумленных выбараў у нас няма. Замест іх – спектакль з загадзя раздадзенымі ролямі і замоўленым фіналам. Агучаныя уладай лічбы па якасным складзе парламента ўжо сведчаць аб тым, што вынікі вызначаны, фінал вядомы, засталося толькі заклікаць гледачоў у залу. Выкарыстоўваючы сілавы ціск, правядуць датэрміновае галасаванне і атрымаюць патрэбныя адсоткі. А ў жыцці выбаршчыкаў у чарговы раз не здарыцца ніякіх пераменаў.
– І што вы прапануеце ў такой сітуацыі?
– Ігнараваць выбары, каб не быць датычным да гэтай хлусні. Са свайго боку мы будзем рабіць усё магчымае, каб данесці бесстароннюю інфармацыю аб так званых выбарах да як мага большай колькасці выбаршчыкаў. Бо прызначаны парламент не змяніў наша жыццё да лепшага, маўклівае згодніцтва дэпутатаў, якія будуць дэманстравацца на пленарных пасяджэннях, зручна і даспадобы толькі ўлады. І чарговыя “народныя абраннікі” будуць дзейнічаць па ўказцы зверху. Дык навошта марнаваць час і быць гледачамі, якія нават апладыруюць па падказцы? ..