Абмеркаванне праграмы БХД. Дзяржаўны лад і выбары
Вашай увазе прапаноўваюцца праекты раздзелаў абноўленай праграмы БХД, якая будзе прымацца на наступным з’ездзе партыі. Над праграмай працуе група экспертаў, якая рыхтуе праект праграмы. Пасля завяршэння стварэння праекта праграмы, яна пройдзе знешнюю экспертную ацэнку і будзе разглядацца на Нацыянальнай Радзе. Пакуль ідзе падрыхтоўка раздзелаў, у сябраў партыі ёсць магчымасць выказаць свае прапановы і заўвагі ў каментарах.
1. Асноўныя прынцыпы
Беларусь павінна быць незалежнай нацыянальнай і дэмакратычнай дзяржавай. Па дзяржаўнаму ўладкаванню Беларусь мусіць заставацца ўнітарнай дзяржавай.
Галоўным прынцыпам у вызначэнні кіруючых асоб усіх узроўняў будзе выбарнасць. У грамадска-палітычным жыцці БХД спавядае асноватворны прынцып размеркавання адказнасці і паўнамоцтваў, прынцып субсідыярнасці. Так, рашэнні павінны прымацца на тым узроўні, на якім яны найбольш эфэктыўна выконваюцца. Мы выступаем за абмежаванне паўнамоцтваў дзяржавы, за кампактны ўрад і моцнае мясцовае самакіраванне.
2. Арганізацыя рэспубліканскай улады
Найбольш прымальнай формай дзяржаўнага ладу для Беларусі з’яўляецца змешаная прэзідэнцка-парламенцкая рэспубліка. Уладныя паўнамоцтвы павінны быць размеркаваны паміж галінамі ўлады такім чынам, каб адна галіна кантралявала другую і паміж імі быў баланс. Мы зыходзім з пазіцыі, што ў Беларусі павінна паўстаць такая сістэма, каб больш ніколі ў гісторыі не ўзнікла дыктатура на нашай зямлі, уся паўната дзяржаўнай улады ня можа быць засяроджана ў адных руках.
Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і кіраўніком выканаўчай улады, абіраецца ўсенародным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў і не больш чым на 2 тэрміны. Прэзідэнт вызначае знешнюю палітыку, валодае пытаннямі знешняй абароны, сілавых структур, з’яўляецца гарантам Канстытуцыі. Прэзідэнту належаць прадстаўнічыя функцыі, а менавіта прадстаўніцтва Беларусі на міжнароднай арэне і акрэдытацыя дыпламатычных місіяў. Прэзідэнт можа старшынстваваць на паседжаннях ураду. Прэзідэнт падпісвае законапраекты, якія становяцца законамі пасля яго подпісу. Прэзідэнт можа накласці вета на законапраект, але Сойм і Сенат могуць пераадоліць вета Прэзідэнта 2/3 галасоў. Прэзідэнт валодае правам заканадаўчай ініцыятывы. Прэзідэнт уносіць кандыдатуры суддзяў вышэйшых судовых інстанцыяў, вышэйшых вайсковых камандзіраў і іншых вышэйшых дзяржаўных службоўцаў для зацвярджэння іх Сенатам Рэспублікі.
Прэм’ер-міністр узначальвае ўрад. Прэм’ер-міністр вызначае са згоды Сойма палітыку па сацыяльна-эканамічным і ўнутрыпалітычным пытанням. Кандыдатуру Прэм’ер-міністра прапаноўвае на зацвярджэнне Сойму Прэзідэнт. Вызначэнне прэм’ер-міністра і фармаванне ўрада залежыць ад растаноўкі палітычных сіл у Сойме. Прэм’ер-міністр прызначае міністраў і падае спіс на абавязковае зацвярджэнне Прэзідэнту. Урад у сваёй дзейнасці падсправаздачны Прэзідэнту і Сойму.
Мы лічым мэтазгодным, каб Парламент Беларусі складаўся з дзвюх палат: ніжняй палаты – Сойма і верхняй палаты – Сената.
Сойм абіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 4 гады па прапарцыйнай выбарчай сістэме. Для праходжання ў Сойм будзе ўведзены 4% электаральны бар’ер, каб забяспечыць стабільнасць палітычнага прадстаўніцтва. Колькасць дэпутатаў Сойма павінна складаць 200 дэпутатаў. Найважнымі функцыямі Сойма павінны стаць прыняцце законаў, вызначэнне Прэм’ер-міністра, зыходзячы з палітычнай растаноўкі сіл у Сойме, кантроль за ўрадам.
Сенат будзе складацца з 42 дэпутатаў: па 2 сенатара ад кожнага павета, якія будуць абірацца на прамых выбарах насельніцтвам павета на 4 гады. Гэты інстытут палітычнай сістэмы дазволіць паветам прымаць удзел у вызначэнні дзяржаўнай палітыкі і ажыццяўленні дзяржаўнай улады на рэспубліканскім узроўні. Усе рэспубліканскія законапраекты павінны прайсці адабрэнне ў Сенаце, каб стаць законамі. Тым самым, будуць забяспечаны інтарэсы паветаў. Сенат будзе зацвярджаць на пасадах суддзяў вышэйшых судовых інстанцыяў, вышэйшых вайсковых камандзіраў і кандыдатуры на іншыя дзяржаўныя пасады.
БХД выступае за тое, каб перадаць парламенту права кантролю за спецыяльнымі службамі, сілавымі структурамі і арміяй.
3. Арганізацыя дзяржаўнай улады на павятовым узроўні
БХД лічыць неабходным перадаць у паветы істотныя ўладныя паўнамоцтвы, якія будуць падзелены паміж выканаўчай і прадстаўнічай уладамі павета.
Выканаўчая ўлада ў павеце належыць Старасце павятоваму, які абіраецца непасрэдна насельніцтвам павета тэрмінам на 4 гады. Стараста павятовы ажыццяўляе непасрэднае кіраўніцтва паветам, ён падсправаздачны павятоваму органу прадстаўнічай улады – павятовай Асамблеі.
Павятовая Асамблея – орган прадстаўнічай улады павета, які абіраецца насельніцтвам павета на прамых выбарах па мажарытарнай сістэме простай большасці тэрмінам на 4 гады. З ліку дэпутатаў абіраецца спікер Асамблеі. Павятовая Асамблея надзеленая заканадаўчай ініцыятывай, кантралюе дзейнасць адміністрацыі павятовага старасты, ўводзіць рэгіянальныя падаткі і зборы і выконвае іншыя функцыі.
4. Выбары
Свабодныя дэмакратычныя частыя выбары з’яўляюцца асноўнай формай функцыянавання дэмакратыі. БХД выступае за палітыку, якая засноўваецца на свабодным волевыяўленні грамадзян. Па сродках выбараў мусяць фармавацца кірўныя органы рэспубліканскага, павятовага і мясцовага ўзроўняў. БХД выступае за прамое абранне Прэзідэнта, Сойма, Сената, Старасты павятовага, павятовай Асамблеі, муніцыпальных Радаў і мэраў адміністрацыйных адзінак. Акрамя таго, некаторыя службовыя асобы на пявятовым і мясцовым зроўні мусяць абірацца насельніцтвам, як, напрыклад, акружныя і міравыя суддзі.
БХД выступае за ўсталяванне правілаў, па якім выбарчы працэс будзе празрыстым, дэмакратычным і канкурэнтным. Дзеля гэтага неабходна пазбавіць выканаўчую уладу кантроля за падлікам галасоў – участковыя камісіі мусяць камплектавацца з сябраў ці прыхільнікаў тых палітычных сіл ці кандыдатаў, якія ўдзельнічаюць у выбарчым працэсе. Менавіта ім павінна аддавацца перавага пры фармаванні выбарчых камісіяў. Акрамя ўласна зацікаўленых прадстаўнікоў палітычных сіл браць удзел у працы выбарчых камісіяў могуць і прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў і самавылучэнцы.
Мы лічым неабходным замацаванне даверу да інстытута выбараў і да дэмакратычна абраных органаў улады. Таму працэс падліку галасоў будзе галосным і адкрытым – усе назіральнікі змогуць свабодна сачыць за працэсам падліка галасоў і запаўненнем пратаколаў. БХД выступае за выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў у выбарчым працэсе, якія дазволяць весці маніторынг на выбарчых участках і он-лайн сачыць за выбарчым працэсам у краіне.
Волевыяўленне грамадзян мусіць быць свабодным – БХД выступае за адмену датэрніновага галасавання. Замест яго прапануецца ўвесці магчымасць галасавання на іншым выбарчым участку на аснове адмацавальнага бюлетэня. Любы ціск на выбарцаў з мэтай прымусіць галасаваць іх насуперак іх уласнай волі будзе пераследавацца і карацца па закону.
Тэхнічным арганізатарам выбараў будзе Цэнтральная выбарчая камісія, склад якой зацвярждаецца Сенатам на падставе прапановы Прэзідэнта.