Абмеркаванне праграмы БХД. Знешняя палітыка Беларусі

31 жніўня 2012 15:15  |  Абмеркаванне праграмы БХД

Вашай увазе прапаноўваюцца праекты раздзелаў абноўленай праграмы БХД, якая будзе прымацца на наступным з’ездзе партыі. Над праграмай працуе група экспертаў, якая рыхтуе праект праграмы. Пасля завяршэння стварэння праекта праграмы, яна пройдзе знешнюю экспертную ацэнку і будзе разглядацца на Нацыянальнай Радзе. Пакуль ідзе падрыхтоўка раздзелаў, у сябраў партыі ёсць магчымасць выказаць свае прапановы і заўвагі ў каментарах.

 

ЗНЕШНЯЯ ПАЛІТЫКА БЕЛАРУСІ


Галоўнай мэтай знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь мусіць быць забеспячэнне ўласных палітычных і эканамічных нацыянальных інтарэсаў на міжнароднай арэне, у міжнародных арганізацыях і ў адносінах з іншымі дзяржавамі. Выпрацоўкай знешнепалітычнай стратэгіі займаюцца: Прэзідэнт, Міністр замежных спраў, Рада нацыянальнай бяспекі і Памочнік Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. Уся практычная дзейнасць па рэалізацыі знешняй палітыкі вядзецца Міністэрствам замежных спраў.

 

Межы Беларусі з’яўляюцца недатыкальнымі. Беларусь не мае тэрытарыяльных прэтэнзіяў ні да адной краіны, мы лічым неабходным развіваць толькі добрасуседскія і партнёрскія адносіны з усімі краінамі.

 

Беларусь прытрымліваецца прынцыпаў неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў і вырашэння канфліктаў мірным шляхам. 

 

БХД выступае за па-за блокавы статус Беларусі. Гэта азначае, что Беларусь павінна выйсці з Арганізацыі дагавору аб калектыўнай бяспецы, таксама далучэнне Беларусі да Арганізацыі паўночна-атлантычнай дамовы (NATO) не ставіцца намі ў якасці мэты знешняй палітыкі.

 

БХД бачыць Беларусь як актыўнага ўдзельніка міжнароднай і рэгіянальнай інтэграцыі, якая накіравана на ўмацаванне міру, міждзяржаўнага партнёрства і эканамічнага супрацоўніцтва.

 

БХД выступае за свабоднае перасоўванне людзей і будзе дамагацца спрашчэння ці адмены візавых бар’ераў для беларусаў з развітымі краінамі свету.

 

1. Міжнароднае супрацоўніцтва

 

Беларусь з’яўляецца краінай заснавальніцай Арганізацыі аб’яднаных нацыяў і прымала самы актыўны ўдзел у яе  працы з моманту заснавання ў 1945 годзе. Мы вельмі ганарымся нашым удзелам у станаўленні і дзейнасці ААН. Глабальныя праблемы патрабуюць адпаведных рашэнняў праз супрацоўніцтва і дыялог усіх краін свету. ААН з’яўляецца адзіным глабальным форумам і займае цэнтральнае месца ў міжнародным супрацоўніцтве. Паспяховасць міжнароднай кааперацыі для вырашэння глабальных праблем залежыць ад умацавання і рэформы ААН. Мы лічым, што старая канфігурацыя сілы і размеркаванне ўплыву ў ААН, якая сягае ў часы “халоднай вайны”, страціла актуальнасць і не адпавядае сённяшняму дню. Беларусь будзе ў саюзе з іншымі дзяржавамі спрыяць рэформе ААН, каб пашырыць колькасць чальцоў Рады Бяспекі і абмежаваць “права вета” пастаянных чальцоў Рады Бяспекі. Беларусь павінна прымаць актыўны ўдзел у працы ААН і прасоўваць ідэалы гуманізму, дэмакратыі і правоў чалавека. БХД бачыць важным пашырэнне барацьбы з галечай, заснаванай на прынцыпе развіццёвага салідарызму. Беларусь мусіць спрыяць умацаванню міру і негвалтоўнага вырашэння канфліктаў ва ўсім свеце.

 

Найбольш значнай арганізацыяй, якая забяспечвае супрацоўніцтва на постсавецкай прасторы, з’яўляецца Садружнасць незалежных дзяржаў (СНД). Стварэнне СНД завершыла працэс распаду СССР, у выніку чаго Беларусь займела незалежную дзяржаву. На сённяшні дзень СНД з’яўляецца пастаяннай пляцоўкай для кіраўніцтва краін былога СССР, дзе ўзгадняюцца пазіцыі па актуальным пытанням. БХД лічыць неабходным захаваць свой удзел у працы СНД, што дазволіць Беларусі захоўваць сталыя сувязі з краінамі былога СССР.

 

БХД бачыць вялікі патэнцыял ад развіцця ідэі кааперацыі краін ЕС з краінамі Усходняга партнерства. Дадзеная форма рэгіянальнага супрацоўніцтва накіраваная на ўцягванне ў арбіту еўрапейскага ўплыву дзяржаў Усходняй Еўропы і Закаўказзя. Актыўны ўдзел і развіццё ідэі Ўсходняга партнёрства можа даць адчувальныя вынікі ў міжрэгіянальным развіцці ў палітычным, грамадзянскім і эканамічным вымярэннях.

 

Беларусь удзельніца Арганізацыі па бяспецыі і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), якая з’яўляецца найбуйнейшай у свеце рэгіянальнай арганізацыяй бяспекі. АБСЕ прапануе форум для палітычных перамоў і прыняцця рашэнняў у вобласці ранняга папярэджання, прадухілення канфліктаў, рэгулявання крызісаў і постканфліктнага аднаўлення.

Беларусь удзельніца Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) і групы Сусветнага банку (СБ) – арганізацыяў, якія стаяць сёння ў аснове сусветнай фінансавай сістэмы і аказваюць падтрымку развіццёвым краінам.  

 

2. Еўрапейскі выбар Беларусі

 

БХД разглядае Беларусь як неад’емную частку еўрапейскай цывілізацыі. Гістарычна Беларусь заўсёды была ў арэале агульнаеўрапейскіх працэсаў і мае багатую еўрапейскую гісторыю часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Таму мы бачым месца Беларусі ў сям’і еўрапейскіх народаў.

 

Еўрапейскі Саюз на сённяшні дзень з’яўляецца адным з асноўных нашых гандлёвых партнёраў, далучэнне Беларусі да еўрапейскага рынку дасць нашай прадукцыі дадатковыя магчымасці для паспяховай канкурэнцыі на еўрапейскім вельмі ёмістым рынку. Еўрапейская прамысловасць арыентуецца на высокія тэхналогіі і навукаёмістасць, што надае ёй вялізны прыярытэт у сусветным падзеле працы, таму далучэнне Беларусі да еўрапейскага рынку будзе садзейнічаць сучаснаму развіццю нашай эканомікі.

 

Разам з тым БХД разумее, што паўнавартаснае ўступленне Беларусі ў Еўрапейскі Саюз з’яўляецца аддаленай перспектывай, якая дасягаецца толькі паступовым рухам і сур’ёзнымі рэформамі. Беларусь павінна стаць на шлях еўрапейскай інтэграцыі, але БХД не разглядае ўступленне Беларусі ў Еўрапейскі Саюз як першачарговую мэту і блізкую перспектыву. Найбольш актуальным для нас з’яўляецца далучэнне да Еўрапейскай эканамічнай прасторы, якая дазволіць нам інтэгравацца ў агульны еўрапейскі рынак, але захаваць свабоду ў фіскальнай, манетарнай, бюджэтнай палітыцы і ў іншых галінах, якія рэгулююцца дэрыктывамі Брусэля для краін чальцоў ЕС. БХД разглядае ўдзел Беларусі ў Еўрапейскай эканамічнай прасторы як форму асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам з найбольш поўным захаваннем уласнага суверэнітэту.

 

Усе пытанні па супрацоўніцтву з Еўрапейскім Саюзам, якія палягаюць па-за межамі дзеяння Еўрапейскай эканамічнай прасторы, будуць вырашацца праз двухбаковыя дамовы. Беларусь прыязна ставіцца да многіх ініцыятыў еўрапейскай палітыцы і зможа прымаць удзел у іх ажыццяўленні, з’яўляючыся асацыяваным сябрам Еўрапейскага Саюзу.  

 

3. Адносіны з Расійскай Фэдэрацыяй

 

Расійская Федэрацыя з’яўляецца для Беларусі адным з ключавых і стратэгічных партнёраў. Беларусь будзе будаваць адносіны з Расійскай Федэрацыяй на ўзаемавыгаднай парнёрскай аснове, прытрымліваючыся прынцыпаў роўнасці і добрасуседства. Мы лічым, што такі інтэграцыйны праект, як Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі на сённяшні дзень дэ-факта ня дзейнічае, а таксама супярэчыць беларускім нацыянальным інтарэсам і не мае будучыні. БХД выступае за ліквідацыю гэтага інтэграцыйнага праекта. Але мы павінны захаваць усе сацыяльныя здабыткі, якія тычацца свабоднага перамяшчэння людзей, адукацыі, аказання медычных паслуг і г.д. Гэтыя магчымасці рэгулююцца адпаведнай заканадаўчай базай на аснове двухбаковых дамоў.

 

Расійская Федэрацыя з’яўляецца нашым асноўным гандлёвым партнёрам, таму Беларусь зацікаўлена ва ўсталяванні спрыяльнага гандлёвага рэжыму без “гандлёвых войнаў”. Разам з гэтым, мы лічым неабходным паменшыць эканамічную залежнасць Беларусі ад Расіі, зменшыць вялізны дызбаланс у знешнім гандлі, які прыходзіцца на Расію.

 

Пазаблокавы статус Беларусі вымушае нас спыніць удзел у Арганізацыі дагавору аб калектыўнай бяспецы (АДКБ). Ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і Расійскай Федэрацыі мусіць ажыццяўляцца з улікам нашага пазаблокавага статуса. Беларусь не будзе размяшчаць на сваёй тэрыторыі ваенныя базы іншых дзяржаў, а наяўнасць ужо існуючых расійскіх баз мусіць вырашацца шляхам двухбаковых перамоў.

 

БХД будзе цалкам спрыяць развіццю добрасуседскіх сувязяў паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй для агульнага дабра нашых народаў.

 

4. Балта-Чарнаморскае партнёрства

 

БХД лічыць неабходным і абумоўленным з эканамічных і палітычных прычын развіццё інтэграцыі дзяржаў, якія ўваходзяць у Балта-Чарнаморскі рэгіён: Беларусі, Літвы, Украіны, Малдовы, Латвіі і Эстоніі, а магчыма і ў больш шырокім кантэксце з удзелам Польшчы. Гэтыя краіны маюць цесныя гістарычныя сувязі перадусім часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Акрамя таго, прыналежнасць да аднаго геаграфічнага рэгіёну робіць гэтыя краіны натуральнымі партнёрамі ў сучасных эканамічных адносінах.

 

Балта-Чарнаморскі рэгіён знаходзіцца паміж высокатэхналагічным еўрапейскім рынкам і сыравіннымі рынкамі Расіі і Азіі, паміж заможнымі паўночнымі дзяржавамі і дынамічнымі краінамі арабскага ўсходу і Турцыяй. Гэтая асаблівасць надае перадусім актуальнасць развіццю супрацоўніцтва ў галіне шляхоў камунікацыі (дарожнай, чыгуначнай, воднай і трубаправоднай) і энэргетычных сістэм. Беларусь знаходзіцца ў цэнтры гэтага рэгіёну паміж партамі прыбалтыйскіх дзяржаў і Ўкраіны, што забяспечвае нам найбольш удалае месца ў працэсе развіцця кааперацыі ў Балта-Чарнаморскім рэгіёне.

 

5. Нашы суайчыннікі ў замежжы

 

ХХ стагоддзе было для беларускага народу трагічным часам войнаў і таталітарызму. Так склалася, што па-за межамі Беларусі засталося шмат этнічных беларусаў, якія цяпер жывуць у суседніх краінах – у Польшчы, Літве, Латвіі, Расіі і Украіне. Акрамя этнічных беларусаў у суседніх дзяржавах вялікая колькасць нашых суайчыннікаў жыве ў краінах далёкага замежжа. Вялікія дыяспары беларусаў ёсць у ЗША, Велікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі, Ізраілі, Аргентыне і ў іншых краінах. Сёння стратэгічна важнай задачай з’яўляецца аднаўленне нацыянальнай цэласнасці і еднасці, усталяванне самых цесных кантактаў з беларускім замежжам і адстойванне яго інтарэсаў. Беларуская дзяржава павінна мець выразную палітыку, накіраваную на падтрымку беларускіх дыяспар у іншых дзяржавах. Беларусы замежжа павінны мець магчымасць адчуваць сябе прыналежнымі да беларускай нацыі і развіваць сваю нацыянальную культуру, мову і традыцыі. Наяўнасць вялікай колькасці нашых суайчыннікаў у замежжы дае дадатковую магчымасць для знешняй беларускай палітыкі, у якой беларусы замежжа могуць стаць сродкам “народнай дыпламатыі” і садзейнічаць росту цікавасці да Беларусі.  БХД лічыць неабходным забяспечыць беларусам замежжа права на адукацыю і працу ў Беларусі, а таксама права на спрошчанае атрыманне беларускага грамадзянства.  

Болей навін