Абмеркаванне праграмы БХД. Прафсаюзны рух
Вашай увазе прапаноўваюцца праекты раздзелаў абноўленай праграмы БХД, якая будзе прымацца на наступным з’ездзе партыі. Над праграмай працуе група экспертаў, якая рыхтуе праект праграмы. Пасля завяршэння стварэння праекта праграмы, яна пройдзе знешнюю экспертную ацэнку і будзе разглядацца на Нацыянальнай Радзе. Пакуль ідзе падрыхтоўка раздзелаў, у сябраў партыі ёсць магчымасць выказаць свае прапановы і заўвагі ў каментарах.
ПРАФСАЮЗНЫ РУХ
БХД выступае за гарантыі правоў усіх працоўных на годную працу і асабістае жыццё. Работнікі павінны валодаць правам на арганізацыю прафесійных саюзаў на ўсіх прадпрыемствах, ва ўсіх арганізацыях і ўстановах пры любых формах уласнасці.
Вольныя і незалежныя арганізацыі работнікаў і працадаўцаў з’яўляюцца незаменнымі і раўнапраўнымі партнёрамі дзяржавы ў дасягненні сацыяльнай справядлівасці і эканамічнага развіцця краіны на агульнанацыянальным, рэгіянальным і лакальным узроўнях.
БХД, кіруючыся прынцыпам субсідыярнасці, лічыць неабходным перадаць прафсаюзам асобныя функцыі ў сацыяльным страхаванні, забеспячэнні матэрыяльных умоў жыцця работнікаў і кантролі бяспекі працы. Паўсюднае заключэнне калектыўных працоўных дамоваў павінна стаць гарантыяй абароны правоў работнікаў на прадпрыемствах усіх форм уласнасці.
БХД выступае за больш шчыльнае супрацоўніцтва з прафсаюзным рухам Беларусі дзеля забеспячэння правоў наёмных работнікаў. Гэта будзе спрыяць выкананню агульных для хрысціянскіх дэмакратаў і прафсаюзаў задач па паляпшенню эканамічнага і сацыяльнага становішча працоўных.
Паглыбленне супрацоўніцтва паміж БХД і прафсаюзамі дазволіць замацаваць прынцыпы хрысціянскай дэмакратыі ў работніцкім руху краіны.
Хрысціянскія дэмакраты выступаюць за:
* права на стварэнне прафесійных саюзаў у паведамляльным парадку без атрымання папярэдняга дазволу дзяржаўных органаў;
* ліквідацыю перашкодаў, якія могуць быць выкліканыя патрабаваннем аб юрыдычным адрасе і 10-адсоткавай мінімальнай колькасцю сябраў прафсаюза ад агульнай колькасці работнікаў прадпрыемства;
* забеспячэнне празрыстасці палажэнняў, якія рэгулююць парадак утварэння прафсаюза;
* стварэнне эфектыўнага механізму абароны ад антыпрафсаюзнай дыскрымінацыі і іншых рэпрэсіўных мераў у дачыненні да актывістаў работніцкага руху;
* узмацненне адказнасці чыноўнікаў дзяржаўных органаў і кіраўніцтва прадпрыемстваў за ўмяшанне ў дзейнасць прафсаюзаў;
* адмова ад тэрміновых працоўных кантрактаў, за выключэннем абмежаванай колькасці катэгорый работнікаў;
* лібералізацыя заканадаўства наконт выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі з мэтай рэалізацыі права арганізацый працоўных і працадаўцаў на эфектыўную арганізацыю сваёй дзейнасці;
* прывядзенне нормаў закона аб правядзенні масавых мерапрыемстваў у адпаведнасць з правам прафесійных саюзаў і арганізацый працадаўцаў адстойваць правы работнікаў;
* распрацоўку і ўкараненне сістэмы падаткавых льгот для сацыяльна адказных кампаніяў.