Беларуская глыбіня. Чаму мы такія
Піша сустаршыня БХД, палітвязень Павел Севярынец
Так кажа Госпад:
пракляты чалавек,
які спадзяецца
на чалавека,
і плоць робіць
сваёй апорай,
і сэрца якога аддаляецца ад Госпада.
Ераміі 17:5.
Да спітых, пабітых, скамечаных беларускіх твараў прызвычаіцца немагчыма.
Аніяк.
Нават сярод апошніх «хімікаў», нават сярод калгаснікаў на гэтыя зямлістыя, з мяшкамі ды падцёкамі, з вышчарбленымі і падгнілымі зубамі руіны вобразу і падабенства Божага, што тонуць у безнадзейных, балотнага колеру вачах, глядзець балюча. Ды з такімі ж гожымі, шляхетнымі прозвішчамі — той ад караля, той ад Базыля, той ад бурштыну, той ад апостальскага імя…
Глядзіш, як павольна тлее родная, стагоддзямі вылепленая прыгажосць — і халадок па скуры ад таго, што ўсярэдзіне тоіцца нешта яшчэ страшнейшае.
Бывае, і сам акунешся ў люстра — брыдка.
Беларус, як ёсць сённяшні знямоглы, напаўразбураны беларус.
Чаму вакол нас усё так кепска? — пакутліва дапытваемся мы адно аднаго. А вакол усяго толькі заканамерны вынік таго, што ў нас.
Стаўленне «хімікаў» да сваіх жа, міліцыянераў да «хімікаў», гаспадароў да рабочых, а рабочых да сваёй працы, вяскоўцаў да фермераў, а прадавачак аўталаўкі да вяскоўцаў, праваслаўных да баптыстаў, а каталікоў да праваслаўных, усё гэтае мяккае, што правальваецца, усё гэтае цвёрдае, што гнецца ды звіваецца вузламі, скоўтваеш моўчкі — паўсюль, паўсюль вылазіць яно, наша такое беларускае… з гнільцой і душком.
У гэтым сорамна прызнавацца — але трэба. Інакш — жыць нам у балоце: мокра ды цёпла, смярдзіць, ай, затое сваё, да горла ў твані, але абы хвалю не гналі.
Сябе не падманеш — сама мярзотна тхне найлепшае, якое пачынае псавацца.
Мудрая беларуская асцярожнасць у нас стухла да стану ліпкае баязлівасці; унікальная цярплівасць сцялася ў невыносную цярпімасць да зла; так шанаваная Шушкевічам руплівая ашчаднасць здрабнела да сквапнасці, а знакамітая кемлівасць вычварылася ў круцельства; глыбокая засяроджанасць ужо настолькі заглыбілася, што анічога не прасвечвае з тае беларускае душы, акрамя змрочнасці, асабліва заўважнай старонняму на тле чысценькіх вуліцаў; Боская беларуская пакорлівасць вырадзілася без веры ў павальнае халуйства, а натхнёную беларускую любоў — мілую, закаханую, неспатольную — ванітуе на кожным рагу блудам.
Народ, які спарадзіў столькі геніяльных пісьменнікаў, кампазітараў, спевакоў ды цэлыя культуры для суседзяў — адмаўляецца ад сваёй мовы.
Нашчадкі цывілізацыі ВКЛ, што дагэтуль застаецца еўрапейскай вяршыняй талеранцыі, правасвядомасці і міжмоўя, стагоддзямі кшталтаваныя Статутамі, радамі, судамі ды соймамі — абыякавыя да ўласнай дзяржаўнасці.
Нацыя, чыёй сарцавінай ёсць поўная Хрыстовых пакутаў ды самаахвярнасці гісторыя, маючы выключна хрысціянскія сімвалы і наскрозь біблейскі генетычны код, — выракаецца Бога.
Ды і ці ёсць наогул у свеце грэх, глыбейшы за беларускі?!.
Так шкада гэтай Альгердавай моцы, Скарынавай ёмістасці, Касцюшкавай цвёрдасці, багдановіцкай прыгажосці…
Але хіба тады гэтае зло не сядзела ў нас — пакуль яшчэ ціха?.. Хіба гэта нетутэйшыя манахі XVII стагоддзя да калецтва біліся кляштар на кляштар за ставы і сеткі ў спрэчных валоданнях — гэта каб, значыць, на стале рыбка была ў хрысціянскі пост!..
І вось напіваецца сённяшні забіты, забыты, ціхмяны беларус, і са скуры раптам вылазіць звер: ды такі ярасны, ды такі здзічэлы, быццам вырваўся з пекла.
Святое месца пустым не бывае. Пакліканыя стаць выбраным Божым народам у сэрцы Еўропы, мы ўнікаем ўласнага лёсу — і прападаем.
Так у нашай гісторыі скрозь: варта адступіць ад Бога, адмовіцца ад волі, пазаначваць у норы таленты, ухіліцца ва ўтульнае, рабства — і беларус уразнос ідзе да д’ябла.
І вось у краіне друкаванай Бібліі і тысячагадовага хрысціянства ўцаркоўлены вернік — усяго кожны дзясяты.
І вось народ Статута сярод усіх — у тройцы першых паводле асуджаных вязняў на душу насельніцтва.
І вось Беларусь-жыццялюбка ўжо наперадзе ў сусветнай статыстыцы самагубстваў…
— Фу, ды нашто ў гэтым корпацца! Дастала яно, вашае нашае самаедства! — псіхане беларус.
Спакойна. Проста, капаючы ў сабе яму, трэба ведаць, што шукаеш скарб.
Бо беларускае самакапанне, непазбежна глыбокае, глыбіннае, можна будзе лічыць вычарпаным толькі ў адным выпадку: калі скрозь тленную тоўшчу грэху, перагнілую волю і пяскі забыцця адрыем у труне свайго сэрца пахаваную жывую крыніцу — вобраз і падабенства Вечнага Усёмагутнага Бога.