Меркаванне. Святлана Вранава. Слава героям

03 верасня 2012 08:21  |  Грамадства

Аўторак 28.08, вечар. Я бягу дадому і паспешліва адкрываю інтэрнэт. Застаецца апошні пробліск надзеі, што, магчыма… Не. На жаль, цуду не адбылося. Дзіма сапраўды атрымаў яшчэ адзін год турмы. Цяжка апісаць эмоцыі, якія ахопліваюць мяне. Смутак? Шкадаванне? Лютасць? Гнеў? Бездапаможнасць? Адчай? Страх? Спагада? Пытанні. Бясконцыя пытанні. Чаму? Госпадзе, чаму? Ты ж можаш, то ЧАМУ? Як доўга яшчэ? Чаму дазваляеш гэта? Які ў гэтым сэнс? Калі ж гэта скончыцца?

 

Малюся, душачы слёзы, намагаюся знайсці адказ, і ў маёй галаве пачынаюць гучаць словы чэшскай пралетарскай песні з 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Песня адлюстроўвае рашучасць мужных рабочых у барацьбе за сацыялістычную ідэю, даўно яе ў нас ніхто не спявае (ой, як добра!). Але словы першых двух вершаў — як калі б былі напісаны для сённяшніх змагароў за свабоду Беларусі!

Заспявайма песню, браты,
як належыць свабодным мужчынам,
нават калі б яны былі закаваныя ў турме.
У мужнай песні, у мужным слове
цямніца не павінна спыніць цябе,

нават калі б цябе катавалі.

 

Мужны Дзіма. Ён адчувае пакуты, якія большасць з нас не можа нават аддалена сабе ўявіць, але аднак яго песня не спыняецца. Яна гучыць са сценаў турмы, дадаючы мужнасці тым, хто на волі. Пранікае малым акенцам карцэра і кліча. Кліча да народу:

Хлопцы, уверх на палубу,

нават калі б мы плылі на пагібель,
наш сцяг не патоне ніколі!

Нават калі б мы ўсе загінулі,

новыя ваяры падымуцца,

(бел-)чырвона(-белы) сцяг будзе разгортвацца.

 

Калі амаль два гады таму практычна ўсе лідары Маладога фронту апынуліся ў турме, я з занепакоенасцю запыталася сяброў: “Што цяпер будзе з Маладым фронтам? Ці гэта яго не знішчыць?” Тады я атрымала адказ, які я ў гэты момант не цалкам зразумела: “Не, Малады фронт нельга знішчыць! Малады фронт – гэта не людзі. Малады фронт – гэта ідэя, якую не спыніць!” Сёння я гэты адказ ужо разумею. На працягу гэтых амаль двух гадоў паўсталі новыя змагары, моцныя духам, поўныя рашучасці ахвяраваць усім. Калі я бачу, як шмат новых імёнаў за гэты час з’явілася, Змітровыя пакуты, магчыма, атрымліваюць пэўны сумны сэнс: мы з’яўляемся сведкамі таго, як у Маладым фронце растуць новыя героі, моцныя, як магутныя дубы. Цалкам магчыма, што яны б у бяспечным цені моцнага лідэра ніколі не выраслі …

 

На самай справе, тут ёсць яшчэ адна аналогія. Гэта мне бліжэй, чым прыклад пралетарскага руху. Дзве тысячы гадоў таму яўрэі ўкрыжавалі Ісуса Хрыста, лічачы, што гэтак яны могуць знішчыць распаўсюджанне хрысціянскага руху. Адбылося дакладна адваротнае. Іх радасць з перамогі не была доўгаю. Хрыстос уваскрос, і разам з ім нарадзіліся сотні, тысячы, дзясяткі тысяч новых Хрыстоў – Царква. Хрысціянскую ідэю і Царкву не магчыма знішчыць, таму што яна з’яўляецца носьбітам Божай праўды. Беларускія ўлады зачынілі Дашкевіча, з нецярплівасцю чакаючы падаўлення распаўсюду руху вольнадумства Маладога фронту. Але дакладна і адваротнае! Паўстала мноства новых лідэраў. Беларускай нацыянальнай ідэі, прадстаўленай сярод іншых рухам Маладога фронту, ніхто не можа знішчыць, таму што яна з’яўляецца носьбітам праўды і надзеі Божай.

 

Дзякуй табе, Дзіма. Можа быць, ты сам не ведаў, што цябе чакае, калі ты казаў пра тое, што для свабоды трэба прыносіць ахвяры. Бог выбраў цябе, ведаючы, што ты здольны вытрымаць. Таму ёсць і будзе з табой, дае табе і дасць табе сілу, каб ты мог ісці да канца. Мы ўдзячныя і застанемся ўдзячнымі табе, мы з табою і застанемся з табою. Мы молімся і не скончым маліцца і будзем падтрымліваць цябе да тых часоў, колькі гэта будзе патрэбна. Трымайся, адважны браце, твая ахвяра не дарэмная!

 

Цябе зьняла спакуса ня іншая, як чалавечая; верны-ж Бог, які не дапусьціць табе быць спакушанымі больш, чым маеш сілу, але з спакусай зробіць і выхад, каб ты мог перанесьці” (1 Кар 10:13).

 

Светлана В.

29.8.2012

Болей навін