За фінішнай стужкай
За прамежкавай мэтай так важна не ўпусціць з віду галоўную, Напрыклад, «скінуць дыктатуру» – гэта прамежкавая мэта, пад-мэта; а сапраўднай мэта тут – пабудаваць у Беларусі прастору свабоды, радасці, разнастайных пазітыўных каштоўнасцей. Беларусь як творчая прастора, як прастора свабоды, жыцця і творчасці дзеля Бога – гэта сапраўдная мэта. Змаганне за лепшы палітычны лад – толькі адна з умоваў яе дасягнення. Трэба, каб значнасць прамежкавай мэты не засланяла далейшы шлях да галоўнай.
І таму (часам) трэба дзейнічаць так, як быццам бы дыктатура ўжо пераможаная, ужо не існуе. Глядзець далей за фінішную стужку перамогі. Дзейнічаць так, як мы бы дзейнічалі пасля перамогі, у вольнай Беларусі, – і гэтым самым з Божай дапамогай ствараць вольную Беларусь. Рабіць, ствараць, арганізоўваць тое, што мы хочам ствараць, рабіць і арганізоўваць пасля перамогі, у прасторы, дзе няма ШОСаў і дыктатараў. Годна праходзячы праз спакусы, што ўзнікаюць на гэтым шляху.
Нехта заўважыць: «Ага, лёгка казаць…», – але ж выпрабаванні для кожнага індывідуальныя, і Бог, веру, не адмовіць, калі папросім у яго сілы…
Фінішная стужка перамогі дрыжыць пад сонцам, выклікаючы хваляванне радасці, – але за гэтай стужкай ёсць і далейшы шлях. І варта загадзя думаць, якія праблемы могуць на ім узнікнуць – і як прадухіліць магчымыя праблемы; як зрабіць, каб пасля перамогі дэмакратычных сілаў усім было добра (я не кажу пра безпакаранасць для тых хто здзяйсняў злачынствы; я пра тое, каб зменьшыць верагоднасць пагрозаў бяспецы і матэрыяльнаму дабрабыту «простых» беларусаў).
У спрэчках некаторыя з маіх сяброў казалі пра негатыўныя наступствы пераменаў; гучалі і фразы кшталту «усе рэвалюцыі прыводзілі да пагаршэння» (гутарка ішла пра эканоміку), і крытыка пераменаў у ПАР, з нагадваннем пра беспарадкі і гвалт, якія здараліся пасля падзення рэжыму і знікнення апартэіду.
Падчас жа першай з пазначаных гутарак я запыталася: а якім чынам здзяйсняць перамены? Сябар адказаў, што ён не за рэвалюцыйны, а за эвалюцыйны шлях. Што ж, мажліва, я таксама; тым болей што негвалтоўныя метады змагання набліжаюцца менавіта да эвалюцыйнага шляху.
На другі з пазначаных аргументаў (пра ПАР) мая знаёмая адказала: праблема ў тым, што, калі ў дзяржаве нездаровы дыктатарскі рэжым, – звяржэнне гэтага рэжыму падаецца задачай настолькі першачарговай і разам з гэтым настолькі недасягальнай, што яна засланяе развагі над далейшай перспектывай, над тым, якія праблемы могуць узнікнуць і як іх прадухіліць. Між тым як над гэтым трэба думаць яшчэ ў працэсе змагання, калі перамены яшчэ на стадыі ўзнікнення.
Менавіта гэтую мажлівасць мы выкарыстоўваем, абмяркоўваючы новую праграму БХД.
P.S. Калі з гэтага допісу падаецца, што я занадта добра жыву ці адарвалася ад беларускай рэчаіснасці – калі ласка, буду рада, калі некта з добрым намерам мяне спусціць на зямлю…
Хаця не, напэўна я НЕ адарвалася ад беларускай рэчаіснасці – бо неяк страшна пісаць… І нават пачынаю карэктаваць, змягчаць, замяняць прозвішчы на нейтральна-міжкультурныя словы («дыктатар»…). Нават не страх а лёгкая засцярога, якая вучыць сачыць за сваімі словамі ў аўтобусе падчас падарожжа на радзіму і сачыць за сваімі пальцамі што грукаюць па клавіятуры, – невялічкі страх, але ж паказвае: гэнэтычная памяць на месцы, я беларус…