Дылема радысткі Кэт
Пагражаць дзецьмі – гэта верх подласці. Ці правільней сказаць – самы ніз, бо цяжка апусціцца ніжэй у сваіх метадах змагання з апанентамі.
Найперш таму, што такім чынам можна «узяць» і надзвычай мужнага і храбрага чалавека. Такога, які сам бы вытрымаў выпрабаванні і катаванні, калі б яны датычыліся яго непасрэдна, ці хаця б тых з ягоных бліжніх, якія ўжо дарослыя і, па-першае, могуць зразумець, а па-другое – хаця б у асноўным сфармаваліся як асобы…
Дылема радысткі Кэт – гэта начны кашмар грамадскай актывісткі. І Ярмошына са сваім боршчыкам і нагадваннем пра мацярынскія абавязкі ў нейкім сэнсе трапіла ў адчувальную кропку.
Уласна, чаму я (як і сп-ня Ярмошына) кажу ў жаночым родзе?.. Нібыта мужчына меньш адказны за дзяцей, ці для мужчыны яны значаць меньш (упэўненая, што гэта не пра хрысціянскіх актывістаў). Справа напэўна ў тым, што мужчыне беларускі менталітэт дае крыху больш «права» на тое, каб гнуць сваю лінію ў тым ліку і ў сітуацыі, калі пагражаюць сям’і… Але што тут меркаванне натоўпу, калі ўзнікаюць такія сітуацыі, калі падобны кашмар грамадскага актывіста робіцца рэальнасцю.
Спадзяюся, што праблемы спадара Садоўскага з Божай дапамогай вырашацца. Што найвялікшая подласць, на якую здольны дыктатарскі рэжым, застанецца на ўзроўні пагрозаў, – г.зн., што сістэма (прычым, у нашым выпадку, гэта нават не толькі КДБ, гэта сацыяльна-педагагічная сістэма!) не апусціцца ніжэй за плінтус.
І спадзяюся на тое, што грамадскасць ў такіх сітуацыях не застанецца абыякавай. Болей за тое, – моцна хацелася б, калі б у сітуацыях падобнага шантажу рэакцыя была бы яшчэ больш моцнай, гнеўнай і дзейнай, чымсі нават у сітуацыях зняволенняў і іншых несправядлівасцяў. Бо дзеці для беларусаў – гэта, як правіла, самае дарагое. Бо падобныя пагрозы, хаця б яны і заставаліся пагрозамі – гэта яшчэ больш нізка і брыдка, чым удзел у фальсіфікацыях ці катаваннях.
У Рэспубліке Беларусь кашмары, як і фантазіі, увогулле схільныя матэрыялізавацца… Было нейкае адчуванне, што такое можа быць. Нездарма ж чамусьці не так даўно ў галаве круціліся разважанні: што рабіць калі пагражаюць дзецьмі? Што рабіць актывістам, якія апынуліся ў такой сітуацыі – і іншым людзям, якія ведаюць пра такую сітуацыю са сваімі сябрамі і проста суайчыннікамі?
Адносна паводзінаў грамадскасці, – раней была думка, што, калі нехта пачынае пагражаць дзецьмі – такога суб’екта трэба лавіць і біць. Ці хаця б закідваць лістамі, пераследваць званкамі і графіці па месцы працы і жыхарства. Зразумела, ува ўсіх выпадках чапаючы толькі самога суб’екта – але ніяк не ягоных бліжніх…
Цяпер, калі сітуацыя зрабілася цалкам рэальнай (уласна, рэальнай яна зрабілася яшчэ ў снежані 2010, але цяпер закранула непасрэдна хрысціянскіх дэмакратаў), – цяпер варыянт з біццём адыходзіць на другі план. Ня будк нікога да таго заахвочваць, – тым больш з дапамогай метаду “актыўны брэх з-за мяжы”. Болей хочацца – званіць і размаўляць. З былымі – на дадзены момант былымі, бо зараз я простая рознарабочая, – калегамі, якія працуюць у сацыяльна-педагагічнай сістэме маёй краіны… у той самай сістэме, у якой я вадзіла маладое пакаленне на хакеі, агітавала ў БРСМ і БРПО, навучылася распісвацца за калег і падвышаць лічбы… У сістэме, вопыт уласнай працы ў якой не дае мне магчымасці асуджаць калег.
У сістэме, без працы ў якой я бы напэўна не зразумела, наколькі ўсё сур‘ёзна… Але гэта іншая гісторыя. А ў Садоўскага зараз – гісторыя, побач з якой мая ўзнёслая эсэістыка робіцца падобнай да падлеткавых коміксаў у скрынке каля ўнітаза.
Як вырашаць дылему радысткі Кэт? – Ды ў мяне рука не падымаецца пісаць наконт варыянтаў. Хай Бог тут дапамагае.
…Увогулле, ж, тэма дзяцей як фактара матывацыі беларусаў, – гэтая тэма часам выдае парадоксы. Лёгка ўявіць сабе такую раскладку. Спадар ці спадарыня, якія тэарэтычна падзяляюць дэмакратычныя погляды, баяцца выходзіць на плошчу ці іншым чынам праяўляць актыўную грамадскую пазіцыю («у нас дзеці», «калі страчу працу, што тады?», «хай гэтым займаюцца тыя, у каго няма малых дзяцей»). Аналагічныя суджэнні могуць выказваць і тыя, каго па месцы працы прымушаюць ужываць метады ціску супраць актывістаў, – той жа сацыяльны педагог… Толькі ў іх выпадку фраза «што ж рабіць, у мяне ж дзеці…» будзе суправаджацца (у нягоршым выпадку) сарамлівым апусканнем вачэй… З другога боку, актывіст ці актывістка, якія выходзяць на плошчу, ставяць подпісы, а то і ўлёткі расклейваюць, кажуць: «я раблю гэта для сваіх дзяцей, каб яны жылі ў лепшай краіне». Спадарыня Ярмошына ж, насуперак, абвінавачвае такіх – праўда чамусьці толькі жаночую палову, – у адсутнасці адказнасці за дзяцей. Міліцыянт ці амапавец, які падчас разгонаў б’е і мужчынскую, і жаночую палову актыўнай часткі насельніцтва, – таксама мае зручную фармуліроўку: «мне трэба карміць дзяцей» ці як варыянт: «Калі я не выканаю загад, дзяцей маіх ты карміць будзеш?! Я за свайго дзіцёнка любога заб’ю» http://suziralnik.livejournal.com/70127.html . З іншага боку, адмову ад падобных дзеянняў, а таксама процідзеянне ім, – таксама можна патлумачыць сорамам перад дзецьмі.
У беларусаў надзвычай эмацыйнае і адданае стаўленне да дзяцей. І таму многае можна тлумачыць фактарам «дзеці» – і ў некаторых сітуацыях хоць ты ўсклікні: усе прыкрываюцца дзецьмі!!.. Кожны на свой лад. Нават аборты могуць апраўдваць фактарам бацькоўскай адказнасці… але гэта іншая тэма.
Звязанасць лёсу чалавека з лёсамі ягоных бліжніх набывае самыя драматычныя, – калі не сказаць болей, – адценні.
Пры ўсім жаданні бацькоў, цяжка аддзяліць дзяцей ад таго, чым яны займаюцца; ад небяспекаў і рызыкаў, якія бяруць на сабе бацькі.
Але ж і станоўчыя бакі і вынікі дзейнасці – робяцца набыткамі таксама і бліжніх… Калі маці ці бацька стаяць за праўду і свабоду, калі яны робяць гэта правільным, належным чынам – гэта не можа не ўзбагачаць і жыццё дзяцей… Але ж, от халера, і ад іншых наступстваў іх не заўсёды адгародзіш…
Калі захаплялася нямецкімі антыфашыстамі, тады неяк чытала пра сямейную пару, якая дапамагала яўрэям (на жаль не прыгадаю крыніцу). Потым, пасля вайны, яны казалі, што лічылі, што лепш іх дзецям ня мець бацькоў, чым мець бацькоў-баязліўцаў. Гэта, канешне, адзін з радыкальных варыянтаў – дый падаецца мне, што ў той сітуацыі была рызыка непасрэдна для жыцця саміх бацькоў, а не дзяцей. Мажліва, рэжым Трэцяга Рэйху ў адносінах да сваіх грамадзянаў быў больш чыстаплотны ў метадах, чымсі беларускі рэжым.
Што мне нядрэнна дапамагло нешта зразумець, дык гэта апублікаваныя ў фэйсбуку словы Ірыны Халіп: «Магу толькі ўспомніць сабе ў камеры N 10 ШІЗО КДБ, калі мне паведамілі, што сына Даню забіраюць у дзетдом. Тады я сказала сукамерніцам: «Дзевачкі, калі мне паставяць умовы – плясаць гапака перад палацам рэспублікі, размахваючы чырвона-зялёнай анучай і вітаючы дэлегатаў чарговага Ўсебеларускага сабрання, я буду гэта рабіць. Адзінае чаго я зрабіць не здолею, – гэта даць паказанні супраць каго б то ні было. Сама я зраблю што-заўгодна дзеля ўратавання сына».
Я не пра тое, каб разважаць на тэму «што рабіць» у падобных сітуацыях.
Я пра тое, што ў такіх сітуацыях найбольш важна, каб грамадства аказала найбольш актыўнае процідзеяннe. Трэба спадзявацца, што ў беларускага народа, для мноства прадстаўнікоў якога дзеці – гэта святое і найдаражэйшае, спрацуе самая моцная салідарнасць у выпадках, калі нехта спрабуе выкарыстаць бацькоўскую любоў як фактар шантажу… Каб некаторыя зарубілі сабе на носе простае правіла: дзяцей не чапаць.
Гэта датычыцца ўсіх. Таму, дарэчы, і насмешлівыя выказванні наконт Колі Лукашэнка павінныя зрабіцца для нас табу.