СУДОВА-ПРАВАВАЯ СІСТЭМА

25 кастрычніка 2012 12:46  |  Абмеркаванне праграмы БХД

1. Судовая сістэма
1.1. Суды агульнай юрысдыкцыі
1.2. Канстытуцыйны суд 
1.3. Гаспадарчы суд
1.4. Спецыялізаваныя суды
2. Праваахоўныя органы, дзяржаўны кантроль і юрыдычная дапамога. 
3. Аб’яднанні юрыстаў
 
Хрысціянскія дэмакраты лічаць неабходным стварэнне ў Беларусі судова-прававой сістэмы, якая ў стане забяспечыць  функцыянаванне прававой дзяржавы. Гэта прадугледжвае замацаванне самастойнасці і незалежнасці судовай улады як асноўнага гаранта правоў і свабод грамадзян. У беларускім заканадаўстве ў адпаведнасці з каштоўнасцямі хрысціянскай дэмакратыі павінны быць зацверджаны дэмакратычныя прынцыпы дзейнасці, арганізацыі і самаарганізацыі праваахоўных органаў, якія адпавядаюць агульнапрызнаным нормам міжнароднага права.
 
Судова-прававая рэформа павінна прадугледжваць комплекс мераў па заканадаўчаму забеспячэнню і арганізацыйнаму пераўтварэнню дзейнасці ўсёй сістэмы юстыцыі Беларусі, якую неабходна разумець як сукупнасць усіх праваахоўных органаў ад міліцыі да ўстаноў натарыята і судоў.
 
1. Судовая сістэма
 
БХД лічыць неабходным зрабіць суд галоўным органам у сістэме праваахоўных органаў. Гэта патрабуе змены статуса суда, пераўтварэння яго ў самастойны і незалежны орган улады з удакладненнем яго прызначэння як арбітра ў спрэчках бакоў і як абаронцу правоў грамадзяніна. Суд павінен знаходзіцца па-за межамі ўплыву прыватных інтарэсаў і быць па-за палітычнай барацьбой.
 
Судовая рэформа павінна карэнным чынам змяніць прававы статус суддзяў, замацаваць іх незалежнасць, забяспечыць незмяняльнасць і недатыкальнасць, прыстойнае матэрыяльна-бытавое і сацыяльнае становішча. Гарантыі судзейскай незалежнасці ад выканаўчай улады, мясцовых, палітычных і іншых уплаваў забяспечваецца праз новы парадак фармавання судзейскага корпуса.

1.1. Суды агульнай юрысдыкцыі
 
БХД лічыць неабходным стварыць  чатырохузроўневую сістэму агульных судоў. Гэта забяспечыць неабходную дэцэнтралізацыю і незалежнасць судовай сістэмы ад выканаўчых органаў, тэрытарыяльных самакіраванняў, прыватных і іншых уплываў.
 
Першым звяном сістэмы агульных судоў павінен стаць міравы суддзя, у кампетэнцыі якога знаходзіцца разгляд малазначных грамадзянскіх спраў, асобных катэгорый крымінальных спраў і спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Міравы суддзя абіраецца насельніцтвам адпаведнай муніцыпальнай адзінкі на бестэрміновай аснове.
 
Асноўным звяном судовай сістэмы з’яўляецца акружны суд, у кампетэнцыі якога разгляд крымінальных і грамадзянскіх спраў. Акружны суд дзейнічае на міжмуніцыпальным узроўні. Суддзі акружнога суда прызначаюць Прэзідэнтам па прапанове Міністра юстыцыі і з улікам  меркавання судзейскай супольнасці (карпарацыі) на бестэрміновай аснове.
Праверачнай інстанцыяй і судом першай інстанцыі па асабліва цяжкіх злачынствах з’яўляецца павятовы (Мінскі акружны) суд.
 
На узроўні акружных і павятовых судоў мэтазгодна ўвядзенне інстытуту прысяжных для разгляду складаных крымінальных спраў.
 
Ваенныя суды ўваходзяць у сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі і дзейнічаюць ва Узброеных Сілах. 
 
Вышэйшай судовай інстанцыяй з’яўляецца Вярхоўны суд, які правярае судовыя пастановы ў парадку нагляду. Суддзі Вярхоўнага Суда абіраюцца на бестэрміновай аснове Сенатам па прапанове Прэзідэнта.
 
Пры вылучэнні судзяў на кіруючыя пасады або ў суды болей высокай інстанцыі неабходна ўлічваць рэкамендацыі судзейскай супольнасці.
 
1.2. Канстытуцыйны суд
 
Канстытуцыйны суд ажыццяўляе нагляд за адпаведнасцю законаў і іншых нарматыўных актаў Канстытуцыі і міжнародна-прававым абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь. Прыняццё Канстытуцыйным судом заключэння аб неадпаведнасці закона, міжнароднай дамовы або іншага абавязальніцтва, указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі або міжнародна-прававым пактам, якія ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь, прыпыняе іх дзеянне, а праз два месяцы ў выпадку іх неперагляду Парламентам або Прэзідэнтам спыняе іх дзеянне на тэрыторыі краіны.
Суддзі Канстытуцыйнага Суда прызначаюцца на пасаду Сенатам па прапанове Прэзідэнта тэрмінам на 12 год для забеспячэння незалежнасці іх працы ад палітычных зменаў у краіне. Старшыня Канстытуцыйнага Суду абіраецца таемным галасаваннем Суддзяў Канстытуцыйнага Суда.
Правам звароту ў Канстытуцыйны Суд надзяляюцца суб’екты, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы, суды і грамадзяне Рэспублікі Беларусь.
 
Месцам пастаяннага знаходжання Канстытуцыйнага Суду з’яўляецца горад Навагрудак.
 
1.3. Гаспадарчы суд
 
Гаспадарчыя суды вырашаюць усе спрэчкі ў галіне эканамічных адносін паміж усімі ўдзельнікамі гаспадарчай дзейнасці ў незалежнасці ад форм уласнасці. У аснове юрысдыкцыі гэтых судоў знаходзіцца прынцып абароны правоў і законных інтарэсаў усіх суб’ектаў гаспадарання.
 
Вышэйшы Гаспадарчы суд з’яўляецца вышэйшым органам судовай улады ў сферы эканамічных адносінаў. Ён ажыццяўляе кіраўніцтва і арганізуе працу ўсёй сістэмы гаспадарчых судоў.
 
Хрысціянскія дэмакраты выступаюць за ўмацаванне самастойнасці і незалежнасці Вышэйшага Гаспадарчага Суда і ніжэйстаячых гаспадарчых судоў ад органаў дзяржаўнага кіравання і іншых удзельнікаў эканамічных адносінаў, што грунтуецца на павелічэнні ролі судовай улады ў краіне.
 
1.4. Спецыялізаваныя суды
 
Хрысціянскія дэмакраты лічаць неабходным стварыць у краіне адміністрацыйныя і ювенальныя суды, а ў перспектыве і іншыя спецыялізаваныя суды – сямейныя, падаткавыя, ліцэнзійна-патэнтавыя і інш.
 
Сістэма адміністрацыйных судоў складаецца з Вышэйшага Адміністрацыйнага Суда і акружных адміністрацыйных судоў, якія дзейнічаюць на міжпавятовым узроўні. Адміністрацыйныя суды разглядаюць скаргі грамадзян на рашэнні, дзеянне (бяздзеянне) органаў кіравання і самакіравання, адміністрацыі і чыноўнікаў.
 
Стварэнне судоў для непаўнагадовых запатрабавана з-за неабходнасці асабліваў увагі да асобы непаўнагадовага, высвятлення чыннікаў, якія сталі падставаў для здяйснення правапарушэння, а таксама вызначэння асаблівых мер пакарання.
 
1.5. Судовае самакіраванне
 
Для забеспячэння незалежнасці і самастойнасці судовай улады хрысціянскія дэмакраты лічаць неабходным умацаванне судовага самакіравання і яго максімальнай незалежнасці ад адміністрацыі.  Гэта магчыма праз стварэнне судзейскай карпарацыі.    Судзейская карпарацыя павінна валодаць шэрагам кампетэнцый: прымаць удзел у прызначэнні кваліфікацыйных класаў суддзям, абараняць інтарэсы суддзяў, пазбаўляць судовых паўнамоцтваў і даваць заключэнні  аб вызваленні суддзі з пасады, прадастаўляць кандыдатуры на пасады старшынь судоў і іх намеснікаў, а таксама прадастаўляць суддзяў да прызначэнні ганаровых званняў і ўзнагарод.   Кандыдаты ў кваліфікацыйныя калегіі павінны падбірацца за кошт чальцоў, якія не звязаны паміж сабой адносінамі падпарадкавання.
 
Хрысціянскія дэмакраты выступаюць за:
– дэцентралізацыю судовай сістэмы за кошт функцыянальнага падзелу форм судовай улады;
– максімальнае набліжэнне суда да грамадзяніна, экстэрытарыяльнага характару асноўнага звяна судовай сістэмы;
– сумяшчэння адзінаасабовага і калегіяльнага разгляду спраў;
– удзел народа ў здзяйсненні правасуддзя ў якасці прысяжных;
– стварэння спецыялізаваных адміністрацыйных і ювенальных судоў;
– абранне насельніцтвам міравога суддзі як ніжэйшага звяна сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі;
– вызвалення судоў ад неўласцівых ім функцый;
– памяншэнне памеру дзяржаўнай пошліны да ўзроўню, калі яна не з’яўляецца перашкодай для звароту ў суды;
– забеспячэнне роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці і гарантыі іх роўнай прававой абароны.
 
2. Праваахоўныя органы і юрыдычная дапамога
 
Праваахоўныя органы Рэспублікі Беларусь павінны пазбавіцца неўласцівых ім функцыяў, у тым ліку палітычнага вышуку. Паўнамоцтвы праваахоўных органаў абмяжоўваюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і іншымі нарматыўна-прававымі актамі.
 
БХД лічыць неабходным пераглядзець і дакладна акрэсліць ролю Міністэрства юстыцыі ў судова-прававой сістэме. Міністар юстыцыі прызначаецца Сенатам па прапанове Прэзідэнта.
 
Пракуратура з’яўляецца органам, які забяспечвае ад імя дзяржавы нагляд за дакладным i аднолькавым выкананнем законаў на тэрыторыі рэспублікі. Функцыі і аб’ём паўнамоцтваў пракуратуры павінны адпавядаць прыродзе пракурорскага нагляду. Праз пракурорскі нагляд рэалізуюцца прынцыпы стрымак і проціваг у сістэме юстыцыі. Варта вызваліць пракуратуру ад неўласцівых ёй функцый у вобласці нагляду за судом.
 
Вышэйшым органам фінансава-эканамічнага кантроля Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Кантрольная палата Рэспублікі Беларусь. Кантрольная палата ўтвараецца Соймам Рэспублікі Беларусь, дзейнічае пад яго кіраўніцтвам і падсправаздачная яму. Сойм абірае старшыню і двух намеснікаў старшыні Кантрольнай палаты тэрмінам на чатыры гады.
 
Следчы камітэт павінен стаць адзіным органам папярэдняга следства ў краіне. Хрысціянскія дэмакраты выступаюць за ўмацаванне незалежнасці і самастойнасці Следчага камітэта, які павінен быць выведзены з – пад юрысдыкцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і падпарадкоўвацца Міністэрству юстыцыі. Старшыня Следчага камітэта прызначаецца і вызваляецца ад пасады Сенатам па прапанове Прэзідэнта.
 
Міністэрства ўнутраных спраў павінна забяспечыць надзейную ахову правоў і свабод грамадзян, дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў ад злачынных замахаў, своечасовае выяўленне злачынстваў і прыцягненне вінаватых да адказнасці, ахову грамадскага парадку. Для эфектыўнай барацьбы са злачыннасцю Міністэрства ўнутраных спраў неабходна вызваліць ад неўласцівых яму функцый: экспертна-крыміналістычных даследаванняў (за выключэннем тэхнічных падраздзяленняў, якія забяспечваюць аператыўна-вышуковую дзейнасць); выпраўлення і перавыхавання асуджаных; нагляду за асобамі, якія асуджаны да пакарання без пазбаўлення волі; пашпартызацыі насельніцтва; рэгістрацыі ўезду і выезду грамадзян.
 
Цэнтральным органам крымінальна-выканаўчай сістэмы бачыцца Пенітэнцыярная служба Беларусі. Дзейнасць Пенітэнцыярнай службы Беларусі павінна накіроўвацца і каардынавацца Міністэрствам юстыцыі. Мы выступаем за павелічэнне выкарыстання альтэрнатыўных мераў пакарання замест зняволення ў турмах і калоніях. Незалежныя назіральнікі павінны мець магчымасць кантроля за ўтрыманнем асуджаных ва ўстановах зачыненага тыпу. Неабходным з’яўляецца працяглая праграма адукацыі і павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў турмаў і калоній.
 
Органы дзяржаўнай бяспекі павінны быць пазбаўлены ад выканання функцый палітычнай паліцыі. На базе Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь варта ўтварыць Службу нацыянальнай варты Беларусі, надзяліўшы яе функцыямі знешняй выведкі і контрвыведкі. Гэта служба не павінна займацца палітычным вышукам і барацьбой з арганізаванай злачыннасцю. Галоўнай задачай Службы нацыянальнай варты Беларусі павінен быць збор, абагульненне і праверка дакладнасці інфармацыі, якая ляжыць у аснове прыняцця рашэнняў на макрапалітычным узроўні, што прадугледжвае стварэнне магутнага аналітычнага цэнтра.
 
У прававой дзяржаве адвакатура бачыцца хрысціянскімі дэмакратамі як незалежная, прафесійная, самакіраваная і грамадская арганізацыя. Разам з калегіямі адвакатаў прафесійнай праваабарончай дзейнасцю могуць займацца іншыя аб’яднанні і асобы.
 
3. Аб’яднанні юрыстаў
 
Карпаратыўнасць юрыстаў варта разглядаць як важкі фактар у рэалізацыі прынцыпаў прававой дзяржавы і правядзенні судова-прававой рэформы. 
 
Грамадскія аб’яднанні юрыстаў, якія маюць функцыі органаў самакіравання, павінны ўдзельнічаць у вырашэнні пытанняў дысцыплінарнай вытворчасці ў дачыненні да юрыстаў, выдачы ліцэнзій на занятак прафесійнай юрыдычнай дзейнасцю, прысваення квалiфiкацыйных класаў, чыноў, званняў, прадстаўлення да ўзнагарод і ў іншых выпадках, калі неабходная адзнака маральных якасцяў юрыстаў.
 
Асновай самакіраванняў юрыстаў з’яўляецца захаванне дэмакратычных працэдур абрання, дзейнасці і справаздачнасці кіруючых і рабочых органаў, іх скіраванасць на падтрымку высокага прэстыжу і сацыяльнага статусу юрыдычных прафесій.
 
Хрысціянскія дэмакраты выступаюць за:
– вызваленне праваахоўных органаў ад неўласцівых ім функцый і канцэнтрацыі на выкананні іх непасрэдных задач;
– развіццё прыватнай адвакацкай дзейнасці і прыватнага натарыята;
– забеспячэнне незалежнасці Следчага камітэта ад Прэзідэнта і яго падпарадкаванне Міністэрству юстыцыі;
– дэкрыміналізацыю шэрагу злачынстваў, якія тычацца ў першую чаргу эканамічных правапарушэнняў;
– перадачу органам Мінюста ўсіх паўнамоцтваў па арганізацыі выканання судовых рашэнняў, у тым ліку стварэнне судовай паліцыі (прыставаў) пры Мінюсце, якая займалася б прымусовым выкананнем судовых рашэнняў і іншых выканаўчых дакументаў, наглядам за асобамі, якія асуджаны да пакарання без пазбаўлення волі, аховай судоў, судовых работнікаў і ўдзельнікаў працэсу падчас яго правядзення;
– перадачу Мінюсту кіраўніцтва выканаўча-працоўнымі ўстановамі (акрамя іх аховы), падрыхтоўку кадраў для гэтых устаноў, распрацоўку і рэалізацыю мер па рэсацыялізацыі асуджаных;
–  аб’яднанне пад кіраўніцтвам Мінюста экспертна-крыміналістычных падраздзяленняў, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні розных праваахоўных ведамстваў;
– перадачу ў юрысдыкцыю Мінюста службаў пашпартызацыі, віз і рэгістрацыі, выдачу ліцэнзій на права заняцця прафесійнай юрыдычнай дзейнасцю;
– рэформу пенітэнцыярных устаноў і забеспячэнне нармальных умоў адбывання пакарання асуджанымі, якія дазволяць забяспечыць іх годнасць.

Болей навін