Беларуская глыбіня: наш Папанаў

20 лістапада 2012 14:06  |  Жывая кніга Паўла Севярынца

Такі род усіх,
што шукаюць Яго…
Псальма 23:6

 

Пакутлівы, грубаваты твар, страшэнна цяжкі басавіты голас, фрыкатыўнае «гэ», «у» — не столькі кароткае, колькі глыбокае — «гу!» — і раптам мілая, жаласлівая ўсмешка, якая ўмомант ператварае пачвару ў дзіця, гатовае заплакаць, ці то ад шкадавання, ці то ад шчасця…

 

«Беларускі вакзал», «Брыльянтавая рука», «Сцеражыся аўтамабіля», «Халоднае лета 53-га»… Пэўна, не ў аднаго мяне Анатоль Папанаў на экране выклікаў нечаканае адчуванне роднасці, цеплыні.

 

Цяпер я ведаю, чаму.

 

Матуля Анатоля Папанава, Алена Баляславаўна Раўкоўская — адсюль, з беларускай глыбіні, з вёскі Няхачава, што непадалёк ад трасы Мінск—Брэст ля Івацэвічаў.

 

Менавіта маці, каталічка, выхавала Анатоля вернікам. Ці выпадкова, што праз сто гадоў маленькая кропачка на мапе Беларусі, Няхачава, застаецца гарчычным зернем веры, здольным перасоўваць горы: якраз тутэйшая евангельская царква штогод ладзіць летнікі з удзелам соцень маладзёнаў.

 

Тут дагэтуль памятаюць, як Папанаў прыязджаў да сваякоў — у мясціны, адкуль знакамітае «гэ», ёмістае «о» і густы басавіты нязлосны рогат. Во было дзіва для дэлегацыі з «Масфільма», што прыязджала сюды ў адведкі. Мы, кажуць, думалі, што знакамітае папанаўскае вымаўленне — геніяльная знаходка самога актора. А ў вас тут, бач, усе як Папанаў размаўляюць!..

 

О, гэта Папанаў размаўляў, як усе.

 

Каб што -нішто разумець пра Папанава, трэба ведаць ягонага дзядзьку, Мікалая Раўкоўскага, каторы за палякамі быў лесніком.

 

У 1939-м, пасля «вызвалення» Заходняй Беларусі, яго разам з сям’ёй пагрузілі на станцыі Няхачава ў таварны вагон і павезлі ў Архангельск. Дарогаю ад халадоў загінулі двое ягоных дзяцей.

 

З-за гэтага ўсесаюзны ўлюбёнец Папанаў так і не ўступіў у КПСС.

 

І ці не гэтыя перадсмяротныя дрыжыкі двух беларускіх дзетак прабіраюць, калі глядзіш на апошнюю ролю Папанава — зэка Капалыча ў антысталінскім «Халодным леце 53-га»… Стужку давялося агучваць ужо іншаму: у Папанава не вытрымала сэрца. Прыехаў са здымкаў, зайшоў дахаты памыцца, гарачай вады не было, палез з хворымі сасудамі пад халодную…

 

Тыя, хто яго добра ведаў, згадваюць: нетыповы быў для сталічнага артыста. Сціплы, нават пакорлівы нейкі. Сарамлівы. На вяршыні кар’еры па галовах не ўзбіраўся, а ціха рабіў сабе — і трапляў у сэрцы мільёнам.

 

Беларус, адно слова.

 

Ды і лёс Папанава — рыхтык беларускай цяжкасці, трываласці і цярпення. Працаваў ліцейшчыкам і адначасна займаўся ў тэатральнай студыі. З першых дзён вайны — на фронце, старшым сяржантам. У 1942-м цяжка паранены пад Харкавам… І пасля перамогі, у паўгалоднай Маскве, — тэатр.

 

Вобразы Папанава — той самы наймацнейшы сплаў стоенай моцы і пакорлівасці, пакут і радасці, жалю і іроніі, грымотнага смеху і ціхай ціхай жыццёвай праўды — які і выяўляе сутнасць беларускасці.

 

Вось Мікалай Іванавіч Дубінскі, стары франтавік з «Беларускага вакзала». Вось Сокал-Кружкін, цесць Сяміцветава ў «Сцеражыся аўтамабіля» з тыпова тутэйшым: «Цябе пасодзют, а ты не варуй!» Вось у Кісу Вараб’янінаву, уезным прадвадзіцелі дваранства з «12 крэслаў» Марка Захарава, рысы ганарыстай — матчыны гены! — засцянковай шляхты. І вядома, цэлы іскрысты россып у «Брыльянтавай руцэ», які зіхаціць усімі водбліскамі сённяшняй рэчаіснасці.

 

«Как гаварыт наш дарагой шэф, еслі чалавек ідзіот, то эта надолга!» «Будзе табе там і ванна, будзет і кофа, будзет і какава з чаем!..» І, нарэшце, «Штоб ты жыў на адну зарплату… Што б ты здох!… Што б я відзеў цібя ў грабу… у белых тапках…» Ну вось жа ён, усенародны ШОС!..

 

Нават злачынцы, мярзотнікі і вылюдкі, якіх даводзілася граць або агучваць у анімацыі Папанаву, няўзнак ператвараліся ў трагічных персанажаў і выклікалі жаль:

 

шэрыф Нотынгема ў «Робін Гудзе», тыгр Шэр Хан у Маўглі, Гітлер у «Швейку на Другой сусветнай вайне» і, безумоўна, знакаміты воўк з «Ну, пачакай!»

 

І як жа пранікнёна граў Папанаў беларуса — Дзеда Цыбульку ў Макаёнкаўскай «Таблетцы пад язык»… А яшчэ — герояў «Гора ад розуму» нашчадка ліцвінскай шляхты Грыбаедава… А яшчэ — Васіля Цёркіна («Цёркін на тым свеце») смаленскага беларуса Аляксандра Твардоўскага…

 

Глядзіш, пераглядаеш кадры з Папанавым, перабіраеш родныя-родныя ноткі і толькі ківаеш галавой здзіўлена: як удалося праз беларускасць перадаць чалавечнасць, не запэцкацца ў маскоўскіх інтрыгах ды ўсхваленнях улады зла таму, каму ў свой час матуля¬беларуска разам са шляхетнасцю і мовай перадала веру ў Бога! 

Болей навін