Беларуская глыбіня. Час цішыні

26 лістапада 2012 11:04  |  Жывая кніга Паўла Севярынца

Жыццё і смерць
прапанаваў я табе,
Дабраславенне і пракляцце.
Выберы жыццё,
каб жыў ты і нашчадкі твае.
Другі Закон 30:19

 

У дымным ад цыгарэтных выдыхаў умывальніку каменды, пакуль спаласкваў рукі, давялося выслухаць прызнанне аднаго мацёрага «хіміка». Ягоная жонка зацяжарала — не ад яго. Доўга біў. Прымусіў зрабіць аборт — тут жа, у хаце. Вымыў тое, што вырвалі з ейнай маткі, парэзаў, пасмажыў на патэльні і загадаў з’есці. Кажа, давілася слязьмі, але ела, сука.

 

У Беларусі штогод больш за 30 тысячаў жывых дзетак забіваюць у матчынай нутробе.

 

У Беларусі за 20 гадоў ад 1990 да 2010 толькі паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя было вынішчана 2,7 мільёна зачатых немаўлятаў.

 

У Беларусі дзве траціны сем’яў абмяжоўваюцца толькі адным дзіцём.

 

У Беларусі, паводле дадзеных 2012, на 1000 шлюбаў рэгіструецца 509 разводаў… Для тых, хто не дапяў з першага разу: палова сем’яў развальваюцца.

 

Тэма абортаў успорвае Беларусь настолькі ж востра, наколькі скальпель — безабароннае жыццё.

 

Аборт — гэта забойства. Забойства жывога, непаўторнага, бязвіннага чалавека.

 

Знішчэнне вобразу і падабенства Божага.

 

Тут нават няма чаго абмяркоўваць — гэта трэба разумець.

 

І той, хто прымушае, і той, хто вырашае, і той, хто праводзіць аперацыю, — гэта за…

 

Паслухайце.

 

Ці ўяўляем мы, што ў маленькай істоты, зачатай у жаночым улонні, ужо праз тры тыдні жыцця б’ецца кропелька — сэрца? Ці ведаем мы, што яму цёпла, калі матуля есць або гладзіць яго; халодна, калі яна на скразняку; блага, калі мама хвалюецца — і невыносна балюча, калі яго, голенькага, безабароннага, рэжуць і рвуць на кавалкі?

 

Проста ўяві: твая матуля хоча цябе забіць…

 

У гэтыя дні абмяркоўваецца новы «Закон аб сям’і». Беларускія хрысціянскія дэмакраты настойваюць на ўвядзенні «часу цішыні» — абавязковых гадзінаў для цяжарнай, каб падумаць і адмовіцца ад аборту.

 

Час цішыні — хвіліна маўчання па тых, хто так і не нарадзіўся. Час цішыні — гадзіна роздуму для тых, хто яшчэ не забіў.

 

Цішыня… Вы чуеце, як роспачна б’ецца гэтае сэрцайка?

 

А чуеце, як нема крычыць дзіця, у якога, жывога, павольна і метадычна адразаюць ножкі, ручкі па плечыкі… рассякаюць шыйку?..

 

Няшчасныя беларусы… Ніякая Расея, ніякі камунізм не здолее так нішчыць беларускую будучыню, як робяць гэта абыякавыя, з выразам каменнага цярпення на твары, тутэйшыя.

 

Мы.

 

Царква і касцёл патрабуюць разам: спыніце забойства ненароджаных дзяцей! З таго моманту, як жыццё зачатае, ягонае знішчэнне прынцыпова не адрозніваецца ад крывавага крыміналу або генацыду канцлагераў.

 

«Толькі б не было вайны» — паўтараюць беларусы, гатовыя апраўдаць усё клопатам пра ўласных дзяцей. Але ціхая і злюцелая вайна з сонямі тысячаў загінулых невінаватых мірных жыхароў кіпіць ва ўлоннях беларусак поўнай хадой. У гэтым стагадовым генацыдзе ёсць свае каты, свае халаднакроўныя маньякі, свае безгалосыя ахвяры, свае запырсканыя крывёю месцы бойняў… і толькі абаронцаў жыцця зусім вобмаль.

 

І Беларусь не ведае сап-раўдных герояў гэтай вайны пад сэрцам — ані тых матуляў, якія рашыліся нараджаць са смяротнай рызыкай, ані тых, што памерлі, але далі жыццё дзіцяці, ані простых рыцараў з «Легіёна Марыі»Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, што б’юцца і моляцца за кожнага ненароджанага, ані віцебскіх праваслаўных братчыкаў, што ходзяць па інтэрнатах медінстытута ды скрозь цыгарэтны дым у твар пераконваюць будучых гінеколагаў, ані евангельскіх вернікаў з Pro-life, руху за жыццё, што ўмольна гля-дзяць у вочы маладым у падземных пераходах і ў якіх у руках трапечуць тоненькія паперкі — мімаходзь, не бяруць, не бяруць…

 

Мы робім выгляд, што нічога такога не адбывацца.

 

Мы не чуем, як плачуць анёлы.

 

А пакутлівы выбар у тым, што простая забарона спаронаў і нават крымінальны пераслед за падпольны аборт справы не вырашае — толькі заганяе ўглыб. І робіць разню таемнай і яшчэ больш крывавай.

 

Цэнтр цяжару — гэта стан грамадства. Калі аборт — гэта нармальна, калі няма ўсведамлення факта злачынства, калі і для мужчынаў, і для жанчынаў гэта накшталт «схадзіць, вырваць балючы зуб» — ціхае вынішчэнне нацыі будзе працягвацца.

 

Таму трэба рабіць крокі. Час цішыні. Забарона рэкламы. Скарачэнне тэрмінаў…

 

Ціха.

 

Так і хочацца ім шаптаць, казаць, крычаць: ну паглядзіце вы на вяселле Глеба Лабадзенкі з Танечкай Шапуцькай у вышыванках ды шляхецкіх строях у Нясвіжы, на іхняга ласкавага малога!.. На светлыя абліччы Мікалая Дземідзенкі і Алесі Раманюк пад залатымі каронамі на вянчанні ў Мёрскім касцёле… На сайт dzietki.org, поўны шчасця па-беларуску! На сям’ю баптыста Сержука Ліцвінкі ў Заслаўі, што, апрача сваіх, бярэ яшчэ і прыёмных дзетак — поўны дом… На маленькага Адама Бокуна, які моліцца «Ойча наш» і ў кожным радку дадае: «… у Беларусі…»

 

А пакуль мы чытаем, жуём, блукаем у сеціве — з кожнай гадзінай нас, беларусаў, робіцца ўсё менш і менш.

 

І беларускае атупенне, беларуская безвыходнасць і беларускі адчай будуць толькі нарастаць, пакуль мы не жахнёмся пекла пад нагамі: забіваючы пад сэрцам новае жыццё, мы забіваем у сабе Бога. 

Болей навін