Юлія Фралова: каб былі адзінымі

27 лістапада 2012 11:52  |  Палітыка

Апошнім часам усё часцей чытаю і сумна слухаю, як годныя і шаноўныя людзі сварацца, дзеляцца, нават яднаючыся. Навокал праз аднаго аказваецца гэбісты, агенты ды ворагі. І калі, хтосьці штосьці разумее інакш і выказваецца так, як думае – здраднік! Гэта падобна, як некаторыя веруючыя бачаць паўсюдна злых духаў. Нейкі мудры святар сказаў: «І д’ябла не патрэбна, хопіць проста тваёй людской слабасьці і глупства, каб наламаць дроў.»

 

Як верніца, якая чытае Біблію і гісторыю хрысціянства, ведаю, што праблема раз’яднанасці, слабасці чалавека-гэта праблема нумар адзін ад самага пачатку чалавецтва. Недарэмна Хрыстос маліўся цэлы раздзел у Бібліі аб еднасці вучняў. Ян 17 «Каб усе былі адно».

 

Тактыка д’ябла – дзяліць, знішчаць, агаворваць, сеяць варожасць і падазронасць. А моц Божая праяўляецца праз еднасць! У адзінстве розных і нават слабых – моц! У салідарнасці – перамога!

 

Нажаль, мы – грэшнікі і абапірацца на нас, людзей, нельга. «Пракляты той, хто спадзяецца на чалавека», кажа Слова Божае. Адзіны непагрэшны, непахісны і верны – Бог! Няма такога чалавека на зямлі і ніколі не было, апрача Госпада Ісуса Хрыста. Няма ідэальных людзей! Гэта ня толькі нейкая сумная праўда, але і надзея. Трэба асцерагацца ўзводзіць кагосьці ў лік моцных герояў. Каталіцкая Царква ўзводзіць у лік святых толькі пасля смерці і толькі, калі выслухае ўсе сведчанні пра гэтага чалавека, і ня толькі ўсе пазітыўныя. Бо нават святы чалавек мае слабасці, а калі іх няма -гэта ўжо падазрона.

 

А з іншага боку трэба таксама асцерагацца ставіць на чалавеку крыж, перакрэсліваць яго. Бо Апостал Пётр здрадзіў Ісусу, але Госпад даў яму шанец і ён выправіў сваю памылку, адкупіў сваім жыццём і мучаніцкай смерцю. Здрадзіў і Юда, які таксама меў ад Госпада шанец на выпраўленне, але, на жаль, не скарыстаўся з Божай Міласэрнасці і прабачэння.

 

Сапраўдны герой – гэта сціплы чалавек, які добра ведае пра сваю слабасць і не падманвае ні сябе, ні іншых. «Той, хто стаіць, глядзі, каб не ўпаў…», так напісана ў Бібліі. Ніхто не моцны сам ад сябе на 100 адсоткаў годна прыняць цярпенні і крыж, толькі, калі Бог дасць сілу чалавеку вытрымаць выпрабаванне, а чалавек скарыстаецца з гэтай сілы праз веру і зразуменне ахвяры, тады вытрывае і пераможа нават смерцю. Думаю, што ніколі такі чалавек не скажа: «Так, хваліце мяне! Я – моцны! Я вытрымаў! Я – герой!» Сапраўдны герой сціплымі словамі ацэніць сваю перамогу і калі будзе шчыры да канца, абавязкова ўспомніць Бога і іншых людзей, а не сябе! З іншага боку кожны мае шанец выправіцца, змяніць жыццё, зрабіць шмат добрага ўзамен на памылкі. Ніхто не мае права асуджаць ці адразу вешаць ярлыкі. Усё, што можна зрабіць, гэта сцвердзіць факты. Бо можна моцна памыліцца і ачарніць нявіннага чалавека. Уласныя пыха і эгаізм – вялікія і першыя ворагі еднасці і добрых справаў, а не хтосьці там, нейкі агент ці прэзідэнт.

 

Гісторыя паказвае, што і моцныя ламаюцца, а слабыя раптам аказваюцца мацнейшымі. Бо, калі чалавек слабы, моцны Бог можа дзейнічаць. Толькі б чалавек не перашкаджаў.

 

Усе мы можам глядзець на сябе як на сясцёр і братоў, без зайздрасці, без расчаравання, без моцнага захаплення, а проста з любоўю Божай, са спадзяваннем, верай, зразуменнем, прабачэннем і звычайным гонарам. «Шануйце адзін аднаго за вышэйшага ад сябе». Проста кожнаму аддаць належную павагу як Божаму сыну ці дачцы!

 

Тое, як жахліва забілі Кадафі, не робіць тых людзей вялікімі, ці годнымі, ці тымі, хто выконвае справядлівасць! НЕ! Нават, калі чалавек заслужыў на гнеў і кару, гэта не дае права камусьці станавіцца яго суддзём і катам без суда, які становіцца яшчэ горшым за свайго крыўдзіцеля.

 

Лідары, палітыкі, змагары, святары, хрысціяне! Звычайныя, простыя людзі глядзяць на вас, як на свечкі, якія гараць недзе высока! Перастаньце сварыцца і лаяцца! Калі ласка, зрабіце ўсё магчымае, каб быць вернымі да канца і адназначнымі! Калі падаеце і праяўляеце слабасць, умейце сказаць аб гэтым, перапрасіць, выправіць. Бог дасць Вам сілы паводле вашага паклікання. Ня бойцеся быць годнымі, святымі, празрыстымі людзьмі, прызнаючыся ў памылках і слабасцях, просячы таксама прабачэння! Людзі – не дурні, не здраднікі, не ворагі, яны ацэняць гэта!

 

Кожны з нас пакліканы Богам да святасці і да вялікіх справаў, каб выканаць сваю жыццёвую місію. Магчыма гэта з Божай дапамогай і ласкай! Маем адказнасць перад Госпадам і людзьмі, каб яе выканаць. Ад іншых патрабуецца вера ў нас, давер, падтрымка, цвярозы падыход да жыцця і грэшнай натуры чалавека, зразуменне і бескарыснасць…І гэта наўзаем.

 

Яшчэ, адзінства гэта не аднолькавасць! Гэта ў савецкія часы хацелі ўсіх прымусіць думаць аднолькава! Бог так не робіць, Ён хоча, каб мы былі адзіныя духам, у любові і праўдзе. Гэта не азначае, што любоў будзем аднолькава выражаць, а праўда адкрываецца ўсім разам з розных бакоў, ніхто не мае індывідуальнага патэнта на праўду. Ня можа так быць, што праўда толькі у нас! Праўда таксама выходзіць з дыялога.

 

Можа хтосьці скажа, што вельмі ідэалістычна і далёка ад рэчаіснасці апісваю патрабаванні нейкай немагчымай святасці і веры…

Але тады і я моцна засумняюся ў спаўненні вялікіх ідэяў уратавання Беларусі, яе вызвалення без Божай дапамогі і асабістага імкнення нас усіх да Божага святла ў звычайным жыцці, і радыкальнасці ва ўсім, што робім.

 

Трэба сёння і зараз шукаць, і знайсці тое, што для ўсіх адназначна, тое, што ўсіх насамрэч, не на паперцы, натхняе, яднае, і дасць трывалыя плёны для Беларусі!

 

Юлія Фралова, сябар Нацыянальнай Рады Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі 

Болей навін