Беларуская глыбіня. Ражкоўскі цуд

06 снежня 2012 15:21  |  Жывая кніга Паўла Севярынца

У ім ёсць нешта такое, што пераўзыходзіць і нянавісць да нацыстаў ды камуністаў, і бездань нявер’я, і міжканфесійныя спрэчкі.

 

Каля крыжа Ісуса стаялі Маці Ягоная,
і сястра Маці Ягонай Марыя Клеопава,
і Марыя Магдаліна.
Ісус, убачыўшы Маці і вучня, які тут стаяў,
якога любіў, кажа Маці Сваёй:
Жанчына! Вось сын Твой.
Евангелле паводле Лукі 19:25-26

 

У нетрах Белавежскай пушчы, на адлегласці мігцення начнога маяка з Камянецкае Белае вежы, ёсць вёсачка. Вецер там заблытваецца і сціхае ў найгусцейшым вецці, хаты тонуць у туманах да комінаў, спеўныя і драпежныя птушкі робяць у небе кола, выглядваючы чалавечую выспу сярод хваляў вечнага лесу, і высакародныя алені прыходзяць на падвор’і — пяшчотнымі цёплымі вуснамі падбіраць залатыя яблыкі.

 

Вёсачку клічуць Ражкоўка.

 

У верасні 1942 савецкі самалёт скінуў тут парашутыстаў-дыверсантаў. Немцы не ўпалявалі аніводнага, але ў перастрэлцы загінула двое патрульных.

 

Парашутысты зашыліся ў пушчу — ведама, далучыліся да партызанаў (потым такія на заданне Масквы адстрэльвалі тутэйшых камандзіраў-незалежнікаў, каб падначаліць рух камуністам). А жыхароў вёсачкі сагналі разам, 57 сем’яў, і — па сотні за забітага жаўнера — павялі забіваць.

 

Дзяцей аддалі ў бліжэйшае мястэчка, падлеткаў і моладзь падрыхтавалі для адпраўкі чыгункай у Нямеччыну… Мужчынам загадалі капаць велізарную яму — два метры глыбіні, чатыры метры шырыні і дваццаць чатыры метры даўжыні.

 

Гэтая магільная яміна агаломшана зеўрае там і дагэтуль.

 

28 верасня 1942, разявіўшы пашчу, яна ўбачыла ўсё. Расставілі кулямёты. Зачыталі загад: «За дапамогу бандытам і перахоўванне савецкага парашутыста»…

 

Ашчэраная, гатовая скаўтнуць яшчэ цёплыя, ссечаныя кулямі целы, яна прымружылася… І раптам убачыла ў небе самалёт з нямецкімі крыжамі. Той пачаў зніжацца, зрабіў кола і прызямліўся на ўзлеску.

 

Ражкоўцы стаялі на краі ямы. Плакалі. Маўчалі. Маліліся…

 

А з самалёта вылез афіцэр, падышоў да зондэркаманды, прад’явіў там свае дакументы і папрасіў дзве гадзіны пачакаць.

 

Нават яме, страшнай яме два метры глыбінёй, чатыры метры шырынёй і дваццаць чатыры метры даўжынёй, за гэтыя дзве гадзіны звяло сківіцы.

 

Афіцэр аказаўся егерам Герынга, адкамандзіраваным для ўладкавання ўзорнай паляўнічай гаспадаркі Райха ў Белавежскай пушчы, роўна праз дзве гадзіны прывёз расстрэльнай камандзе новае распараджэнне са штаба.

 

І здарыўся цуд.

 

Вяскоўцаў распусцілі па дамах. Дзяцей і моладзь вярнулі бацькам. Толькі яму засыпаць не дазволілі: маўляў, будзеце дапамагаць партызанам — прысуд уступіць у дзеянне.

 

Нямецкі афіцэр прыехаў у ацалелую Ражкоўку праз два тыдні. І прывёз з сабой выразаную з дрэва выяву Мадонны, расфарбаваную сінім, чырвоным і залатым, з Дзіцём у белым. На ягоную замову паводле падрабязнага апісання скульптурку зрабіў паранены жаўнер вермахта ў шпіталі.

 

— Вось што я бачыў у небе, калі пралятаў над вамі, — тлумачыў немец праз перакладчыка. — Мадонна паказвала на зямлю, дзе былі вы. Калі б не Яна, я б не прызямліўся. Яна сказала мне спыніць расстрэл.

 

За некалькі месяцаў ражкоўцы сваімі сіламі пабудавалі ў вёсцы царкву і памясцілі туды выяву Марыі. Зробленую немцам. Некананічную. З надпісам «28.9.1942».

 

Ужо ў 2000-х, пасля адбудовы епархіі, царкоўныя ўлады распарадзіліся напісаць адмысловы абраз, згодна з праваслаўнымі канонамі, і дзе нідзе на Палессі пачалі пераймаць традыцыю: Маці Божая Ражкоўская.

 

Цуд відавочны. Як не паверыш? З’ездзіце, самі паслухайце, пераканайцеся: не казка. Яшчэ жывыя сведкі ды іх нашчадкі. Выява Мадонны з Маленькім у Царкве. Яма на ўскрайку вёскі. І алені ўсё гэтак жа прыходзяць па залатыя яблыкі — не баяцца людзей…

 

Што можа сказаць чалавек няверуючы тым, хто быў уратаваны? Галюцынацыя пілота? Збег абставінаў? Гэта ж трэба было асу Герынга ляцець рыхтык там, дзе трэба, у той час, калі трэба, і прымроіць у небе самае тое, што трэба… А як пасля палітрукі ды выкладчыкі навуковага атэізму мірыліся з Ражкоўскім цудам?

 

У тым і рэч, што ніяк.

 

У Пушчу не лазілі, у царкву не паткнуліся ды зрабілі выгляд, што нічога ў верасні 1942 у той Ражкоўцы не адбывалася.

 

Інакш — давялося б пагалоўна расстрэльваць тых самых ражкоўцаў як непапраўна веруючых ужо самой бязбожнай уладзе.

 

У Ражкоўскім цудзе ёсць нешта такое, што пераўзыходзіць і нянавісць да нацыстаў ды камуністаў, і бездань нявер’я, і міжканфесійныя спрэчкі.

 

Які праваслаўны тут адмовіцца прыняць цуд, што прайшоў праз каталіка з Люфтвафэ?.. І які пратэстант абвінаваціць лётчыка ў ідалапаклонстве?..

 

Мы дзівімся Віфлеемскаму агню. Мы шукаем знакаў веры, рэліквіяў і прарываў у Няведамае ў сеціве і па ўсім свеціве.

 

А тут — побач…

 

«Першы раз такое чую».

 

Дык прыслухайцеся: пачуеце яшчэ і не такое.

 

Як бы ні было страшна ды безнадзейна, якія б магільныя ямы ні прымушалі нас рыць на гэтай зямлі, часцей падымайма вочы да неба. Няма такіх цудаў, каторых дзеля любові да людзей не зрабіў бы ў Беларусі Той, Хто нарадзіўся ў глухім кутку свету, у хляве, ад беднай Жанчыны маленькім безабаронным Дзіцём…

Болей навін