Беларуская глыбіня. Трыадзіная краіна

10 снежня 2012 12:56  |  Жывая кніга Паўла Севярынца

«Нашы» — гэта праваслаўныя, «хрысціяне» — адпаведна, каталікі, ну а «веруючыя», вядома, — пратэстанты.

 

Бо тры сведчаць на небе:
Айцец, Слова і Святы Дух,
і гэтыя Тры — адно.
І Яна 5:7

 

— Праваслаўная?.. Усе мы праваслаўныя, правільна славім Бога, — кажа бацюшку шляхетнага выгляду каталічка, што вянчае сына з тутэйшай прыхаджанкай.

 

— Ну дык царква ж кафалічная, усяленская, — узаемна ўсміхаецца малады бацюшка, — значыць, каталікі мы ўсё-такі!..

 

— Ды баптысты мы ўсе, баптысты, — далучаецца сам сын, які ходзіць у Дом малітвы, — усе ж хрышчаныя, а «баптызо» і значыць «хрышчэнне».

 

Тут, у беларускай глыбіні, паспаліты люд часцяком дзеліць уцаркоўленых на «нашых», «хрысціянаў» і «веруючых». «Нашы» — гэта праваслаўныя, «хрысціяне» — адпаведна, каталікі, ну а «веруючыя», вядома, — пратэстанты.

 

І як не пагадзіцца з пружанскімі суразмоўцамі — усе яны, хто верыць у Хрыста, нашы. Усе яны хрысціяне. Усе яны веруючыя

 

Ва ўнутраным беларускім моры, заліваным то царкоўнаславянскімі, то лацінскімі, то рэфармацкімі хвалямі, распушчаюцца і пераліваюцца адно ў адно ўсе адрозненні і вострыя грані, спароджаныя сусветныя раздзяленнямі. І праблісквае, прасвечвае і калышацца ў беларускіх з’явах — глыбока, прамяніста — найвышэйшая любоў, з якой калісьці ствараў гэты свет Госпад.

 

На цэнтральнай плошчы ў беларускім горадзе ці мястэчку спрадвеку праваслаўная царква, каталіцкі касцёл і евангельскі збор прыязна глядзелі ў вокны адно аднаму: нарэшце сустрэліся!

 

Разыходзіліся, расколваліся, раздзяляліся шмат дзе — у Рыме, Канстанцінопалі, Маскве, Аўсбургу, Трыдэнцы… Але вярнуліся адзін да аднаго ў Беларусь.

 

Містыка і ўзвышанасць праваслаўя, выкшталцоная логіка і рацыя каталіцтва, пратэстанцкая простасць і прага аднаўлення — у трыадзіным беларускім хрысціянстве наноў сышлася ўся поўня вучэння Ісуса Хрыста, рассеяная за дзве тысячы гадоў па ўсім свеце.

 

«Дзе двое ці трое сабраліся ў Імя маё, там і Я сярод іх» — найвышэйшы сэнс беларускага сінтэзу, сфармуляваны ў Евангеллі. Талеранцыя, унія, унікальны іканапіс, віленскае барока касцёлаў, цэркваў і збораў — вынік хрысціянскага трыадзінства па-беларуску. «Беларусь — краіна найперш хрысціянская, а затым ужо праваслаўная, каталіцкая, уніяцкая… Нас аб’ядноўвае крыж», — піша Адам Мальдзіс.

 

Бог-Айцец, Бог-Сын і Бог-Дух. Неспасціжна, нязлітна і непадзельна з’яднаныя любоўю — бо Бог ёсць любоў.

 

І трыадзінства як уласцівасць Бога скразіць ува ўсім тварэнні, праблісквае ў сутнасці чалавечай асобы ды будове народаў, праменіць у духовых феноменах.

 

Нябёсныя іерархіі, паводле айцоў Царквы, траістыя — і, не забудземся, менавіта траціна анёлаў на чале з сатаной адпала ад Бога. Чалавек — трыадзінства цела, душы і духа, ідэальная ўлада — трыадзінства заканадаўчай, выканаўчай і судовай галінаў, нацыянальныя ідэі фармуюцца ў трыядах — і ці варта здзіўляцца таму, што мы існуём у трохмернай прасторы?..

 

Тым больш — сусветная царква, тая самая, «адзіная, саборная, апостальская». Бачная царква падзеленая — гэта факт. Але… Праваслаўныя найбольш ушаноўваюць Бога-Айца (згадайма, што ў Сімвале веры крыніцай паходжання святога Духа ўважаецца Бог-Айцец, тым часам як у каталікоў — «філіёквэ» — Айцец і Сын); каталікі з іх Хрыстацэнтрызмам, згаданым філіёквэ і асаблівым ушанаваннем Панны Марыі найперш засяроджваюць увагу на Богу-Сыне, а пратэстанты, што святкуюць на Пяцідзясятніцу дзень спаслання Святога Духа, Дзень царквы і шмат увагі надаюць дарам Духа, наймацней у вучэнні пра Бога-Духа.

 

Таму, хто хоча адчуць усю поўню беларускага хрысціянства, найлепш адзначыць Раство ў Касцёле, Вялікдзень — усяночнай у праваслаўных, а Тройцу — (яна ж Пяцідзясятніца) — у пратэстантаў.

 

Гістарычна менавіта хрысціянскае трыадзінства было кропкай кіпення і пунктам грамадскага росту ў ВКЛ і Беларусі. Узаемапранікненне, канкурэнцыя і сумоўе трох канфесіяй далі нам абуджэнне Залатога веку — час найвышэйшых дасягненняў. Праваслаўная Расея, каталіцкая Польшча, пратэстанцкія Нямеччына ды Швецыя ў розныя часы расцягвалі Беларусь на кавалачкі. Але для краіны, што тысячу гадоў жыве на геапалітычным крыжы, увесь сэнс цэласці не ў выбары якой-небудзь адной канфесіі, а якраз ва ўсведамленні ўласнага трыадзінства.

 

Так беларускі геній Скарына, праваслаўнай традыцыі, на каталіцкай працы, паводле перакананняў евангелік, сумясціў у сабе ўсё найлепшае з канфесійнай Тройцы — і стаў постаццю №1 у нацыянальнай гісторыі.

 

Так трыяда сімвалаў — герб, гімн і сцяг — у Беларусі адпаведная Боскім іпастасям: «Магутны Божа» ад Бога-Айца, бел-чырвона-белы сцяг Хрыста ад Бога-Сына і імклівая «Пагоня», што перадае палымяную моц Духа Святога.

 

Скразіць, пераламляецца гранямі хрысціянскае трыадзінства і ў беларускай глыбіні, на Пружаншчыне,

 

вазьмі хаця ж апошняе стагоддзе: тут і заснавальнік евангельскай царквы на Берасцейшчыне пратэстант Лукаш Дзёкуць-Малей, і найсвядомейшы перакладчык Бібліі на беларускую мову праваслаўны Васіль Сёмуха, і першы з часоў падзелу Рэчы Паспалітай беларускі кардынал Казімір Свёнтак — усе ўтрох сведчылі пра Бога і аддалі жыццё Беларусі.

 

Перад крыжовымі пакутамі, у страшную ноч Таемнай вячэры Ісус маліўся за адзінства вучняў, якое мае захаваць чалавецтва любоўю: «Хай будуць усе адзіна, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны хай будуць у Нас адзіна — хай паверыць свет, што Ты паслаў Мяне. І славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім: хай будуць адзіна, як Мы адзіна. Я ў іх, і Ты ўва Мне: хай будуць паяднаныя ў адно, і спазнае свет, што Ты паслаў Мяне і палюбіў іх як палюбіў Мяне»… Палічыце, колькі разоў у гэтых трох біблійных вершах сказана пра адзінства!

 

Пакуль у нацыянальным маштабе не будзе ўсвядомлена хрысціянскае трыадзінства, пакуль любоў паміж вернікамі розных вызнанняў не сталася сутнасцю дачыненняў — шматканфесійнасць Беларусі будзе яе слабасцю.

 

І, наадварот, дасягнутае яднанне ў справе адраджэння народа і ацалення грамадства сфармуе капітальную маральную платформу для пераменаў ды шматкроць павялічыць жыццяздольнасць і моц беларускасці.

 

Гэта наш народ, складзены з вобразаў і падабенстваў Божых. І гэта не з Лукашэнкі, і не з ягоных дзяцей ці чыноўнікаў, а з нас будзе спытана там) — ці адпалі мы следам за трацінай анёлаў, ці ўтрая мацней высільваліся, каб быць хоць трошкі бліжэй да белай-белай, ззяючай чысцінёй і святасцю краіны Айца і Сына і Святога Духа…

Болей навін