Памяць пра мучанікаў за веру і Бацькаўшчыну кс. Вінцэнта Гадлеўскага і кс. Адама Станкевіча жыве

23 снежня 2012 21:23  |  Грамадства

Вігілія Божага Нараджэння 1942 года. Мінск. Марозна і снежна. Цёмнымі завулкамі, азіраючыся, з неспакоем у сэрцах, ідуць людзі ў кірунку Чырвонага касцёла. Хаваюць свае твары за высока паднятымі каўнерамі і нацягнутымі ажно да вачэй шапкамі. …Але не столькі ад марозу і завірухі. Старэйшым прыгадваюцца неазмрочаныя ваенным ліхалеццем часы, калі гуртам, прыбраныя, ішлі да касцёла, бадзёра віталі адно аднаго, не хаваліся ад месячнага святла.

 

Такі малюнак выразна акрэсліўся ў маім уяўленні, калі 23 снежня ў касцёле свв. Сымона і Алены малілася за мучанікаў веры кс. Вінцэнта Гадлеўскага і кс. Адама Станкевіча.

 

70 гадоў таму ў вігілію Божага Нараджэння менавіта ў гэтай нашай святыні быў арыштаваны кс. Вінцэнт Гадлеўскі. Можа, аднойчы, калі касцёл быў пусты, ён таксама сядзеў у гэтай лаўцы, на гэтым месцы, пазіраючы ў бок чырвонага агеньчыка. Маліўся… Можа, так, як Езус, давяраўся свайму Стварыцелю, кажучы ціха: няхай абміне мяне гэты келіх, але няхай не мая будзе воля, а Твая, Божа…

Вайна, ліхалецці — час, калі чалавек асабліва стаіць перад выбарам дабра і зла, а вельмі часта перад выбарам зла большага і зла меншага. Аднак як не здрадзіць сабе, выбраўшы нават меншае зло?..

 

Сцены гэтай векавой святыні бачылі падзеі таго трагічнага дня. Бог ведаў думкі і пачуцці кс. Вінцэнта, быў побач з ім падчас арышту і пасля — калі ён быў расстраляны гестапаўцамі ў Трасцянцы без суду і следства за падпольную дзейнасць. Ён не выдаў нікога, бо больш ніхто з Беларускай незалежнай партыі тады не быў арыштаваны.

 

Вяртаю свае думкі ў сучаснасць, і ўсё пераўтвараецца: замест пустой халоднай святыні — шмат людзей, убраныя ёлкі, святары ля алтара, і ўсчулены твар Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які распавядае пра сваіх папярэднікаў-душпастыраў на гэтай зямлі.

Ксяндза Гадлеўскага, аддаўшага сваё жыццё ў свята Уцелаўлення Божага Слова, арцыпастыр назваў руплівым святаром і евангелізатарам, які перадаваў слова Божае як праз навучанне, так і праз пераклад на беларускую мову Новага Запавету.

 

Арыцыбіскуп узгадаў і пра тое, які вялікі ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага народа ўнёс кс. Адам Станкевіч, 120-годдзе нараджэння якога прыпадае на гэты год. Гэты беларускі святар, асветнік, паэт і публіцыст быў перакананы, што «нацыянальнае адраджэнне нашага народа мусіць заўсёды мець на ўвазе адвечныя асновы Хрыстовай навукі». І гэтае перакананне стала сэнсам яго жыцця і натхненнем у справе пашырэння Божага слова па-беларуску. Памёр кс. Станкевіч як вязень канцлагера ў Тайшэцкім раёне пад Іркуцкам у 1949 годзе.

 

«Свята Божага Нарадэжння — гэта свята жыцця. Можна забіць цела чалавека, але нельга забіць усяго чалавека. Няхай жа Міласэрны Езус, да святаў нараджэння якога мы рыхтуемся, будзе літасцівы да сваіх слугаў кс. Вінцэнта Гадлеўскага і кс. Адама Станкевіча, і за іх вернае служэнне Богу, Касцёлу і Бацькаўшчыне адорыць жыццём вечным», — маліўся за спачылых братоў у святарстве Мітрапаліт.

«Божа, выхоўвай нас да дабра», — малілася я.

 

Валянціна Грамыка

Болей навін