Сёння ў праваслаўных – посная Куцця, у каталікоў – Тры Каралі, ва ўніятаў – Богаз’яўленне
Праваслаўныя хрысціяне ў Беларусі адзначаюць сёння пярэдадзень свята Раства Хрыстовага, які ў нас носiць назву «першай, поснай, беднай, галоднай» Куццi, а ў суседняй Расеі называюць «сачэльнікам». А ў беларускіх каталікоў заходняга і ўсходняга абраду 6 студзеня святкуюцца заключныя святы калядных тыдняў Аб’яўленне Пана ці Тры Каралі і Богаз’яўленне ці Вадохрышча адпаведна.
Абедзьве назвы пачатку калядных святаў у праваслаўных паходзяць ад назвы абавязковай у гэты дзень постнай стравы. Куцця (ці сочыва) — каша з пшанічнага зерня (груца) ці рысу, з макам ці мёдам, часам з міндалём але пустая – без алею ці масла.
Але есці куццю ды іншыя стравы поснай святочнай вячэры, якіх паводле традыцыі мусіла быць 12, можна было толькі пасьля першай зоркі – сімбаля той самай Віфлеемскай зоркі, што калісці абвесціла аб нараджэнні Хрыста. А да вечара ўвесь дзень прынята трымаць строгі пост, бо гэты дзень ёсць апошнім днём 40-дзённага піліпаўскага паста.
У гэты дзень вернікі з асаблівай стараннасцю рыхтуюцца да сустрэчы Свята. Каб увесь год у доме былi парадак i чысцiня, трэба было ўсё прыбраць: шкрэблi сталы, лавы, падлогу, чысцiлi печ, мянялi сеннiкi.
Пярэдадзень Калядаў — гэта момант незвычайнага эмацыянальнага стану, святочнага настрою. Уся сям’я рыхтавалася да свята. Хто i дзе б нi знаходзiўся, абавязкова спяшаўся да гэтага дня вярнуцца дадому. Сэнс гэтага жадання зразумелы: калi ў першы дзень Калядаў усе будуць дома, то i на працягу ўсяго года сям’я будзе разам; калi ж хтосьцi не змог апынуцца дома, то меркавалi, што ў гэтым годзе ён можа пакiнуць сям’ю назаўсёды.
У хрысцiянскай традыцыi лiчыцца, што аб часе i месцы нараджэння Iсуса Хрыста валхвам паведамiла Вiфлеемская зорка, якая ўзышла на небасхiле з наступленнем цемры. Менавiта таму святочная вячэра пачыналася ўвечары са з’яўленнем першай зоркi i праходзiла ў строгiм маўчаннi. Як вядома, Iсус Хрыстос нарадзiўся ў авечнiку i першай яго калыскай былi яслi з сенам. Таму неад’емным атрыбутам сервiроўкi святочнага стала быў невялiкi стос сена. Яго тонка сцялiлi на стале, а зверху засцiлалi абрус.
Нараджэнне Хрыстова не сустракалi ў паўсядзённым адзеннi. Лiчылася, што гэта i надалей будзе правакаваць беднасць. Таму адзенне павiнна быць новым. Непажадана было апранаць адзенне цёмных колераў.
Нашы продкi верылi, што апоўначы на свята Нараджэнне Хрыстова расчыняецца Нябесная брама i на зямлю сыходзiць Сын Божы. I таму ў гэты час можна прасiць Госпада аб выратаваннi ад хваробаў i ўсіх сваiх грахоў.
Багаслужбы ў гонар Раства Хрыстовага напярэдадні і ў дзень свята пройдуць ва ўсіх праваслаўных храмах Беларусі. Традыцыйна ўрачыстае Ўсяночнае трыванне распачынаецца 6 студзеня а 18-00 гадзіне, а затым апоўначы і зраніцы 7 студзеня пройдуць Святочныя Літургіі.
Рыма-каталіцкі касцёл адзначае 6 студзеня Аб’яўленне Пана ці Тры Каралі, узгадваючы ў гэты дзень пакланенне мудрацоў з усходу, што прынеслі Дзіцятку Езусу свае дары: золата, ладан і смірну. Народная беларуская каталіцкая традыцыя называе гэтых мудрацоў таксама каралямі, а іх пакланенне сімвалізуе пачатак Божага Аб’яўлення язычніцкім народам, прадстаўнікамі якіх яны былі.
Мудрацы, або магі, вешчуны – так называлася ў Бібліі святарская каста, якая існавала ў старажытнасці на Усходзе. У той далёкі час мудрацы карысталіся вялікаю павагаю, бо мудрасць і сіла заключалася ў веданні таямніцаў, якія былі недаступныя простым людзям.
У Евангеллі гаворыцца, што ў час нараджэння Хрыста «прыйшлі ў Ерузалем мудрацы з Усходу і кажуць: Дзе нованароджаны Кароль Юдэйскі?» (гл. Мц 2, 1). Што гэта былі за людзі, з якой краіны і якой рэлігіі – пра гэта евангеліст не дае аніякіх звестак. Але далейшыя словы мудрацоў пра тое, што яны прыйшлі ў Ерузалем, бо «ўбачылі на Усходзе зорку Караля Юдэйскага, якому і прыйшлі пакланіцца» (гл. Мц 2, 2), сведчыць аб тым, што яны належалі да ўсходніх мудрацоў, якія займаліся астранамічнымі назіраннямі. Прычыну, па якой чакалі на Усходзе незвычайную зорку і сачылі за яе з’яўленнем, звязваюць з прадказаннямі ў Кнізе Лічбаў: «Бачу Яго, але яшчэ не сёння; бачу Яго, але не блізка. Узыходзіць зорка ад Якуба і паўстае жазло ад Ізраіля» (24, 17); у Кнізе прарока Ісаі: «Устань, свяціся, Ерузалем, бо прыйшло тваё святло, і слава Пана ўзышла над табою… І пойдуць народы да твайго святла, і каралі да бляску твайго ўсходу» (60, 1; 3); у псальме: «Каралі Тарсісу і астравоў прынясуць Яму дары, каралі Аравіі і Сабы складуць даніну. І паклоняцца Яму ўсе каралі, усе народы будуць служыць Яму» (72(71), 10–11).
Прыкладна ў час нараджэння Хрыста на небе было бачнае надзвычай рэдкае яднанне планет Юпіцера і Сатурна ў сузор’і Рыбаў. Яно не магло не прыцягнуць увагі ўсіх, хто назіраў за зорным небам і займаўся астраноміяй, а менавіта халдзейскіх мудрацоў. У наступным годзе да гэтага яднання планет далучыўся Марс, які яшчэ больш павялічыў незвычайнасць нябеснай з’явы. Яднанне планет каля адной нерухомай цудоўнай зоркі было знешнім знакам, які Бог выкарыстаў для таго, каб прывесці мудрацоў да Вялікай зоркі, што ўзышла над Бэтлеемам. Мудрацы, пакланіўшыся нованароджанаму Хрысту ў Бэтлееме, па сведчанні евангеліста, «адышлі ў краіну сваю», выклікаўшы гнеў Ірада (гл. Мц 2, 16).
Колькі дакладна было ў Бэтлееме мудрацоў, біблейская гісторыя не гаворыць, але свету вядомыя ўсяго тры дары-скарбы, і таму хрысціяне здаўна сталі лічыць, што іх было таксама трое. Пра ўсходніх мудрацоў склалі цыкл легендаў, у якіх яны паўстаюць ужо не простымі мудрацамі, а каралямі, прадстаўнікамі трох расаў чалавецтва. Пазней традыцыя, абапіраючыся на апакрыфічнае евангелле ІV ст., называе нават іх імёны – Каспар, Мельхіёр і Бальтазар, і падрабязна апісвае іх выгляд. Ва ўсходніх хрысціянскіх паданнях мудрацы набываюць яшчэ большую знешнюю магутнасць і хараство. Ёсць звесткі і пра тое, што апостал Тамаш сустрэў іх у Парфіі, дзе яны прынялі ад яго хрост, сталі пабожнымі хрысціянамі і прапаведвалі Евангелле на Усходзе.
Мудрацы скончылі зямное жыццё прыблізна ў адзін і той жа час і пахаваныя былі таксама разам. Легенда дадае, што іх мошчы потым былі знойдзены святой Аленай і змешчаны спачатку ў Канстанцінопалі, а адтуль перанесеныя ў Мілан. З Мілана мошчы трох мудрацоў у 1164 г. кёльнскі арцыбіскуп Райнальд фон Дасэль перавёз спачатку па сушы на спецыяльных падводах, а потым – на караблі па Рэйне ў Кёльн, дзе яны і знаходзяцца да сённяшняга дня. Мясцовай школе залатароў Ніколы фон Вердэна ў 1181 г. было даручана зрабіць саркафаг для рэліквій трох мудрацоў. Ён быў выкананы ў форме трохнававай базылікі: ніжнюю частку складаюць два злучаныя адзін з адным саркафагі, на якіх змешчаны трэці. Саркафаг, пры вырабе якога было выкарыстана 43 кілаграмы чыстага золата, багата ўпрыгожаны каляроваю эмаллю, філігранню, каштоўнымі камянямі. Бочныя часткі ніжніх саркафагаў аздобленыя рэльефнымі выявамі старазапаветных каралёў і прарокаў, у верхняй частцы – выявы апосталаў і анёлаў.
З Евангелля вядома, што мудрацы, «адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму (Езусу) дары: золата, кадзіла і міру» (пар. Мц 2, 11). Золата – як падарунак для Караля, кадзіла (дарагая па тых часах араматычная смала, якую дарылі ў знак асаблівай пашаны) – для Бога, мірру – для Збаўцы, які стаў Сынам Чалавечым. Дары мудрацоў, як сведчаць касцёльныя гісторыкі, беражліва захоўвала ўсё жыццё Маці Божая, якая незадоўга да свайго Унебаўзяцця перадала іх у Ерузалемскую святыню, дзе яны знаходзіліся разам з поясам і плашчом Багародзіцы да 400 года. Потым дары былі перанесеныя візантыйскім імператарам Аркадзіем у Канстанцінопаль, а пасля трапілі ў Нікею і захоўваліся там прыкладна 60 дзесяцігоддзяў. Па невядомай прычыне дары зноў былі вернутыя ў Канстанцінопаль, а пасля падзення ў 1453 г. Візантыі перапраўлены на Афон у кляштар святога Паўла.
Для ўшанавання гэтых трох евангельскіх мудрацоў, якія прыйшлі пакланіцца Хрысту, 6 студзеня згодна са старажытнай традыцыяй, гаспадар піша крэйдаю над уваходам у дом ці на дзвярах пачатковыя літары імёнаў трох мудрацоў: К+M+Б і пазначае год. Цяпер тры каралі лічацца апекунамі ўсіх вандроўнікаў.
А беларускія каталікі візантыйскага абраду сёння святкуюць Богаз’яўленне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, вядомае таксама як Вадохрышча. Пасля Пасхі Хрыстовай і Зыходу Святога Духа гэта найдаўнейшае свята літургічнага календара Усходняй Царквы, бо Богаз’яўленне на хрысціянскім Усходзе пачалі святкаваць у канцы ІІ ці на пачатку ІІІ стагоддзя.
У першыя стагоддзі хрысціянства яно лічылася зборным, бо ахоплівала шэраг падзей з жыцця Ісуса Хрыста, якія сведчылі пра Ягоную боскасць: Раство, пакланенне мудрацоў, Хрост у Ярдане, цуд у Кане Галілейскай і цудоўнае памнажэнне хлеба. Толькі ў канцы IV ст., пасля пераносу свята Раства Хрыстовага на 25 снежня, 6 студзеня становіцца для ўсходніх хрысціян выключна днём свята Хросту Гасподняга.
З хрысціянскага Усходу не пазней за IV ст. свята Богаз’яўлення пераходзіць на Захад. Святыя Айцы і прапаведнікі Заходняй Царквы на Богаз’яўленне ўсё большы націск робяць на пакланенні мудрацоў. З часам на Захадзе 6 студзеня становіцца святам Трох Каралёў, а памяць Хрыстовага Хросту пераходзіць на 13 студзеня.
Ва Усходняй Царкве свята Богаз’яўлення належыць да двунадзясятых.
Непасрэдна перад святам, 5 студзеня, вернікі абавязаны трымаць строгі пост.
Са святам Богаз’яўлення цесна павязана Вялікае, альбо ярданскае асвячэньне вады. Вялікае асвячэнне адбываецца толькі двойчы на год — у навячэрніцу і ў дзень свята Богаз’яўлення. Гэтая традыцыя Усходняй Царквы сягае першых стагоддзяў хрысціянства. З таго часу Царква лічыць асвячаную ў Вадохрышча ваду за вялікую святасць і сцвярджае ейную цудадзейную сілу для душы і цела.