Кітайцы і мая мачыха Бельгія
…Чаго я хацела б, дык гэта таго, каб мая маці-радзіма, Беларусь, ставілася да імігрантаў так, як мая мачыха Бельгія паставілася да мяне!.. Хаця б у маральным плане… Паверце, гэта выклікае павагу!..
Першапачаткова хацела даць гэтаму тэксту загаловак: «Страх перад міфічнымі кітайцамі». І найперш я прызнаюся ў сваім страху.
Не, гэта страх не перад кітайцамі. А перад маімі суайчыннікамі – беларусамі…
Сорамна ў гэтым сазнавацца, але мне боязна падымайь гэтую тэму, бо я баюся суайчыннікаў і іх каментароў… Я баюся, што ў маёй роднай Беларусі ад першага дажджу павылазяць плевелы таго, што мне непрыемна часам заўважаць у Бельгіі, – таго, што ў нас завецца ксенафобіяй, а ў Заходняй Еўропе – расізмам (на Захадзе пад словам «расізм» разумеюць любую непрыязь да іншаземцаў). З той розніцай, што ў Бельгіі сітуацыя яшчэ неблагая… у параўнанні з тым, што, баюся, можа распаўсюдзіцца на беларускай зямлі, калі іншаземцаў раптам зробіцца больш. Выказванні некаторых спадароў (у тым ліку прадстаўнікоў дэмакратычнае супольнасці) прымушаюць баяцца, што ўяўленне пра беларускую талерантнасць рассыплецца, як картачны домік, у сутыкненні з рэальнасцю; што нашая славутая талерантнасць акажацца хіба «агульнай млявасцю і абыякавасцю да жыцця» – але не ўменнем жыць разам з Іншымі… Я баюся, што ў Беларусі можа распачацца той жа самы жах, з якім я сутыкнулася ў Расіі, – напрыклад, папрацаваўшы ў галіне сацыялагічных даследванняў; калі на пытанне пра праблемы раёна многія людзі казалі: «чорныя» і нават нешта пра «генацыд славянскай нацыі», і выражалі сімпытыі «Жырыку» бо той «паганяе чорных». Дарэчы, нешта падобнае потым сустрэла ў дакументальнай кнізе пра Марціна Лютэра Кінга:
«Прыгожы хлопец-бландын, з мужным тварам і блакітнымі вачыма… Я ў яго запытаўся:
У вас у Атланце ёсць некаторыя маленькія праблемы, ці не так?
– Негры? Вы кажаце пра неграў?
– Так.
– Гэтыя вырадкі! Я іх ненавіжу”.*
…У савецкім Саюзе не было сэксу; яшчэ у большай ступені там не было расізму… Жахі кшталту месцаў для чорных у аўтобусаў і Ку-клукс-клана ніяк не асацыіраваліся з больш звыклымі рэчамі: такімі, як пагарда да жанчыны якая нарадзіла чорнага дзіцёнка ці сустракаецца з каўказцам… І хто б мог падумаць, што пасля развала імперыі дыялог, падобны на цытаваны вышэй, зробіцца магчымым і на ўскраіне Пецярбурга…
А грамадскія інстытуты ў Расіі (часам, на жаль, і рэлігійныя дзеячы) замест таго каб змагацца з рэальнай грамадскай і духоўнай праблемай – ксенафобіяй, – яшчэ і правацыруюць гэтую праблему, насаджаючы ідэалогію, якую я б назвала “дэмаграфічным расізмам”: распаўсюджванне страха перад падвышэннем працэнту нярускага насельніцтва. (Дарэчы, чула я версію пра тое, што менавіта патрэба ў падвышэнні працэнту прадстаўнікоў тытульнай нацыі ў Расійскай імперыі і прывяло да праекту аб’яднання “вялікаросаў, маларосаў і беларусаў” у “адзіны рускі народ” – гэта так, да слову і да пытання наконт таго, ці варта нам, беларусам, пераймаць расійскія фобіі…).
Такім чынам, змаганне з праблемай пакуль што ўяўнай (меркаваны прыгнёт рускага насельніцтва нярускім, – дарэчы, характэрна і тое, наколькі апрыёрным тут з’яўляецца бяздоказнае меркаванне, што нярускія будуць менавіта прыгнятальнікамі), – змаганне з уяўнай праблемай правацыруе праблему рэальную: ксенафобію і расізм на расійскіх прасторах.
Але ж, скажаце вы, гэта ў Расіі, а не ў нас… Вой, хацелася б верыць… Але пакуль няма дастатковых падставаў расслабляцца. Бо і ў нас у грамадстве заўважны страх перад пакуль што меркаванымі пагрозамі, якія асацыіруюцца з праектаванай іміграцыяй кітайцаў. Таму падаецца мне, што прывід бродзіць па Беларусі – прывід расізму. Хацелася б верыць, што гэта толькі прывід.
Страх перад уяўнай пагрозай правацыруе рэальную пагрозу: пагрозу ксенафобіі. А падазорнасць і непрыязь – далёка не лепшы спосаб наладзіць стасункі з прыезжымі і дапамагчы ім паважаць нашую зямлю і культуру.
Што сапраўды можа дапамагчы імігрантам паважаць і нават палюбіць краіну якая іх прымае – гэта стаўленне добразычлівасці і дапамогі. Вось гэта я дакладна ведаю, бо ў дадзены момант сама з’яўляюся імігрантам у Бельгі.
Кажуць, што родная краіна – маці, а чужая – мачыха. Гэта так. З улікам таго, што і мамы, і мачыхі бываюць розныя.
Мая мачыха Бельгія паставілася да мяне добра. На яе зямлі я набыла добрых знаёмых і нат сяброў, атрымала працу, а на працягу некалькіх месяцаў беспрацоўя – сацыяльную дапамогу. Згаджуся, што не ўсім імігрантам тут так пашчасціла (залежыць ад сітуацыі); але я адчула пазітыўнае чалавечае стаўленне да сабе, а таксама – падтрымку сістэмы. Гэта і спрычынілася да ўзнікнення і слёз пры гуках бельгійскай патрыятычнай песні, і прыязнага адчування – калі падчас вяртання з Нямеччыны ў вагон нарэшче ўваходзіць бельгійскі кантралёр; а галоўнае – да пачуцця свайго абавязку перад краінай якая мяне прыняла, да жадання здаць кроў (тут за гэта не плацяць) і папрацаваць валанцёрам ва ўстанове для інвалідаў.
Пры гэтым мачыха ёсць мачыха – не тое адчуванне зямлі, не той смак у сэрцы ад краявідаў. Не кажучы пра тое, што любоў да мачыхі не такая безумоўная; ці здолела б я палюбіць Бельгію, калі б там пабачыла некаторыя з тых рэчаў, якія я бачыла ў Беларусі?.. А сваю маму чалавек будзе любіць, – ва ўсялякім разе, стаўленне будзе глыбока эмацыйным, – нават калі яна будзе наркаманка ці прастытутка… Не, гэтыя эпітэты не пра Беларусь – з краінай усё складаней, бо яна складаецца з мноства розных людзей і рэалій; я хутчэй пра стаўленне, якое нагадвае крык душы Анатоля Сыса: з кім ты спала, Айчына?..
…Але чаго я хацела б, дык гэта таго, каб мая маці-радзіма, Беларусь, ставілася да імігрантаў так, як мая мачыха Бельгія паставілася да мяне!.. Хаця б у маральным плане… Паверце, гэта выклікае павагу!..
Страх перад кітайцамі распаўсюдзіўся ў беларускім грамадстве, – пры тым, што тыя кітайцы пакуль што не толькі не зрабілі нічога дрэннага, але нават яшчэ і не прыехалі! Трывожны знак.
І гэтае адкрыццё – адкрыццё небяспекі расізму ў Беларусі – ці не наказанне гэта мне за…
Я заўсёды пазітыўна ставілася да азіятаў, афрыканцаў, каўказцаў і іншых людзей іншых нацыянальнасцей… Але было ў маёй душы адно дурное выключэнне з гэтага правіла, і гэтае выключэнне – прыступы жорскай русафобіі. Да таго ж, гэтыя прыступы ў мяне – нічым не матывіраваныя, бо ніводзін рускі персанальна мне балюча не зрабіў. Хіба ў якасці раздражняльніка спрацоўвае, як ні парадаксальна, мая прыналежнасць да праваслаўнай паствы – бо менавіта ў царкоўным асяроддзі мне моцна абрыдлі прарасейскія тэндэнцыі. Але што гэта я апраўдваюся?! Нішто не апраўдвае нянавісці і разбуральных жаданняў, непрыязі да Іншых. І нянавісць да адной з катэгорый Іншых не можа не пашкодзіць агульнай карціне, – і таму, з жахам сустракаючы ксенафобскія выказванні ў беларускім інтэрнэце, я не магу не падазраваць, што і я тут падгадзіла, што і я тут укосна спрычынілася… Але я больш не буду… Пастараюся… **
Апрыёрнае бачанне ў Іншым чужынца і ворага – шкодная праява менталітэту. Шкодная і нехрысціянская. А то і ўвогулле антыхрысціянская.
Яшчэ задоўга да раскрыцця ў свеце каштоўнасцей талерантнасці і павагі да Іншых і іх культуры, Бог даў старажытным габрэям надзвычай прагрэсіўную запаведзь: «Прыхадня ня крыўдзі: вы ведаеце душу прыхадня, бо самыя былі прыхаднямі ў зямлі Егіпецкай». Калі такое было сказана яшчэ старажытным людзям, то нам, калі нашая культура мае досвед хрысціянскага гуманізму, тым болей сорамна не дацягнуць да гэтага.
Расізм і ксенафобія маюць сваім плёнам адно распаўсюджванне жорсткасці і ганьбу для нацыі. Гэтыя заганы паганяць дух і культуру краіны, злучаючы яе з холадам адчуджанасці і нелюбові. Далікатны напой Радзімы, напой, у якім адбіваюцца і бела-чырвона-белыя сцягі, і старонкі падручнікаў гісторыі, і руіны замкаў колеру спеклай крыві, – калі ўзмацніцца непрыязь да чужых, то яна, гэтая непрыязь, можа падліць ў гэты напой халодную атруту, атруціць нацыянальную ідэю… Станоўчае ж, паважлівае і спагадлівае стаўленне да кожнага чалавека не толькі дапаможа Іншым на нашай зямлі, але ўзбагаціць і нас!
Я кажу далёка не толькі пра стаўленне да кітайцаў. Справа болей у тым, што праяўленні фобіі, якая заўважаецца ў сувязі з таямнічным супольным праектам і чуткамі аб ім, – гэтыя фобіі ёсць індыкатарам праблемы ў грамадстве.
Я не буду выказвацца пра сам праект, бо мне не хапае інфармацыі. Болей за тое, інфармацыі не хапае ўсім нам (спадзяюся, што страхі абумоўленыя не столькі менталітэтам беларусаў, колькі фактарам закрытасці праекта ад грамадскага кантролю). Мажліва, праект тэхнапарку і зусім неразумны і не адпавядае нацыянальным інтарэсам; а мажліва, з яго будуць і добрыя вынікі… Ды мы не пра тэхнапарк і пра кітайцаў, а пра праблему сярод нас, беларусаў…
Непрыязь жа і адсутнасць спагады да прыезжых не могуць апраўдвацца ніякімі заганамі палітыкі. Нават калі вылезуць тыя ці іншыя праблемы, – усё адно ў адносінах да людзей, якія апынуліся далёка ад сваёй зямлі, у нас павінна быць разуменне і спагада. Ксенафобія не вырашае праблемаў, а дадае іх.
Што датычыцца праекту «тэхнапарку», то сярод слушных выказванняў працытую спадара Віталя Рымашэўскага (выдзяляю курсівам тыя словы, з якімі асабліва згодная): « Рускі расізм, на жаль, як і расізм у кожным народзе – з’ява рэальная. Гэта насамрэч актуальнае пытанне, патрабуючае ўвагі і сур’ёзнага абмеркавання. /…/ 1) Сама будоўля гэтага парку – рэч непразрыстая і незаконная, бо на меркаванне жыхароў наплявалі; 2) праблема не ў тым, што прыедуць працаваць эмігранты, а ў тым, у якіх жахлівых умовах яны жывуць і колькі ім плацяць за працу. Калі гэта дапускаць і заплюшчваць на гэта вочы, то хутка і ўмовы працы беларусаў і аплата працы стане такой жа (выдялена мной – Т.М.). 3) З-за гэтай “качкі” з 600 тыс. кітайцаў адцягнутая ўвага ад праблемы. Бо, па-першае, 30 тыс.- гэта таксама вельмі шмат для Беларусі /…/. Па-другое, праблемы 1) і 2) застаюцца ў ценю ».
Нармалёвым стаўленнем да іншаземцаў можа быць толькі стаўленне добразычлівасці, павагі і цікаўнасці. Ці дакладней – толькі такое стаўленне, якое мы бы хацелі сустрэць у адносінах да нас і нашых суайчыннікаў за мяжой. Паўтаруся: я сама адчула такое стаўленне да сабе, і таму жадаю сэрцам, каб да імігрантаў на Беларусі рэалізаваліся такія ж самыя адносіны.
Канешне, хацелася б найперш, каб нашая дзяржаўная сістэма пачала ўвогулле ставіцца годна да людзей, да сваіх грамадзянаў… Але гэта ўжо іншая тэма; а ў рамках гэтага артыкула можна зрабіць высновы з тэксту яўрэйскага публіцыста Сямёна Доўжыка (што праўда, у гэтым тэксце ён забаўна параўноўвае стаўленне да яўрэяў і да гомасэксуалістаў): у тых краінах, дзе паважаюцца правы меньшасцяў, – там і большасці жывецца добра; а там, дзе ёсць дыскрымінацыя меньшасцяў, і большасці прыходзіцца несалодка, толькі ўжо па іншых прычынах. ***
Хто будзе сабе злачынна і непаважліва паводзіць на нашай зямлі – той і павінен атрымаць пакаранне, адэкватнае парушэнню, будзь-то кітаец, узбек, рускі – ці беларус. А кожны чалавек, пакуль ён не выяўляе дрэнныя намеры, павінен апрыёры ўспрымацца як добры, як аб’ект павагі і дапамогі, а не падазорнасці.
Прыналежнасць Іншага да чалавечага роду – дастатковая падстава як да добрага стаўлення, якое хрысціянства прапаведуе ў адносінах да бліжняга, а таксама да прызнання ў ім натуральнага памкнення да дабра і здольнасці адрозніваць дабро ад зла, што ёсць у кожнага чалавека незалежна ад этнічнага тыпу.
…Прадбачваю такія пярэчанні: ды мы ж не жадаем ніякага зла іншаземцам, мы не збіраемся нікому шкодзіць – мы толькі не хочам бачыць іншых на сваёй зямлі…
Не жадаць зла і не збірацца шкодзіць – гэта ўжо нядрэнна, але гэта яшчэ нават і не талерантнасць. Ды і талерантнасць – гэта хоць няблага, але недастаткова. «Талерантнасць» – халоднае слова, а трэба нешта большае: апрыёры пазітыўнае, добрае стаўленне да іншага. Як казаў ігумен Веніямін (Новік) у сваёй працы, «…было б няслушным зводзіць талерантнасць толькі да цярпімасці, якая носіць залежны характар. Талерантнасць – гэта і любоў да разнастайнасці гэтага свету, што выяўляецца ў культурах, рэлігіях, антрапалагічных тыпах».http://www.gumer.info/bogoslov_Buks/Philos/Article/nov_tol.php
Канешне ж, можна і трэба разважаць пра тое, якія іміграцыйныя законы і праекты для нас прыдатныя, а якія няўдалыя; якія могуць быць набыткі і праблемы. Але якія б у нас тут не былі магчымасці скарэктаваць сітуацыю – нельга дапусціць неспачувальнага стаўлення да людзей, якія могуць аказацца побач з намі… Асабліва ў кантэксце таго, што надта многа нашых суайчыннікаў жывуць у іміграцыі. І не трэба мне тут пра тое, што, маўляў, «я не збіраюся з’язжаць». Я, напрыклад, таксама не збіралася. Ніколі не ведаем, у якой сітуацыі акажамся – можа, у падобнай да сітуацыі таго чалавека, які нам ўчора не спадабаўся праз ягоную азіяцкую нявызначанасць выразу твару…
…Аднойчы, седзячы ў чарзе да доктара ў прыёмнай, я пачула словы, якія сталі для мяне прыкладам правільнага стаўлення. Гэта маці размаўляла з маленькім сынком:
«-Трэба казаць не карычневы, а чорны; як твая сяброўка… – (жанчына назвала імя чарнаскурай аднакласніцы сына).
– Яна мне не сяброўка.
– А ты можаш з ёй пасябраваць, тады дазнаешся многа новага. Калі толькі яна не ўдачароная; яе бацькі чорныя? – (Станоўчы адказ). – Ну вось, дазнаешся многа новага. Калі пабываеш у яе дома, пабачыш, што яны гатуюць іншую ежу, ядуць не тое што мы…»
Дзякуй вам, мадам. Вельмі правільная ўстаноўка: Іншы – гэта найперш чалавек, ад якога можна дазнацца нешта новае…
Вельмі суцяшае мяне, калі іншаземцы, якія жылі на Беларусі, з цеплынёй узгадваюць наш край. Спадзяюся, што так будзе заўсёды.
Спадзяюся і на тое, што ў некаторым сэнсе пішу ўсё гэта дарма; што ў Беларусі няма неабходнасці такое казаць і пісаць. Аднак выказванні, якія я ў беларускім асяроддзі сустракаю тут і там, у рэальнай і ў віртуальнай прасторы, – не даюць расслабіцца і прымушаюць узгадаць, што славутая беларуская талерантнасць – гэта не міф якім трэба ганарыцца, а каштоўнасць якую яшчэ трэба рэалізаваць.
У якасці постскрыптума прывяду некалькі ўзгадак, якія лічу прыдатнымі да тэмы.
Узгадка 1.
Можам творча засвоіць некаторыя ўрокі бацькоў беларускага Адраджэння – у іх публіцыстыцы змаганне за беларускасць спалучалася з павагай да іншых народаў і культур (у тым ліку польскай і рускай, – польскія і рускія творы перакладаліся на беларускую мовы на старонках «Нашай Нівы»; выкрываліся толькі праявы шавінізму гэтых народаў) і з поўным прыняццем факту пражывання іх прадстаўнікоў на беларускай зямлі.
Болей за тое, «нацыянальная ідэя беларусаў будавалася далёка – і нават не ў першую чаргу – не на ідэі этнічнай прыналежнасці… першае і галоўнае ў нацыянальным праекце, які ствараўся беларускай інтэлігенцыяй у пачатку ХХ стагоддзя, – на дзіва сучасная тэндэнцыя да мультыкультуралізму… нацыянальны праект узнікае не на вузка-этнічнай, а на больш шырокай – сацыяльнай глебе».****
Варта ўзгадаць і тое, што ў эпоху палітыкі беларусізацыі дзяржаўнымі мовамі былі прызнаныя ажно чатыры: беларуская, руская, польская і яўрэйская.
Пры гэтым мультыкультуралізм, рэалізаваны дбайнымі працаўнікамі нівы беларускае нацыянальнае ідэі – не абязлічвальны, а спалучаны са змаганнем за беларускую мову і культуру.
Узгадка 2.
У беларускага народа – неблагі досвед добрага сумеснага пражывання з прадстаўнікамі іншых этнічных і канфесіянальных супольнасцей. Пачынаецца гэтая слаўная традыцыя яшчэ ў Вялікім Княстве…
Можна адзначыць і тое, што пры ўмовах самых розных культурных эксперыментаў, ды да таго ж пры нявызначанасці нацыянальнай ідэнтычнасці, і адначасова пры ўмовах пражывання на беларускай зямлі іншых этнічных груп (напрыклад, такой шматлікай, магутнай, самабытнай і да таго ж непадатлівай да асіміляцыі групы, як габрэі!) – беларускі народ працягвае жыць.
Узгадка 3.
Ні ад каго не сакрэт, што дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі, на жаль, характэрызуецца не ростам, а змяньшэннем насельніцтва. Гэты фактар часам абуджае ў грамадстве расісцкія фобіі, якія, на наш погляд, «падаграваюцца» настроямі з Расеі. Але ж гэты самы фактар – дэмаграфічныя праблемы – хутчэй паказвае на тое, што якраз у Беларусі патрэбныя людзі, у тым ліку – патрэбны інтэлектуальны і працоўны рэсурс, які прыходзіць з якаснай іміграцыяй! Канешне ж, патрэбная разумная палітыка, якая стымулюе нараджальнасць; але ўсё ж нам прадстаўляецца, што цалкам выправіць сітуацыю за кошт падвышэння нараджальнасці не зусім рэальна; бо беларускі менталітэт, для якога характэрная падвышана-адказнае стаўленне да дзяцей (што само па сабе добра!) не дазваляе многім сем’ям зрабіцца шматдзетнымі. Таму, паводле нашага меркавання, лагічна рабіць стаўку і на іміграцыю.
Неабходна вывучаць сусветны досвед іміграцыі, у тым ліку – досвед краін, якія мэтанакіравана прыцягваюць людзей, якія могуць прынесці карысць краіне, з-за мяжы (Аўстралія, ЗША, Чэхія і інш). Трэба разважаць аб тым, якія мадэлі і праекты прыдатныя ў беларускіх умовах.
Падчас вывучэння сусветнага досведу іміграцыі неабходны дбайны падыход да справы. Трэба памятаваць пра небяспеку аднабаковасці – г.зн., не трэба ані замоўчваць праблем, ані рабіць акцэнт на неагтыўных досведах (часам пры акцэнце на праблемы – напрыклад, на сацыяльных праблемах з нашчадкамі імігрантаў з арабскіх краін у Францыі – ігнаруецца агульны сацыяльны кантэкст гэтых праблем, а таксама забываецца станоўчы досвед адаптацыі мносва імігрантаў у тых жа краінах).
Патрэбныя веды – але адна інфармацыя, без маральных каштоўнасцей, наўрад ці прынясе добры плён. Вядома, што з адной і той жа інфармацыі можна рабіць розныя высновы, і высновы часта залежаць ад каштоўнасцей. Каб стварыць плённыя праекты, патрэбныя і веды, і каштоўнасці – у выпадку з іміграцыяй гэта найперш каштоўнасці, звязаныя са стаўленнем да людзей.
Узгадка 4
Што датычыцца канкрэтна «кітайскай» тэмы…
Мяне, дарэчы, нельга папракнуць у залішняй любові да кітайцаў – якраз мне не падабаюцца некаторыя рысы іх менталітэту, наколькі я яго ведаю: мяне не прываблівае залішняе імкненне да гармоніі, рацыянальнасць, перавага сямейных каштоўнасцей над сацыяльнымі. Калі казаць пра азіятаў, то больш падабаецца японскі менталітэт, якая падаецца мне больш экстрэмальным, з большай трагедыйнасцю ў эстэтыке, з шанаваннем прыгажосці якая хутка знікае, і з перавагай сацыяльна-грамадскіх каштоўнасцей (што, дарэчы, мне падацца адначасова і больш небяспечным…) – але гэта ўжо маё асабістае стаўленне…
Я толькі хацела сказаць, што я не магу пахваліцца залішняй прыхільнасцю да кітайцаў – але ўсё ж прывяду пра іх пару добрых узгадак.
Па-першае, у Бельгіі кітайцаў хапае – але ў чарзе па сацыяльную дапамогу я не бачыла ніводнай азіяцкай фізіяноміі! Працавітыя азіяты – практычна ўсе – жывуць за кошт сваёй працы і не выкарыстоўваюць магчымасцей пажыць за кошт грамадства. Нават у краіне, дзе апошняе магчыма…
Па-другое, ёсць і такое занятнае назіранне: кітайцам лягчэй навучыцца размаўляць на беларускай мове, чым на рускай. Але пра гэта варта больш падрабязна распытаць у старшыні ТБМ спадара Алега Трусава, які мае досвед выкладання беларускай мовы кітайскім студэнтам…http://naviny.by/rubrics/society/2012/02/21/ic_articles_116_176924/
Узгадка 5
Трэба сачыць за сваімі словамі.
Бо ў беларускай прасторы з’яўляецца замнога выказванняў з адценнем, апрыёры абразлівым для прадстаўнікоў іншых культур. Прычым я кажу ту пра адыёзныя і дурнаватыя рэчы – я кажу пра словы вельмі паважаных спадароў, якіх не папракнеш ані ў дурасці, ані нават у расізме – хіба ў адсутнасці звычкі да карэкцыі сваіх словаў у гэтым накірунку… Але аналіз выказванняў у беларускай інфармацыйнай прасторы – тэма для асобнага тэксту.
* R.Penn Warren « Segregation », Stock, 1957, сс.17-18; цыт. паводле: Hubert Gerbeau « Martin Luther King », Editions Universitaires, 1968, с.15
** http://ryta-t.livejournal.com/86379.html
/>
*** http://dovzhik.info/gays-in-israel/
*** Ю.В. Чернявская «Белорусы: от «тутэйших» к нации». Минск, ФУАинформ, 2010. – сс.68-70.