Віталь Рымашэўскі. ПАЛІТЫКА. Толькі тады, народзе, зажывеш шчасліва, калі маскаля над табой ужо ня будзе!
У студзені 2013 споўнілася 150 год ад пачатку гістарычнай падзеі, якая дае падставу як для беларускага нацыянальнай гонару, так і для нацыянальнай жалобы — паўстання 1863 г., каторае галоўным дэвізам абвясціла Свабоду і захлынулася ў крыві.
Беларуская дзяржава ніякіх афіцыйных святкаванняў не ладзіць. Замест памятных мерапрыемстваў, замест ўшанавання памяці герояў і ахвяраў, ўсебаковага аналізу і асвятлення тых гістарычных падзей, – з боку праўладных ідэолагаў пачаліся спробы выкрэсліць і само паўстанне, і постаць Кастуся Каліноўскага з беларускай нацыянальнай гісторыі. У адказ, з адваротнага лагера чуюцца заклікі да поўнай ідэалізацыі паўстання і яго ўдзельнікаў. Гэткая ідэалізацыя таксама мала цікавіцца гістарычнай праўдай і часта наoпрост мяжуе з ідалапаклонствам.
Так ў 2013- м, праз 150 год, паўстанне і Каліноўскі для беларусаў зноў становіцца прычынай для раз’яднання і нянавісці адзін да аднаго. Насуперак дэвізу: “Каго любіш ? – люблю Беларусь! ”, каторы, згодна з паданнем, быў таемным паролем віленскай паўстанцкай арганізацыі 1863 г.
Стаўленне да ўдзельнікаў паўстання 1863, як і да ўсёй нацыянальнай гісторыі – пытанне ацэнкі жыцця не толькі мінулых пакаленняў беларусаў, але і сучаснага. Тое, як народ ставіцца да сваіх папярэднікаў, сваіх продкаў – з’яўляецца адной з самых важных характарыстык сучаснага стану грамадства.
Васіль Быкаў, у сваім звароце да беларускага народу заклікаў “ Урэшце прыйшоў час сказаць людзям праўду і зрабіць з яе пэўныя высновы… Гэта патрэбна ў імя справядлівасці, у імя дэмакратыі, у імя нашай будучыні. У тым наш святы абавязак перад гісторыяй, маральны абавязак перад наступнымі пакаленнямі.
Мы павінны скласці велічны мартыралог нашых страт і нашых пакутнікаў. Гэта ляжа вуглавым камянём у падмурку нацыянальнай свядомасці, стане важным элементам гістарычнай памяці і гарантам. Гарантам будучыні народа, які праз генацыд, кроў і знявагу, з упартасцю асуджанага рвецца да сонца, дабра і справядлівасці”.
Гэтыя словы прагучалі у кастрычніку 1988 году і, найперш, яны тычыліся “белых плямаў” савецкай гісторыі. Але цяпер, праз 25 год яны не толькі не страчваюць актуальнасць, але усё болей набываюць гучанне набатнага звону аб уратаванні нацыянальнай гістарычнай памяці. Бо сёння размова ўжо ідзе не толькі пра час савецкай гісторыі, але і пра новае перапісванне ўсёй гісторыі Беларусі.
Бясспрэчна тое, што ў жыцці кожнага чалавека і кожнага народу ёсць свае перамогі і паразы, свае дасягненні і памылкі. Няма бездакорных і бязгрэшных. Ня быў такім і Каліноўскі. Пры гэтым, усё лепшыя учынкі, дасягненні думкі і духа кожнага асобнага чалавека складаюцца ў падмурак велічы народу, нацыі, і нарэшце — усяго чалавецтва. І гора таму чалавеку і народу, каторы, паўтараючы ўчынак біблейскага Хама, стане ганьбіць і няславіць сваіх продкаў.
Канчаткова аб выніках жыцця чалавека можна меркаваць толькі па наступствах зробленых ім спраў. У гэтым сэнсе – канчатковая ацэнка папярэднікаў залежыць ад успрыняцця іх спадчыны нашчадкамі. Ці стануць іх падзенні падставай для апраўдання сучасных саграшэнняў? Альбо іх памылкі стануць для нашчадкаў повадам для роздуму, разумення і пераасэнсавання? Ці будуць плённымі для сучаснікаў іх надзеі, іх лепшыя памкненні і дасягненні? Усё гэта – залежыць ад кожнага з нас.
З мэтай асвятленне паўстання 1863 году Аргкамітэт па святкаванні Дня Волі запрашае на навукова-практычную канферэнцыю “Паўстанне 1863 году і яго значэнне для Беларусі”.
Канферэнцыя пройдзе ў Мінску 23 сакавіка 2013 году аб 11.00 у сядзібе БНФ па адрасе вул. Чарнышэўскага – 3. Арганізатар мерапрыемства: Інстытут беларускай гісторыі і культуры (кіраўнік А. Тарас, http://inbelhist.org/) . Сярод ўдзельнікаў: навукоўцы, гісторыкі, грамадскія дзеячы.
Мэта гэтай канферэнцыі – зрабіць навуковы аналіз паўстання, непрадузята распавесці пра падзеі далёкага 1863-64 году для таго, каб зрабіць постаць Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў больш блізкімі і больш зразумелымі для ўсіх сучасных беларусаў. Бо нішто не можа болей з’яднаць і ўмацаваць нацыю, як словы праўды, сказаных з любоўю да Беларусі і беларусаў – усіх памерлых і жывых.
P.S. Для расейскага царызму ўсе паўстанцы – былі злейшымі ворагамі. У часы СССР улады “ушаноўвалі” паўстанне і Каліноўскага. Пры гэтым, яго тэксты пільна хаваліся ў архівах і ніколі не друкаваліся (поўныя тэксты “Мужыцкае праўды” ў Беларусі былі надрукаваныя толькі ў 1988 годзе). У 2013 заклікі Каліноўскага зноў супярэчаць палітыцы ўладаў. Каб зразумець чаму — дастаткова прачытаць любы з нумароў “Мужыцкай праўды”. (http://www.facebook.com/groups/134352940038342/227346827405619/)