Беларуская глыбіня. Эра інжынераў
Калі Гасподзь не збудуе дома,
Марна працуюць будаўнікі яго.
Псальма 126:1
Ён можа, злёгку прымружыўшы вочы, назваць на памяць завадскую маркіроўку дэталі ці агрэгата, мабільны нумар свайго калегі альбо стацыянарны пастаўшчыка. Ён тут і механік, і запраўшчык, і адказны за тэхніку бяспекі, і таваразнаўца, і маркетолаг, і, калі трэба, кіроўца. Машыны ў рэйс? Зламаўся камбайн? Праверка пажарных або энергетыкаў?..
— Максі-і-імавіч!..
Максімавіч — наш галоўны інжынер. 55 гадоў, у куртцы, джынсах ды кепцы, падцягнуты, сціплы, сарамліва-ўсмешлівы і адначасна патрабавальны, перакананы, што «сістэму пара мяняць» — ён той самы незаменны, якіх у нас няма.Ураджэнец знакамітых Шэйпічаў на Ружанчыне, адкуль і залаты голас Беларусі, ягоны цёзка Міхась ЗабэйдаСуміцкі, Максімавіч захапляецца руінамі беларускай велічы — і марыць у вольны час, якога не бывае, з’ездзіць у Нясвіж, Полацк ці Вільню.
— Была ж калісьці Рэч, — задуменна кажа тады Максімавіч, — Паспалітая!
Выразнае «ліцвінскае» вымаўленне спалучаецца ў ім з абрывістай дакладнасцю, а ў дзеканні і цеканні звініць, адціквае гадзіннікавы механізм кшталтаванай тысячу гадоў беларускасці.Нацыянальны сплаў цвёрдасці і пяшчоты пераліваецца проста ў максімавічавым твары: то халодны бляск вачэй, падкрэслены лініяй падцятых вуснаў і засечкамі зморшчынак, калі ён разбіраецца ў транспарцёры, то затуманены мяккасцю позірк і скругленне ўсіх рысаў, амаль дзіцячае, калі ён гаворыць пра старадаўнюю беларускую прыгажосць.
Максімавіч — інжынер усё жыццё: ад маладога спецыяліста ў родных «Зеляневічах» да цяперашняга галоўнага ў гаспадарцы з мільярднымі абаротамі ды двума дзясяткамі машынаў. Працуе Максімавіч бесперапынна і бесперабойна, што той камбайн. Гадзінамі на тэлефоне, заказвае, потым бегма на запраўку, потым у кантору афармляць акты ды справаздачы, вось ужо клічуць кудысьці да прычэпа даць рады зваршчыкам; секунду выцірае спэцканыя мазутай рукі газетай — і ўжо з галавой у каталогу, вышуквае нейкі ролік з бульбакапалкі.
Асноўная цяжкасць, кажа Максімавіч, людзі. «П’юць, разгільдзяйства, ну куды гэта — інжынер бездапаможна разводзіць рукамі, — і як з імі па¬другому, разумееш… Вось у чым тут пытанне».Максімавіч — зацяты дэмакрат; зрэшты, сярод інжынераў гэта, нароўні з крытыкай начальства, — карпарацыйны «добры тон». Увесь час прыносіць пачастункі: то пірагі, якія робіць ягоная жонка, то закруткі, то печыва. «Выкладвай бокі [набірай вагу. — «НН»], Канстанцінавіч, — смяецца ён, — будзеш памятаць нашу Берасцейшчыну».
На непітушчых, мазгавітых, цёртых інжынерах, аграномах ды заатэхніках трымаецца ўся сённяшняя беларуская сельская гаспадарка. Рабочыя ды калгаснікі співаюцца, кіроўцы перамяшчаюцца з месца на месца ў пошуках сезоннага заробку, прадпрымальнікі ірванулі на Расею, моладзь у горад…А тут, на зямлі, застаюцца хіба яны, апошнія рыцары старога гарту.
Агулам інжынерна-тэхнічныя работнікі ды менеджары сярэдняга звяна — ключавы клас у справе ажыццяўлення рэформаў. І рэч не столькі ў іх ролі прывадных рамянёў тэхналагічнай мадэрнізацыі, колькі ў здольнасці прыняць новую маральную платформу і стаць апірышчам капітальнага рамонту для закліненай стра¬хам, зношанай хлуснёй, раз’едзенай абыякавасцю ды крадзяжом беларускай душы.
Рэч у тым, што для інжынера двойчы два роўна чатыры. Ёсць законы матэматыкі, фізікі, псіхалогіі, і абысці іх будзе сабе даражэй. Калі штосьці скрасці — потым гэтага ж не хопіць; калі не даплаціць — людзі паўцякаюць; калі схлусіць — расхлёбваць давядзецца самому.У кожнага сапраўднага інжынера гэта ў крыві. Інжынеры — той рэдкі тып людзей, якія цікавяцца партыйнымі праграмамі і з кім варта паспрачацца хаця б дзеля таго, каб пачуць не выплеснутыя эмоцыі, а аргументы. Ім можна лагічна абгрунтаваць беларускамоўнасць. Яны здольныя слухаць. Яны гатовыя цвяроза пагаварыць пра Бога. Для іх даступная евангельская тэхналогія адказнасці: не рабі іншым таго, чаго не жадаеш сабе.
Таму пружанскія інжынеры і разумеюць адзін аднаго з паўслова, калі перасякаюцца на складзе запчастак.
«Чуў, учора галоўрач сабраў дактароў, жонка мая была. Кажа, год эканоміі — пішыце мне заявы, што згаджаецеся дзяжурыць бясплатна». — «Ага, дык цяпер у нас замест клізмаў піпеткі будуць ставіць, раз год эканоміі?» — «Канечне, затое ў райвыканкаме эканомяць — «туарэгі» ды «лексусы» за народныя грошыкі».
Зацемім дарэчы: інжынеры, жанатыя на доктарках ды настаўніцах — з’ява наколькі тыповая, настолькі і шматзначная.
«Як жа ён дастаў!» — кажуць міжсобку… Не, яны глядзяць «Белсат» і чытаюць «Народную Волю», але папракаць, што адкрыта не пратэстуюць, язык не павернецца: на іх і так трымаецца якая-ніякая вытворчасць ды астатняя інфраструктура.За апазіцыю тут на словах — дык у Пружанах, акрамя словаў, ад дэмакратаў, лічы, нічога і не бачылі. Усё заканамерна — інжынер уключыцца толькі тады, калі гэта будзе мэтазгодна.
Тэхнары з прадпрыемстваў ды калгасаў, будаўнічых арганізацыяў, дарожнікі ды энергетыкі, улучна з кваліфікаванымі працоўнымі — аграмадны пласт рабочай інтэлігенцыі.
Менавіта яны, інжынеры і майстры, — ключы запальвання ў махіне масавай свядомасці нацыі. Адказнасць, дакладнасць, эфектыўнае выкананне, кантроль, лагістыка, аптымальнае размеркаванне часу і сілаў, досвед, словам, уся механіка пераменаў — у руках, галовах і сэрцах гэтых ператвораных у знадрыўныя машыны мужчынаў.Як жа шкада ўсіх, хто адзін у полі ваяр, выбіваецца з сілаў, аддаючы сябе жалезу, шклу ды каменю… Як шкада соцень тысячаў поўных жыцця і здольных на большае!..
Нешта паламалася ў беларусах. Пара агледзець, абмацаць, змрочна працягнуць «Ооооо…», выцерці спэцканыя рукі газетай, напаўголаса буркнуць «да чаго давялі, от, гаспадары» — і брацца за справу.
І як жа патрэбная нам цяпер — і краіне, і руху, і кожнаму мястэчку — тая правільнасць і грунтоўнасць, дакладны разлік і вырабленая паслядоўнасць, ясны адказ і здаровы глузд, якія ўклаў у моцных і талковых тэхнароў-беларусаў Творца ўсяго існага, Галоўны Інжынер Сусвету, Госпад Бог…