Кампанія МХД “Мы не забудзем”. Дзмітрый Завадскі (відэа)
21 мая ў Мінску ў межах кампаніі “Мы не забудзем” аргкамітэта па стварэнні грамадскай арганізацыі “Маладыя хрысціянскія дэмакраты” (МХД) адбыўся вечар памяці бясследна зніклага аператара беларускага бюро расійскага тэлеканала ОРТ Дзмітрыя Завадскага, зніклага ўлетку 2000 года, піша БелаПАН.
Успомніць пра жыццёвы шлях, працу і гісторыю знікнення Завадскага ў гэты дзень прыйшлі яго сваякі, палітыкі, журналісты і проста неабыякавыя людзі.
Адкрываючы памятны вечар, лідар МХД Марына Хоміч адзначыла, што пытанне зніклых людзей Беларусі – “гэта менавіта тая справа, якая не падзяляе нас на прафесіі, палітычныя перакананні, ідэалагічныя погляды”. “Гэта справа, якая павінна нас аб’ядноўваць у падтрымцы адзін аднаго ў цяжкай сітуацыі сённяшняй Беларусі”, – адзначыла яна.
За мінулыя гады ў справе аб гэтым знікненні зроблена вельмі шмат, лічыць жонка зніклага аператара Святлана Завадская. “Было вельмі шмат хадайніцтваў, скаргаў у праваахоўныя органы, сустрэч з беларускімі і замежнымі палітыкамі, журналістамі, але нейкага пэўнага выніку, на жаль, няма”, – падкрэсліла жонка журналіста.
Журналістка расійскай “Новай газеты” Ірына Халіп разважала пра асобу і талент Завадзкага, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька казаў пра неабходнасць падтрымліваць тэму знікнення людзей: “выходзіць на вуліцы, накіроўваць паперы ў розныя органы, звяртацца да міжнароднай супольнасці”. Палітык таксама выказаў меркаванне, што беларусы, якія могуць праяўляць цярпенне да цяжкай эканамічнай сітуацыі ў краіне, міліцэйскага і чыноўніцкага самавольства, ніколі “не будуць памяркоўныя да тых, хто мае дачыненне да знікненняў і забойстваў”.
У інтэрв’ю БелаПАН маці зніклага аператара Вольга Завадзкая адзначыла, што, хоць гэтая тэма і падтрымліваецца, “у апошнія гады на ўзроўні адміністрацыі дзяржавы, судовай і праваахоўнай сістэм не адбываецца нічога, адны адпіскі”. “У апошні час пікеты па зніклых людзях не праводзяцца, таму ініцыятыва сённяшняга дня па правядзенні такіх вечароў па выкрадзеных – гэта правільна і своечасова. Але час катастрафічна сыходзіць, страшна падумаць, што справы лягуць на архіўныя паліцы і праўда, не пераможа”, – сказала яна .
“Я сёння прагартала справу сына, – сказала Вольга Завадская. – Мы пісалі ва ўсе інстанцыі, у тым ліку еўрапейскія і сусветныя, гаварылі на самітах, у арганізацыях ААН, не кажучы пра размовы з прэзідэнтамі еўрапейскіх краін і былога СССР, звярталіся да царкоўнікаў. Зроблена нямала, але справа гэта завязана на вялікай палітыцы, дзе кожны за сябе. Дапамогі можна чакаць толькі знутры краіны, чакаць сітуацыі, якая можа ўскалыхнуць або стварыць момант, калі нешта зменіцца ў рэспубліцы – тады, магчыма, адкрыюць архівы “.
Рана раніцай 7 ліпеня 2000 года Завадскі, які ў той час працаваў на расійскім тэлеканале ОРТ (зараз – Першы канал), адправіўся ў Нацыянальны аэрапорт “Мінск” сустракаць свайго калегу журналіста Паўла Шарамета. З тых часоў Дзмітрыя ніхто не бачыў. Яго аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.
У 2002 годзе Мінскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданні Завадскага групу былога байца спецпадраздзялення МУС “Алмаз” Валерыя Ігнатовіча. Два ўдзельнікі гэтай групы, у тым ліку сам Ігнатовіч, асуджаныя на пажыццёвае зняволенне.
У сакавіку 2004 года рэспубліканская пракуратура прыпыніла расследаванне справы аб выкраданні Завадскага “ў сувязі з неадшуканнем без вестак зьніклай асобы”. У 2005 годзе расследаванне было адноўлена, але ў красавіку 2006-га – зноў прыпынена.