Праўда японскіх герояў

21 чэрвеня 2013 08:17  |  Блог Маргарыты Тарайкевіч

Раней я пераймалася наконт пытанняў кшталту “Ці можна лічыць Каліноўскага беларускім героем?”
Цяпер падобныя пытанні мяне не толькі не хвалююць, але і забаўляюць. А станоўчы адказ тут мне дапамагла атрымаць… японская традыцыя гераізацыі. 
Некаторыя рысы японскага ўспрымання героя і ягоных учынкаў на дзіва прыдатныя і для Беларусі, са складанасцямі яе гісторыі. 
Бо японцаў (наколькі магу судзіць па іхніх фільмах, дакументах і героях) зусім не хвалююць пытанні: наколькі герой прадстаўляў інтарэсы ўсяго народа; ці перамог ён, і ці прывяла ягоная дзейнасць да коль-якіх станоўчых вынікаў… Інакш кажучы: калі нават (тут гаворка ўжо не пра паўстанцаў 1864 г., а ўвогулле пра крытэрыі ацэнкі) мужны і шчыры герой быў сябрам нейкай спецыфічнай групоўкі, блізасць якой да “народа” сумнеўная; калі ён нарабіў дурнога; калі ягоная справа пацярпела паразу а то і прывяла да вынікаў процілеглых чаканым, – усе гэткія мінусы ня толькі не перашкаджаюць народнай любові, але часам ледзьве не дадаюць прывабнасці. 
Трагедыйнасць вабіць не толькі японцаў – яна ўсіх зачароўвае. Але на Захадзе, пры ўсім шанаванні трагедыйных персанажаў, значна меньш усенародна ўлюблёных герояў-“няўдачнікаў”; дый як правіла трагедыйны сюжэт прадстаўляецца ў стылі “Ленин умер но дело его живёт”. У японцаў – калі і “живёт”, то з істотнай трансфармацыяй: гераічная параза атрымлівае пакутніцкі  арэол, які робіцца крыніцай натхнення не толькі для ідэйна-палітычных спадкаемцаў героя, але і для прадстаўнікоў самых разнастайных груповак. Напрыклад, Сайго Такаморы (кіраўнік паўстання самураяў-традыцыяналістаў 1877 г., прататып героя фільма “Апошні самурай”) і палкоўніка Осіо Хэйаціро (кіраўнік гарадскога выступлення ў Осаке ў 1837 г.) шануюць прыхільнікі розных палітычных праектаў, ад ультраправых да радыкальна левых. 
Шчырасць намеру і дзейная рашучасць – вось што шануецца,і на гэтай падставе ўлюблёным героям прабачаюць памылкі і пралікі. 
У святле гэткага ўспрымання, тое, што ў нас Каліноўскага шануюць больш каталікі чымсі праваслаўныя, больш “праеўрапейскія” чым “прарасійскія”, – можна лічыць за памылку, якую варта выправіць. 
Ажно галава кружыцца, калі ўяўляю, наколькі папулярны быў бы Каліноўскі і ягоныя паплечнікі, калі б яны былі японскімі героямі, і як гэтая папулярнасць перакінулася бы на астатні свет, і дзяўчынкі з розных краінаў, пасля прагляду анімэшак (у некаторых з якіх паўстанне злучалася бы з фантастычнымі сюжэтамі) разглядалі бы іх фотаздымкі… 
Прывядзем два тэксты. Першы з іх – з кнігі амерыканскага японазнаўцы:
В запутанной японской традиции есть другой тип героя; это человек, деятельность которого обычно падает на период нестабильности и войн, являющий собой настоящую противоположность характеру достигающему. Это человек, чья прямодушная искренность не позволит ему совершать какие-либо маневры и идти на компромиссы, столь часто требующиеся для обретения мирского успеха. В ранние годы храбрость и способности могут быстро продвинуть его наверх, однако он навеки обручен с проигрывающей стороной и неизбежно будет низвергнут.
Бросая себя туда, куда ведет его мученическая судьба, он открыто противится диктату условностей и здравого смысла до тех пор, пока его не победит противник, «удачно оставшийся в живых», которому удается своими безжалостно реалистическими методами навязать этому миру новый, более стабильный порядок. Столкнувшись с поражением, герой обычно лишает себя жизни, дабы избежать унижения плена, утвердить свою честь и дать последние уверения в своей искренности. Его смерть не есть временная неудача, вскоре искупаемая его последователями, но представляет необратимое крушение всего дела, которому он был лидер; проще говоря, борьба была бесполезной и во многих случаях приводила к результатам, прямо противоположным ожидаемым.
(Айван Моррис “Благородство поражения. Трагический герой в японской истории”) 
   
А другі тэкст належыць выдатнаму беларускаму эсэісту Марыйке Мартысевіч:

Няўдачнік – гэта ўвогуле скразны герой беларускай соцыякультурнай прасторы, пачынаючы з Кастуся Каліноўскага, у якога нічога не атрымалася. Кажуць, што гісторыя пішацца пераможцамі. Гісторыя Беларусі – выключэньне, бо яна пісалася няўдачнікамі™ (“Кароткая…” – дык адным з самых культавых лузэраў Вацлавам Ластоўскім). Нашыя неафіцыйныя клясыкі – таксама спрэс няўдачнікі: гэта і мілыя няздары-сухотнікі Максім Багдановіч і Ігнат Канчэўскі, і знайшоўшыя гвалтоўную сьмерць Тарашкевіч, Гарэцкі, Аляхновіч, і новы Багрым Уладзімер Дубоўка, і Сяргей Грахоўскі, які нарадзіўся ў вёсцы Нобэль, але трапіў у ГУЛАГ і ніколі не бываў у Стакгольме, і беларускі габрэйскі паэт Аркадзь Гейнэ, які загінуў у 1942 годзе ў галякосьце, і безьліч іншых, – няўдачнікаў™ нагэтулькі, што сёньня пра іх ніхто ня ведае: беларуская Вальгала – Курапаты. Аднак сумаю сваіх няўдачаў яны стварылі кантэкст нашага існаваньня, і ў гэтым – іх самая галоўная ўдача.

Прычына, паводле якой мы лічым вартым перайманне некаторых рысаў японскай традыцыі шанавання герояў – гэта складанасць гісторыі і пераменлівасць палітычнага кантэксту на нашай зямлі. А таксама – вялізная колькасць выдатных беларускіх дзеячаў з трагічным лёсам. Шкада і несправядліва, калі мы будзем забывацца на мужнасць людзей з-за таго, што яны не адпавядаюць нашай палітычнай арыентацыі, і асабліва няварта наступаць на гэтыя палітычныя граблі ў такой краіне як Беларусь, дзе было багата выдатных асобаў сярод “прапольскіх” і “прарасійскіх”, “правых” і “левых”, сярод людзей з рознымі праектамі і самаідэнтэфікацыямі. 
Другая прычына, паводле якой мы лічым вартым крыху пераняць японскае ўспрыманне героя і ягоных учынкаў – гэта праблема бар’ераў, якія перашкаджаюць людзям дзейнічаць. 
Усведамленне таго, што факт няўдачы ніколькі не здымае каштоўнасці маральнага ўчынку, –  гэтае ўсведамленне пазбаўляе ад страху перад няўдачай. Прычым гэта датычыцца як выключных ці нават гераічных учынкаў, так і – папросту, без пафасу, – у паўсядзённым жыцці, у сітуацыях, калі трэба абраць тую ці іншую лінію паводзінаў. 
Пытанне “ці ёсць сэнс” (калі пад сэнсам разумеецца практычны поспех) і невысокая верагоднасць удачы паралізуе мноства беларусаў. Японскія ж гістарычныя персанажы за гэта ня вельмі пераймаліся, бо ў іх традыцыі ўхваляўся не практычны разлік, а мужнае дзеянне, якое йдзе ад інтуітыўна спазнанай праўды (макото, ці сінсэн).
Прыдушыць баязлівы шэпт “нічога-ня-зменіцца-што-я-магу –зрабіць” простым крокам да дзеяння здолелі беларускія актывісты Сяргей Каваленка, Зміцер і Наста Дашкевіч, Яўген Васьковіч (чый учынак лічу памылковым, але мужнасцю захапляюся) Алесь Пушкін і шматлікія іншыя. Калі гляжу фільмы пра самураяў, то з радасцю ўсведамляю, што маю магчымасць хаця б падтрымаць лістом людзей, у якіх духу бусідо ня меней, чым у тых актывістаў эпохі Бакумацу… 
Дзеянне ад шчырага сэрца, якое ня спыніцца перад нізкай верагоднасцю поспеху і адсутнасцю коль-якіх гарантый, – вось што нам варта шанаваць!       
У хрысціянскім менталітэце (асабліва ў амерыканскім, з яго аптымізмам кальвінісцкага адцення і хэпі-эндамі) дабрадзейнасць узнагароджваецца. У японцаў такога аптымізму не заўважна – затое ў іхніх сюжэтах сама дабрадзейнасць зіхаціць так прыгожа, што гэтае ззянне зацямняе ўсе перамогі і ўзнагароды. 
Падобнае бачанне здымае стрэс, пароджаны страхам няўдачы, ды дапамагае не зацыклівацца на чаканні вынікаў, а творча ўключыцца ў працэс… А там можна і перамагчы… 
Тым болей што, як слушна заўважыла мая выкладчыца, “чалавечы фактар не пралічваецца”. І тым болей што мы не японцы: калі ў іх светаадчуванні чысціню і шчырую мужнасць у гэтым сумным свеце чакае найверагодней прыгожая трагедыя, то ў хрысціянскім менталітэце дабро яшчэ й перамагае. Рана ці позна. 
Хацелася бы і завяршыць на гэтай радаснай ноце. Але ж, калі казаць пра перайманне добрага ў іншага народа, то ўзгадаем і тое, што з той культуры нам зусім няварта пераймаць. 
Па-першае – гэта незважанне на каштоўнасць жыцця. Японцы лёгка даруюць улюблёным героям ня толькі пралікі і няўдачы, але і колькасць забітых людзей, а то і дакладную жорсткасць, і крывавы экстрэмізм. Дарэчы, ідэальна “японскім” паводле стылю дзеянняў беларускім персанажам можна назваць і Ігната Грынявіцкага… Пытанне “што зрабіць для краіны” у японцаў часта трансфармавалася ў пытанне “каго забіць”. Гэткая трансфармацыя нам дакладна непатрэбная. 
Шанаванне кожнага героя мае быць выбарачным. У таго ж Каліноўскага ёсць адыёзныя выказванні пра праваслаўе. Але ёсць рэчы, якія можна зразумець у кантэксце эпохі і чалавечай недасканаласці, а ёсць – мяжа тут не заўжды відавочная – і істотныя перашкоды для гераізацыі. (Дарэчы, сведчанні пра жорсткасці паўстанцаў 1864 г. патрабуюць даследвання: наконт праўдзівасці інфармацыі, маштабаў і ступені віны ўдзельнікаў і кіраўнікоў паўстання, – але гэта іншая тэма).
Па-другое – гэта суіцыдальныя тэндэнцыі. На жаль, пры ўсіх рамантызацыях паразы японскі менталітэт не дазваляў працягваць жыць з паразай. Напэўна, то таксама ад няўсведамлення каштоўнасці самога жыцця, у адрыве ад сацыяльных мэтаў…  Суіцыд у японскіх сюжэтах прадстае і як “вырашэнне” праблемаў і дылемаў, і як “пазбаўленне” ад пачуцця віны ці слабасці, і як сацыяльнае прадпісанне ці ледзьве не… нейкая вычварная язычніцкая спроба пакаяння (харакіры). Часам разумеючы матывацыю, мы можам канстатаваць, што ўсё гэта – трагічныя памылкі. Усведамленне безумоўнай каштоўнасці жыцця, дадзенага і адмеранага чалавеку звыш, і ўсведамленне мажлівасці пакаяння і выпраўлення (што не проста «вой, прабачаюся», а адказная і значная праца над сваім жыццём) ў любой сітуацыі, – павінныя засцерагчы ад падобных учынкаў людзей усіх культур. Дарэчы, на жаль, беларусы па суіцыдзе даўно абагналі японцаў, – лепей бы ў чым іншым іх абганялі… 
 
Калі падсумаваць сказанае, мы лічым, што знаёмства з японскай гераічнай традыцыяй можа дапамагчы нам шанаваць і нашых, беларускіх дзеячаў – незалежна ад прыналежнасці да той ці іншай палітычнай плыні. Пытанне аб гераізацыі мае вырашацца паводле маральных крытэрыяў.
Паўстанне 1864 г. прыведзенае тут як прыклад – мы не прэтэндуем на канчатковасць высноваў, а толькі ўказваем, якія крытэрыі ацэнкі мы лічым слушнымі, а якія – не. 
Мы ўказваем на некаторыя рысы японскай традыцыі, якія могуць дапамагчы з адказамі на некаторыя беларускія пытанні. Аднак нашае захапленне японскай традыцыяй – выбарачнае: некаторыя рысы мы лічым за сумныя памылкі культуры. 
Таксама мы сцвярджаем, што спазнанне каштоўнасці мужнага і светлага ўчынку незалежна ад яго паспяховасці можа дапамагчы перадолець боязь няўдачы ці недарэчнасці, – перадолець бар’еры, якія перашкаджаюць беларусам дзейнічаць. У розных вобласцях жыцця.
   Крыніцы:
   
   Айван Моррис «Благородство поражения. Трагический герой в японской истории»
   Инадзо Нитобэ «Бусидо – душа Японии» http://www.mosbudokan.ru/public/bushido0.html  

   Антрекот “Япония. Истории времён смуты» http://www.wirade.ru/babylon/babylon_japan_stories.html  

   Мисима Юкио “Хагакурэ Нюмон” (урыўкі з твора Ямамото Цунэтомо “Хагакурэ” з каментарыямі Місімы)

   Марыйка Мартысевіч “Мужчыны якіх мы выбіраем” і інш.

   
Пра фільмы планую напісаць пазней, але пакуль прывяду мой улюблёны: 
Последний мечсамурая” / «When the Last Sword is Drawn » / « Mibu gishi den » – фільм  2003 г., рэж. Ёдзіро ТакітаНу проста каллекцыя традыцыйна-японскіх сцэн і сюжэтаў. Ззяе як дыямент, душу грэе, слязу выбівае, двубояў (і ня толькі “дву-“, але і “куча на кучу”) – болей чым хапае. 
Дый рызыкну ўзгадаць Нakuouki (“Демоны бледно-розовой сакуры”) – анімэ http://ru.wikipedia.org/wiki/Hakuouki  Прыгожая ілюстрацыя да тэмы эстэтыкі паразы. 

Болей навін