Беларуская глыбіня. Урад для народа

02 ліпеня 2013 07:58  |  Жывая кніга Паўла Севярынца

І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім:

дадзеная Мне ўсякая ўлада

на небе і на зямлі.

Мацвея 28:18

 

– Ну хто там яшчэ… Па якім пытанні? Не бачыце, я заняты.

 

Агульная лічба занятых у органах дзяржаўнага кіраван­ня РБ — 170 тысячаў чалавек, з іх да 60 тысячаў — дзяржаўных служачых (гэта без «сілавых ведамстваў», а такіх, вядома, ільвіная доля). На кожнага чыноўніка — некалькі чалавек абслугі. З сем’ямі — цэлы клас. Райвыканкамы ўжо не ўмяшчаюцца ў прызначаных будынках: паперазварот расце, аддзелы ды службы распаўзаюцца па райцэнтрах… і адначасова пакрысе растуць, прыгажэюць «царскія сёлы».

 

А хто тысячамі скупляе кватэры ў Мінску? Расейцы? Не, найперш — раённая ды абласная наменклатура — на дзяцей, жонак, зяцёў…

 

Каржакаватыя дзядзькі калгаснага выгляду з учэпістымі тлустымі пальцамі, носам-бульбінай і каменным выразам твару, народжаныя за Сталіным, або цётачкі нявызначанага ўзросту з металам у голасе і пышнай грудай колеру іржавага дроту на галаве.

 

Прызначаныя. Зразумела — калі б іх выбіралі людзі, людзям і служыць бы стараліся. А калі прызначаюць — служаць таму, хто прызначае. Наколькі ж глыбокая яна тут, у беларускай глыбінцы, прорва: адказныя за вёску, мястэчка, горад смокчуць з падсправаздачнага кавалка зямлі столькі, колькі ёсць моцы…

 

Цяперашняе абяцанае скарачэнне 13 тысячаў дзяржаўных службоўцаў (абвешчанае як «аптымізацыя») асуджанае застацца на паперы: стаўкі і паўстаўкі для сваякоў, штатныя адзінкі ў кабінетах або фікцыі «кадравікоў», «эканамістаў» і нават «псіхолагаў» у прыўладных бізнесах — напарсткі, у якія мясцовая бюракратыя за часы Лукашэнкі навучылася гуляць з заплюшчанымі вачыма.

 

Для Беларусі рэальная рэформа ўлады азначае не перасоўванні з крэсла ў крэсла, а сур’ёзную аперацыю на сэрцах.

 

Знешне ўсё проста. Выбары войтаў, павятовых старастаў ды кашталянаў, рэзкае скарачэнне штатаў — і забеспячэнне самаўрадаў грашыма. Бо самакіраванне — гэта адказнасць, падмацаваная бюджэтам.

 

Цяпер падаткі збіраюцца на месцах, ідуць у цэнтр, міністэрствы і ведамствы… Выплаты размяркоўваюцца — і назад, праз тую ж даўжэзную кішку: цэнтр-вобласць-райвыканкам-прадпрыемства… Чалавеку са сплочаных падаткаў пасля кругласуткавай вандроўкі па краіне вяртаюцца капейкі. А навошта безліч прамежкавых ступеняў? Слушна, каб лягчэй было адшчыпнуць або ўрваць. Адпаведна, «на месцах» застаюцца з пустымі кішэнямі.

 

Патрэбная дэцэнтралізацыя, якая карупцыю знішчае. На добры лад, падаткі дзеляцца на траціны. Траціна застаецца на мясцовым узроўні — у вёсцы, муніцыпалітэце мястэчка ці мікрараёна. Траціна — на рэгіён (не на савецкую вобласць, разлічаную з меркаванняў імперскага адміністравання ды ВПК, а на гістарычны, эканамічна ёмісты рэгіён — Аршаншчыну, Полаччыну, Піншчыну і г.д.). Траціну — на агульнанацыянальныя патрэбы.

 

З накрадзеным новай ула­дзе давядзецца разбірацца крута. Мільярды, нарабаваныя ды ўкладзеныя чынавенствам найперш у нерухомасць, давядзецца вяртаць дзяржаве. Тым, хто верне добраахвотна — амністыя. Не верне, не пакаецца — следства. Суд, канфіскацыя і далей паводле кодэкса.

 

Што дапаможа?.. «Закон Лінкальна». У свой час у Штатах увялі закон: грамадзянін, які даказвае факт карупцыі, атрымлівае 25% ад сумы скрадзенага. Як быццам знайшоў чалавек скарб — і здаў дзяржаве. Аналагі «Закона Лінкальна» ашчаджаюць у заходніх краінах дзясяткі мільярдаў у год — бо чыноўнікі баяцца красці. Ведаюць: пільныя грамадзяне з задавальненнем паведамяць куды трэба і не збаяцца.

 

Пара, пара беларусам пазбаўляцца і ад калгаснага «ўсё вакол нічыйнае, усё вакол маё», і ад шчасця «красці, красці, красці». І ад ілжывай сарамлівасці, быццам выкрыццё злодзея тоеснае панятку «стучаць».

 

Ясна, што ўсё не так проста — бо залежыць ад чалавека.

 

Такім чынам, хто там яшчэ? Па якім пытанні?..

 

І ў гэты момант высвятляецца: начальнік сядзіць у кожным з нас. Сядзіць моцна, усім карэннем, за тым жа родным савецкім дубовым сталом… І спакуса ўладай, хай невялікай, вечнае рэха трэцяга спакушэння, якім выпрабоўваў Ісуса сатана, — жыве, як і Беларусь, вечна.

 

Дзе ж возьмуцца дзясяткі тысячаў сумленных і адказных беларусаў, здольных служыць, а не красці, хлусіць, душыць і не пускаць?..

У Беларусі ёсць толькі адна масавая супольнасць людзей, якія вучацца, стараюцца і ўмеюць такія спакусы пераадольваць. Цэрквы. Вернікі — праваслаўныя, каталікі, пратэстанты.

 

У разбураных вайной, са спаленым фашызмам і нацызмам сумленнем Нямеччыне ды Італіі менавіта вернікі, што каяліся або вызваляліся з канцлагераў, сталіся маральнай базай для адраджэння — і далі пачатак магутнай плыні хрысціянскай дэмакратыі, і паднялі народы з руінаў.

 

У сённяшняй Беларусі мараль разбураная ў яшчэ большай ступені, чым старадаўнія замкі і сядзібы. А значыць, пара згадаць: у часы ВКЛ краіна кіравалася радамі, магістратамі, староствамі вернікаў (дзе праваслаўныя, каталікі і пратэстанты з агульнай згоды мянялі адзін аднаго штогод) — і сумленная ўлада сцвярджала вяршэнства закона ды справядлівасці.

 

Бо там, на небе, за беларускія мястэчкі, гарады і рэгіёны спытаюць не з сённяшніх старшыняў райвыканкамаў або намеснікаў начальнікаў па ідэалагічнай працы: баюся, там мы іх не ўбачым. Спытаюць з нас — тых, хто любіць Беларусь і верыць у Бога.

 

Куплін

Болей навін