Беларуская глыбіня. Гуканне Хрыста
І ўсё, чаго не папросіце
Ў малітве з вераю,
Атрымаеце.
Мацвея 21:22
Што мы робім, калі нам блага?
Слушна. Молімся.
Імгненна згадваем: побач хтосьці ёсць. Просім Госпада, ды Маці Боскую, ды святых… Плачам, нагадваем, грукаем у неба, крычым — аж пакуль нас не пачуюць..
А што мы робім, калі раптам блага краіне?
Хіба што цяжка ўздыхнём. От, маўляў, народ…
Народ, а як жа. Каму яшчэ яна патрэбная, гэтая няшчасная, быццам нема разяўленая пашча, зямля — мо аднаму Таму, Хто стварыў яе, Хто даў нам волю і выбар: маўчаць або гукаць, ныць або змагацца, сварыцца ці любіць, Хто Адзіны можа перавярнуць свет з галавы на ногі і з болю імгненна выплавіць радасць?..
Насамрэч маліцца за тых, хто побач, за тое, што адбываецца, — гэта як дыхаць. Есці. Піць. Калі малітва дасягае глыбіні, сувымернай з шэптам каханай або тэлефанаваннем матулі, і Бог пачынае гаварыць з намі.
І падзеі, і справы, і цуды жыцця тады расхінаюцца перад намі як адна суцэльная асабістая размова — з Ім.
Мы молімся — Бог чуе. Мы маўчым — Бог маўчыць. Малітва — вусная заява на імя Божае, пасля якой Госпад мае права адкрыта ўмяшацца ў наша жыццё.
Зранку, як прачнешся. Перад стравай. Перад справай. У сумленні, перажыванні, цярпенні. Засынаючы. Такім ёмістым сэрцам дня, калі вызваляеш час з пакаяннем за сённяшнія грахі і падзякай за сённяшнія дабраславенні. Молішся за тых, каму цяпер цяжка, — і, заміраючы, ціха, малітоўна слухаеш.
Сумятня ды клопат сціскаюць і вылягчаюць малітоўныя выдыхі, і з тамленнем духу дранцвее механічнае — адгаварыць… Мы гадзінам і рыхтуемся да галоўных размоваў з людзьмі — а ў самых важных размовах у жыцці, з Богам, абыходзімся незадаволеным бурканнем.
Ва ўсім хрысціянскім свеце вось ужо дзве тысячы гадоў з малітваў пачынаюцца дзяржавы і нацыі. Ірландыя святога Патрыка. Англія лалардаў і пурытанаў. Шатландыя, абуджаная малітвай Джона Нокса. Францыя імшаў, якіх быў варты Парыж. Польшча, у каторай Касцёл маліўся разам з «Салідарнасцю». Філіпіны з малітоўнай рэвалюцыяй. Украіна, дзе кожнаму дню Майдана папярэднічала малітва ўсіх канфесіяў. Нават не надта веруючы Абама абвяшчае штогадовы нацыянальны Дзень малітвы — бо большасць з трохсот мільёнаў амерыканцаў свядомыя хрысціяне.
Менавіта з адначасовага малітоўнага хору ў цэрквах і касцёлах нараджаюцца мільённыя спевы на маніфестацыях. Усё гістарычна важнае вырашаецца паміж Богам і вернікамі ў супольнай малітве. Воля Божая і людскія імкненні пачынаюць злівацца, гучаць на ўвесь голас суладнай магутнай сімфоніяй — і прачынаецца ўвесь народ, абуджаецца любоў і з’яўляецца вера. Дзе яшчэ, як не ў малітвах, яднаецца, гуртуецца і гартуецца нацыя!
Мала хто згадвае, што духовай асновай ВКЛ была менавіта штодзённая малітва. Двойчытройчы на дзень і вяскоўцы, і гараджане ішлі ў царкву, касцёл, збор — і мелі спор ў працы штодзённай, шэрай, і была свабоднай, была шчаслівай і наша краіна, і наш народ. У Вільні пусцеюць вуліцы — вячэрняя… Цэрквы ўсцяж моляцца аб перамозе над татарамі…. Вялікакняскія прывілеі зачытваюцца ля храмаў, бо народ — там.
Беларускія мегамалітвы — каталіцкае Раство і праваслаўная Пасха, супольная пратэстанцкая пяцідзясятніца, Будслаўскі фэст і свята Божага Цела.
Сённяшняя малітва за Беларусь — гэта агмяні Чырвонага касцёла, парафіі святога Язэфа, пасты і пятніцы ў некаторых евангельскіх цэрквах, набажэнствы ў беларускамоўных праваслаўных прыходах і россып асабістай размовы з Богам. Пакуль нацыя толькі варушыць вуснамі. Але і наймалейшы наш шэпт чуе Той, Хто стварыў і голас, і вуха, і сэрца.
Час глынуць неба. Нагбом. Акунуцца ўгару. Кожнаму, хто як умее. Хтосьці хай шэпча, хтосьці, здалёку — крычыць. Спавядацца. Прасіць. За ўсе нашы пракураныя беларускія лёгкія, залітыя беларускія горлы, вырваныя разам з мовай беларускія языкі, скрыўленыя беларускія вусны…
Паверыць і паклікаць Хрыста — значыць, адкрыць Беларусь. Усё чалавечае, усё нацыянальнае, усё Боскае тут адгукаецца і вымяраецца Хрыстом. Шукаць Яго, наследаваць, запытвацца, прасіць Яго ад усёй душы — гэта і ёсць беларускае вызваленне.
Той, хто любіць Беларусь настолькі, каб аддаць за яе жыццё, той, хто імкнецца пранікнуць у крыніцы, коды і тайны беларускасці, хто ўзіраецца ў глыбіні беларускай гісторыі і далячыні беларускай будучыні — у рэшце рэшт пачынае пазнаваць светлае аблічча Ісуса. Беларускае святло ператвараецца ў азарэнне, выхоплівае з цемры ўсю дрыжачую і захопленую душу і патрабавальна вядзе за сабой.
Паслухайце Барадуліна:
Ойча наш, што ў нябёсах,
Хай свяціцца імя Тваё
І ў зорах, і ў лёсах.
Хай прыдзе Царства тваё,
Як спатоля,
Хай твая ўсеўладарная
Збудзецца воля…
І калі мы дружна пракашляемся як мае быць, пракаўтнём страхі ды пыхі, сплюнем свае грахі, калі згадаем, што далёкія продкі і дзяды вымалілі нас для прышласці, калі будзем клікаць, хто ціхенька, хто гучна, але ўсе разам — тады Беларусь як краіну і беларусаў як народ пачуе Збаўца.