499-я ўгодкі Бітвы пад Воршай са спевамі і малітвай, але без міліцыі (Відэа, Фота)
Аршанскія сябры БХД узялі ўдзел у святкаванні Дня беларускай вайсковай славы – 499-х угодкаў знакамітай перамогі на рацэ Крапіўне пад Воршай войска ВКЛ на чале з гетманам Вялікага Княства Літоўскага Канстанцінам Астроскім над амаль утрая пераўзыходзячым войскам Вялікага Княства Маскоўскага. З гэтай нагоды на месцы гістрычнай бойкі ўжо больш за 20 год адбываецца традыцыйны бардаўскі фэст Бітва пад Воршай, які з 2007-га года жорстка разганяўся мясцовымі міліцыянтамі.
Але гэтым разам святкаванне прайшло надзіва спакойна, ніводнага міліцыянта на месцах святкавання не было заўважана. Пра гэта прэс-службе БХД паведамілі знакаміты беларускі бард, заснавальнік аршанскага бардаўскага фэсту, сябра БХД Андрэй Мельнікаў і аршанскі каардынатар аргкамітэту Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Яўген Анішчанка.
“Сёлета я пабыў на 3-х “хутарах” – асяродках святкавання Бітвы пад Воршай ў трох розных формах і месцах, якія былі ўзаемнадапаўняльныя і ўзаемнапранікнёныя. На самім начным фэсце сабралася 16 чалавек, з бардаў толькі я і Мікола Рудакоўскі. Адбыўся ён раёне вёскі Стахоўка, дзе у часе аршанскай бітвы згодна з Беларускай гістарычнай энцыклапедыяй стаяла правая частка маскоўскага войска, якая і адыграла галоўную ролю ў нашай перамозе, бо менавіта іх Астрожскі праз свой удалы манёўр заманіў пад агонь ліцвінскай артылерыі, што і стала пераломным момантам у бойцы. Прычым у адрозненне ад апошніх гадоў не прыкладалася ніякіх намаганняў з боку міліцыі, каб нас разагнаць ці нейк застрашыць,” – распавёў Андрэй Мельнікаў.
2-гі асяродак святкавання прайшоў на сядзібе ў іншага заснавальніка фэста Генадзя Шэпелева, а зраніцы ў нядзелю 8 верасня Андрэй Мельнікаў і іншыя актывісты накіраваліся на літургію у царкву ў вёсцы Крапіўна, дзе памаліліся за супакой душаў ваяроў, загінуўшых на Крапівенскім полі.
“Мы запалілі ў царкве памінальныя свечкі і падалі запіску за супакой на беларускай мове. Служыў тут якраз айцец Аляксандр, які ў мінулым годзе ў Воршы правёў на нашую замову памінальную паніхіду па загінуўшых у крапівенскай бойцы ваярах. Затым мы накіраваліся да мемарыяльнага камяня і крыжа на Крапівенскім полі, непасрэдным месцы падзеяў 1514 года. Там усклалі вянок, кветкі, запалілі знічкі ды паслухалі невялікі канцэрт Андрэя Мельнікава. Прычым, упершыню з 2007-га года гэтае поле не было ўзарана. Мы спакойна падыйшлі да гістарычнага месца, прабылі там каля 2-х гадзінаў і не заўважылі ніводнага міліцыянта”, – паведаміў аршанскі каардынатар БХД Яўген Анішчанка.
Мастак Алесь Пушкін на Крапівенскім полі зладзіў пэрформанс: пасцяліўшы пад Крыжам вялікі плакат-банер са словамі «Слава Воршы ўжо ня горша», лёг на яго і слухаў зямлю, палітую крывёй тысячаў людзей, каб пачуць грукат конскіх капытоў і воклічы ліцвінскіх ваяроў, што біліся тут за радзіму, не шкадуючы сваіх жыцьцяў.
А ўніяцкая аршанская супольнасць у гэты ж дзень правяла традыцыйнае набажэнства, прысвечанае Бітве пад Воршай, у аршанскім касцёле.
Паводле Анішчанкі, аршанскія актывісты, прастаўнікі некалькіх палітычных і грамадскіх аб’яднанняў, апошнім часам актыўна абмяркоўваюць планы свяктавання 500-годдзя знакамітай Аршанскай перамогі, якое мусіць адзначацца ў наступным годзе. Адсутнасць міліцыянтаў падчас ушанавання сёлета дае спадзеў на годнае адзначэнне юбілею гэтай славутай старонкі беларускай гісторыі. Але без шырокай падтрымкі беларускай і міжнароднай грамадскасці гэта будзе вельмі складана.
Аршанскія сябры БХД заклікаюць беларусаў далучацца да святкавання сапраўднага Дня беларускай вайсковай славы, прыязжаць на традыцыйны музычны фэст Бітва пад Воршай, замаўляць малітвы ў цэрквах і касцёлах у памяць загінулых на крапівенскім полі абаронцаў айчыны і гетмана ВКЛ, дабравернага князя Канстанціна Астрожскага, дзякуючы веры і вайсковаму майстэрству якога была атрыманая гістарычная перамога.