Беларуская глыбіня. Богаўгнявіцельная

08 кастрычніка 2013 12:35  |  Галоўныя навіны

Прачнецеся, п’яніцы,
і плачце і галасеце
усе, хто п’е віно…

Ёіль 1:5

 

— Харошы быў
хлопец,— кажа кладаўшчык Леанідавіч,— ды спіўся.

 

— Гарэлка—
гэта не выхад,— змрочна адгукаюся я.

 

— О!— І
вочы барадатага Леанідавіча запальваюцца, нібы тыя агеньчыкі ў глыбокай
чары.— Гарэлка— гэта не выхад. Гэта ўваход. У свет алкагалю.

 

Менавіта
Алкагалю— з націскам на першае «А».

 

У сённяшніх
Пружанах парадны ўваход у свет Алкагалю цяпер размяшаецца за сем крокаў ад
брамы гарадской школы №4.

 

Адчынілі якраз да новага навучальнага года— ззяючая таемнымі
самацветнымі пякельцамі крама Брэсцкага лікёра-гарэлачнага завода «Белалка».

 

Называецца—
«Sклад». Эс як знак даляра— і «клад». Расшыфроўвайце, бураціны. Чаму вас
там вучаць у школе нумар чатыры: хімія— цэ-два-аш-пяць-о-аш плюс
аш-два-о; біялогія— зліпанне эрытрацытаў, гіпаксія, цыроз печані ды
разбурэнне мозгу, таксікоз, нервовыя клеткі масава адміраюць, гніюць і нараніцу
праз мачапалавую сістэму вымываюцца ў каналізацыю (усім, хто ў школе не
праходзіў: з пахмелля вы мочыцеся ўласнымі мазгамі), а зверху—
бах!— гісторыя напалам з матэматыкай.

 

«Водка СССР»
сорак чатыры тысячы за нуль пяць, «Наркомовская норма»— пяцьдзясят
чатыры. «Белоруссия»— дзевяноста восем дзвесце пяцьдзясят за нуль сем.

 

Для пружанцаў
апошняй кропляй сталася тое, наколькі яскрава і відовішчна «Белалка» разам з
тутэйшым райпо святкавалі адкрыццё.

 

Каляровыя
ўлёткі— па ўсім горадзе. Каляндарыкі «Brest vodka». Друк якасны,
глянцавы.

 

Мужчына ў белым строі з аранжавым іракезам на галаве шпацыруе ў
атачэнні курэй. Лозунг: «Жить хорошо». Арганізацыям— цэлыя праспекты з
калекцыямі фугасаў, што падміргваюць трохі асавелымі рознакаляровымі вачыма. І
дырэктар школы на прэзентацыі.

 

Так і не разумею:
«Белая Русь»— гэта партыя ўлады або гарэлка?

 

Мясцовым, бы
баранам, б’юць у лоб: пачынаць піць трэба са школы. Тады на ўсё астатняе жыццё
кліенты белалкам, райпам ды афіцыйнаму бюджэту забяспечаныя.

 

Сяргей,
праваслаўны вернік, штонядзелі з маленькай дачушкай на руках у царкве, заўжды
стрыманы, а тут пайшоў на прыём да старшыні райвыканкама. Той разводзіць
рукамі: дазвол, маўляў, даваў мой папярэднік, ён цяпер у Мінску дэпутатам, а я
што?..

 

Пачалі збіраць
подпісы. Ох, і выясняе яно нутро чалавечае, гэтае выпрошванне ды прастаўленне
росчыркаў… Сабралі. Падалі 75.

 

Для Пружанаў гэта падзея. Пракуратура і вобласць пачынаюць
папераабарот, і райвыканкам мусіць хаця б выпусціць пару. Абвяшчаецца сход у
вялікай зале, каля школы расклейваецца некалькі абвестачак.

 

Праўда, з
размахам рэкламы «Белалка» гэтыя фігавыя лісцікі не параўнаць. І сам сход
абвяшчаецца ў будні дзень, ды яшчэ ў працоўны час— а 14-й.

 

На сходзе
супраціўнікі крамы ў відавочнай большасці. Праваслаўныя. Пастар
пяцідзясятнікаў. Пастар баптыстаў. Настаўніца. Жыхары. Бацькі. Былыя алкаголікі,
а цяпер вернікі-цвярэзнікі.

 

Намеснік старшыні паведамляе, што ў раёне барацьба з п’янствам
ідзе паспяхова. Прыкрываецца дзвюма прадавачкамі спіртнога з крамы—
паглядзіце, гэтым дзяўчатам не будзе дзе працаваць.

 

Людзі
гавораць— хто гучна, абурана, хто важка, хто роспачна. Рэха гасне пад
скляпеннямі райвыканкамаўскай залы.

 

Заснавальнік
савецкай улады стаіць на пустой плошчы, павярнуўшыся спінай, і робіць выгляд,
што ён тут ні пры чым.

 

Маўчыць і прысутны на сходзе падпалкоўнік міліцыі— хаця
каму, як не яму, давядзецца разграбаць наступствы падлеткавага алкагалізму.

 

Намеснік
нецярпліва аглядае сход. Усё, час, хопіць вашай… хрысціянскай… дэмакратыі. Да
адзінай, так сказаць, думкі мы не прыйшлі, у панядзелак дакладзем старшыні.

 

Уф, думаюць яны,
на гэтым усё скончана, можна запіць вадзічкай.

 

Але тут усё
толькі пачынаецца.

 

Толькі што на адну гадзіну вытворцам спіртнога ды раённай
наменклатуры ўдалося ўвасобіць залатую мару хрысціянскай дэмакратыі: святары і
вернікі ўсіх канфесіяў поплеч, хорам адстойваюць у будынку адміністрацыі Божыя
запаветы і здароўе горада.

 

Што ж, калі
розныя канфесіі не з’яднала ані свабода, ані экуменічны рух, ані
Евангелле— з’яднае сённяшні рэжым.

 

Прыйдзе, прыйдзе
час, калі нацыю нарэшце званітуе ад выхлябанага пойла, калі «бухаць» і
«набірацца ў хлам» перастане быць нормай, калі бутэлька звычайнай гарэлкі будзе
каштаваць больш дзённы заробак, а свята стануць адзначаць малітвай у царкве, а
не тварам у салаце.

 

Паводле Арлова, у
даўніну ў Беларусі сёмая чара лічылася богаўгнявіцельнай— на ёй
спыняліся.

 

А ў Пружанах, тых самых Пружанах, дзе 167 гадоў таму нарадзіўся
найвялікшы рух за цвярозасць, які ахопіць 35 губерняў Расейскай імперыі,
прыгожую, пякуча вабную чару сем разоў па семдзесят выставілі перад дзецьмі.

 

Чара, эпіцэнтр
паганскіх абрадаў— выток чарадзейства, што выпускае на свет усе сем
смяротных грахоў… На Пружаны з дваццаццю тысячамі насельніцтва— 25 толькі
афіцыйных пунктаў алкагольнага гандлю. А колькі напаўпадпольных прадаўцоў вагню
пякельнага па «хрушчоўках» ды прыватных сектарах!

 

Зазіраеш у
хмельную глыбіню тутэйшае будучыні, і займае немы халадок, і паветра дрыжыць ад
выпарэння спірту.

 

«Спойваем?— пасмейваюцца чыноўнікі ды дзялкі.— Мы што
ім, у горла ўліваем? Ды самі п’юць».

 

Але за кожны ўваход у пекла,
адчынены, быццам ашчэранае горла, перад разгубленымі, спустошанымі,
запалоханымі мужчынамі, жанчынамі і дзецьмі, рана ці позна ўсякі чарадзей
адкажа перад Страшным у гневе Богам.

Болей навін