Севярынец не выключае магчымага байкоту дэмсіламі прэзідэнцкіх выбараў
Павел Севярынец не выключае
таго, што дэмсілам прыйдзецца байкатаваць прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў 2015
годзе. Пра гэта ён заявіў на прэс канферэнцыі 22 кастрычніка ў Мінску, перадае
БелаПАН.
Байкот, па словах сустаршыні
аргкамітэта па стварэнні партыі « Беларуская хрысціянская дэмакратыя», будзе
актуальны ў тым выпадку, калі цяперашні прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка створыць
сабе штучных апанентаў на выбарах, а таксама калі прадстаўнікі дэмсілаў не
вызначацца з адзіным кандыдатам.
«Я перакананы, што трэба будзе
разгортваць альтэрнатыву: ствараць народную сістэму ўлады, прадстаўляць таго
чалавека, які гатовы браць адказнасць за краіну, і альтэрнатыўны ўрад, народныя
ўрады на месцах, тых, хто будзе гатовы прыняць у свае рукі ўладу, калі пачнуцца
падзеі. А мы з вамі разумеем, што рана ці позна падзеі адбудуцца: эканоміка
абрынецца, пераварот, геапалітыка ці нешта іншае», – заявіў Севярынец.
Гэтую стратэгію трэба
спрабаваць ўкараняць ўжо цяпер, лічыць апазіцыйны палітык, бо “людзі
павінны бачыць тых, хто працуе кожны дзень, месяц і год побач з імі для іх
дабра» і «замяняе неіснуючых прызначаных дэпутатаў і карумпаваных чыноўнікаў».
«Гэта цэлая сістэма, калі нацыя адслойваецца ад рэжыму, калі людзі перастаюць
успрымаць сённяшні рэжым як уладу – гэта той лёд, на якім, у рэшце рэшт,
паслізнецца дзеючая сістэма», – дадаў ён.
Адказваючы на пытанне, чаму
Севярынец не разглядае магчымасць сваёй кандыдатуры ў якасці прэтэндэнта на
прэзідэнцкую пасаду ў 2015 годзе, ён нагадаў, што на працягу двух гадоў не можа
абірацца «нават дэпутатам сельсавета» з-за судзімасці. Акрамя таго, Севярынец
лічыць, што прэзідэнцтва – “не бонус і не прывілей, а крыж”.
«Можа, гэта парадаксальна, але
я не зайздрошчу Лукашэнкі – настолькі моцная адказнасць за сённяшнюю Беларусь.
Страшна падумаць, што робіцца з яго душой», – сказаў ён.
Севярынец спадзяецца, што ў
Беларусі знойдуцца людзі, «якія будуць гатовыя вытрымаць лэбавай ўдар рэжыму»,
прэтэндуючы на прэзідэнцкую пасаду. БХД, сказаў ён, настойвае на адзіным
кандыдаце, які, тым не менш, стане «фактычна ахвярай за ўсіх нас”. «Той,
хто пагодзіцца быць такой фігурай, варты ўсенароднай падтрымкі», – перакананы
апазіцыянер.
У якасці прэтэндэнтаў на ролю
адзінага кандыдата ён хацеў бы бачыць тых, хто зараз за кратамі, ці выйшаў з
турмы. «Я б назваў Мікалая Статкевіча, Мікалая Аўтуховіча, Алеся Бяляцкага,
Аляксандра Казуліна, Змітра Дашкевіча, хай ён яшчэ малады», – сказаў Севярынец,
дадаўшы, што менавіта такія людзі «могуць стаць моцнымі лідэрамі, якія здольныя
вытрымаць чарговы тэрмін, турму і катаванні».
Севярынец плануе пераканаць апазіцыю ў тым, «што неабходная
адзіная каманда, стратэгія і адзін лідэр»
Асноўныя апазіцыйныя структуры Беларусі могуць аб’яднацца і
падзяліць ўнутры агульнай каманды свае функцыянальныя абавязкі. Такі шлях
зробіць бессэнсоўным удзел у прэзідэнцкіх выбарах асобных партыйных лідэраў і
дасць магчымасць абраць адзінага кандыдата цэлай каманды палітычных сіл, заявіў
на прэс-канферэнцыі 22 кастрычніка ў Менску сустаршыня аргкамітэта па стварэнні
партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД ) Павел Севярынец, перадае БелаПАН.
«Я за тое, каб сесці за стол усім разам і падзяліць
функцыянальныя абавязкі, нават геаграфію працы, – сказаў апазіцыйны палітык. –
Ці можна падзяліць Сем мільёнаў беларускіх выбаршчыкаў паміж сямю асноўнымі
палітычнымі структурамі Беларусі. Няхай хрысціянскія дэмакраты займаюцца
вернікамі, хай сацыял -дэмакраты спецыялізуюцца на прафсаюзах і рабочы клас,
ліберальная Аб’яднаная грамадзянская партыя – на прадпрымальніках, Партыя БНФ –
на інтэлігенцыі».
«Калі геаграфія і функцыянальныя абавязкі будуць падзеленыя,
тады стане ясна, што толькі разам мы можам перамагчы», – дадаў палітык.
Пры гэтым Севярынец мяркуе, што палітычных і грамадскіх
дзеячаў, якія ў цяперашняй сітуацыі апынуліся ў эміграцыі, неабходна запрашаць
ўдзельнічаць у агульнай справе. «Галоўнае – не адсякаць іх і не казаць, што яны
здраднікі, раз з’ехалі. Гэта велізарны патэнцыял, які ёсць у Беларусі », –
перакананы ён.
Сустаршыня БХД паведаміў, што на працягу двух бліжэйшых
тыдняў ён плануе сустрэцца з кіраўніцтвам «усіх прыкметных партый і рухаў
Беларусі » для таго, каб «пераканаць іх, што неабходная адзіная каманда,
стратэгія і адзін лідэр». «Думаю, што я знайду разуменне, нават калі не сярод
партыйных лідэраў, то сярод актывістаў, магчыма, больш у рэгіёнах», – рэзюмаваў
Севярынец.