З нагоды Еўрамайдану

06 снежня 2013 10:52  |  Блог Маргарыты Тарайкевіч

Тры рэчы моцна радуюць сэрца з нагоды падзеяў ва Ўкраіне.

Па-першае – той эфект, які зрабіў начны разгон Майдану ў мінулую нядзелю; той факт, што эфект тут аказаўся роўна процілеглым таму, на які разлічвалі ўлады!.. Грамадства, абуранае жорсткім разгонам, хлынула на вуліцы і плошчы ў такіх вялізных колькасцях, якіх, мажліва, і не было бы, калі б не жорсткія дзеянні “Беркута”. Так трымаць!!!.. Самае цудоўнае пакаранне для прыхільнікаў жорсткіх метадаў – дазнацца, што падобныя метады ня дзейнічаюць, што вольналюбівыя праявы чалавечай душы не заўжды спыніш рэпрэсіўным апаратам… 

І, калі ўжо гаварыць пра гэткі маральны складальнік – адзначу, што цяперашні выбух грамадзянскае актыўнасці ўкраінцаў ні ў якім разе не з’яўляецца нагодай абвінавачваць беларусаў у недастатковай адвазе. Гэта ледзьве не тое ж самае, што абвінавачваць людзей ў тым, што не выходзілі на плошчы ў часы сталіншчыны. Нездарма, беларуска, якая апынулася ў гушчы падзеяў у ноч калі адбыўся разгон, кажа: усё адно нашмат меней страшна, чым у Беларусі…  

…Па-другое, нагодай для радасці ёсць усведамленне, што для ўдзелу ў гэтых пратэстах грамадзянам Украіны ну зусім не патрэбныя русафобскіх ці нават моцна “заходніцкіх” настрояў. Дастаткова жадання жыць у рацыянальна арганізаванай, прававой дзяржаве. 

На дадзеным этапе, мяркую, выбар “ЕЗ ці Расія” – не “цывілізацыйны”, а прававы. Нават калі ўкраінец з’яўляецца гарачым прыхільнікам расійскай культуры, святой Русі ці нат ідэі “Рускага свету”, – усё адно яму цяжка не зразумець, што з Расіяй – на дадзеным этапе! – ня варта ўступаць у палітычныя ці эканамічныя звязы. Цяперняя расійская дзяржава – гэта, на жаль, не Святая Русь, а алігархічная дыктатура, што імкліва робіцца ўсё больш рэпрэсіўнай. Таму – нават для пазначанага абстрактнага ўкраінца-славянафіла – лепей сваю любоў да Расіі выражаць у культурным і духоўным супрацоўніцтве, але ўступленне ў якіясьці саюзы адкласці да той пары, пакуль Расія эвалюцыяніруе ў адэкватную і вольную дзяржаву. 

 
Цяперашняя Еўропа – далёка не ідэал. Хапае праблем, багата і людзей, якія
апынуліся ў экстрэмальнай сітуацыі, і з’яваў, якія змушаюць сумнявацца ў
дэмакратычнасці, і антыхрысціянскіх выпадаў, і нерацыянальных і дзіўных
рэчаў…  Але ўсё ж на еўрапейскім Захадзе сістэмы функцыяніруюць
рацыянальна; ёсць апрыёрная павага да чалавека; быць карупцыянерам тут
небяспечна, абкрадаць народ – складана; ёсць сацыяльныя гарантыі; а ў
інстанцыях да чалавека ставяцца паважліва й ветліва. На ўсё гэта ёсць мноства
брыдкіх выключэнняў, – але яны пакуль што не перакулілі правілаў.  
Што ж датычыцца хрысціянскіх каштоўнасцяў – цяжка сказаць, дзе з гэтым
горай: ці ў секулярнай Еўропе, ці у Расіі, у якой праваслаўе часам
выкарыстоўваецца як брэнд-антураж. Асабліва калі браць за крытэрый стаўленне да
людзей… Ну ды гэта асобны сюжэт, не хапае ў мяне духоўнага разумення, каб
вызначыць, дзе больш благадаці ці дэманізму… 
 
 
…Ну і трэцяе, што радуе, – падтрымка пратэстаў з боку прадстаўнікоў
украінскіх уладаў і СМІ. Дарэчы, менавіта гэты паказальнік адлюстроўвае,
наколькі розныя сітуацыі ва Ўкраіне і ў Беларусі. Парадуемся хаця б на такі
(які паведамляе пра акцыю ў падтрымку Майдану перад украінскай амбасадай у
Брусэлі):  “Але большасць часу ўкраінцы спявалі народныя
песні, якія ацаніла нават бельгійская паліцыя. / … / У канцы да актывістаў
выйшаў Пасол Украіны ў Бельгіі / … / Ён падзякаваў ўкраінцам, якія прыйшлі пад
амбасаду і сказаў, што разумее іх імкненне, паколькі яго дачка ў Кіеве таксама на
Майдане”. Пра дачку мог бы і
прамаўчаць”, – адкаментавала ў маёй галаве беларуская паранойя. 
У агульным жа, вельмі радасна бачыць цяперашні уздым грамадзянскай
актыўнасці ў суседзяў. Спадзяюся, і на Беларусь перакінецца. Спадзяюся таксама,
што гэты ўздым застанецца чыстым і радасным, вольным ад хлусні, страхаў і
нянавісці. І што гэты імпульс ў любым выпадку выльецца ў стваральную працу, у
дзеянні, якія ў розных адносінах палепшаць жыццё людзей.

Болей навін