Пра еднасць славянаў
Хто хоча заахвоціць беларусаў ці ўкраіцаў кінуцца у абдымкі
расійскае дыктатуры, той часам здзяйсняе занятную падмену паняткаў.
Эксплуатуюцца такія добрыя (у сваёй аснове) катэгорыі, як
духоўная еднасць, святая Русь, “славянам трэба трымацца разам”… Пры гэтым
сітуацыя прадстаўляецца так, як быццам бы эканамічна-палітычны саюз з
цяперашняй расійскай дзяржавай ёсць рэалізацыяй гэтых самых каштоўнасцяў.
Акуратна
забываецца спадарства на тое, што цяперашняя расійская сістэма, з яе
алігархіяй, карупцыяй і вычварнымі праявамі непавагі да чалавека – наўрад ці
падыходзіць пад вызначэнне “святая Русь”; што эканоміка-палітычная інтэграцыя з
гэтым утварэннем наўрад ці паспрыяе духоўнай еднасці ўсходніх хрысціянаў –
затое дакладна паспрыяе прыходу драпежніцкага капіталізму расійскіх алігархаў;
што яднанне, якое прапануе цяперашняя Расія – гэта яднанне зусім не духоўнае і
не культурнае; што, для захавання і развіцця культуры і духоўнасці славянам
зусім непатрэбна, каб іхнія мафіі ўзмацняліся і аб’ядноўваліся; што няма
доказаў, каб еўраінтэграцыя перашкаджала творчаму супрацоўніцтву славян і
развіццю славянскай духоўнай культуры – затое гэтаму дакладна перашкаджае
палітыка, якая падаўляе нацыянальную своеасаблівасць і разнастайнасць
славянскіх народаў; што, нарэшце, дыктатура – сумнеўная “дапамога” ў справе
рэалізацыі маральных і духоўных каштоўнасцяў народа.
Якую еднасць прапануе цяперашні Крэмль? Пра якія каштоўнасці
йдзе гаворка, калі ад Януковіча патрабуюць жорсткага навядзення парадку,
прымянення сілы супраць уласнага народу? Адразу бачна, якая тут еднасць… Каб
не распаляць русафобіі, узгадаем, што і да ўласнага народу расійскія палітыкі
гэтакжасама ставяцца.
Еднасць славянаў – рэч патрэбная. І ня толькі славянаў, але і
ўсіх народаў – калі гаворка ідзе пра еднасць на падставе сапраўдных
каштоўнасцяў. Такіх, напрыклад, як любоў да Радзімы, павага да кожнага чалавека
і ягонай свабоды, павага да ўласнай культуры і да іншых народаў, салідарнасць…
Еднасць такога кшталту і прадэманстравалі беларусы на Майдане ці рускія на
Плошчы 2006 г. у Мінску…
Калі
казаць пра духоўную еднасць, то адзін са спосабаў зараз яе прадэманстраваць –
гэтамаліцца за людзей ва
Ўкраіне! І найперш аб тым, каб
усе засталіся жывымі і здаровымі фізічна і маральна, – і дэманстранты, і ўсе
астатнія, уключаючы міліцыянтаў…
Дарэчы,
хто ведае – можа, сядзіць зараз у аўтобусе са спецназам які-небудзь хлопец, які
моцна-моцна жадае, каб не было загаду збіваць людзей. Бо ўжо вырашыў, што такіх
загадаў ня будзе выконваць… А каб усё выйшла добра, каб людзі з абодвух бакоў утрымаліся ад
зла – за іх трэба маліцца.