Рэлігійны wish-ліст

04 студзеня 2014 14:38  |  Блог Маргарыты Тарайкевіч

 
Сярод выказванняў з нагоды прызначэння мітрапаліта Паўла з’явілася ў Фэйсбуку і такое: “Хай мяне прабачаць браты і сёстры праваслаўныя, да якіх я маю глыбокую пашану, але як каталік лічу, што Царква мае быць адзінай пад кіраўніцтвам Рымскага біскупа. І беларусам, якія жадаюць трымацца ўсходняга абраду, трэба быць у Грэка-каталіцкай царкве”.
Пазабавілі мяне гэтыя словы. Перш за ўсё таму, што, калі бы для мяне галоўным у Царкве была абраднасць, то даўно бы перабегла нават не да грэка-католікаў, а да рыма-католікаў: знешняя эстэтыка заходняга хрысціянства мне болей даспадобы. Не засталася бы я ў Царкве і ў тым выпадку, калі бы абірала абшчыну паводле таго, дзе мне больш утульна: шукала бы я тады, дзе болей дэмакратычных і ліберальных (вой, слова вельмі шматзначнае) ідэяў, дзе болей беларускасці… 
Але для мяне жыццёва важна быць менавіта ў праваслаўнай Царкве, якая ёсць, згодна з маімі перакананнямі, той самай Царквой, якую заснаваў Хрыстос, якую прапаведавалі і арганізоўвалі апосталы. Веру, што Госпад дасць мне, як і ўсім праваслаўным вернікам, сілы, каб заўжды ў ёй заставацца. І рабіць свой унёсак у яе жыццё. 
Сыход у раскол ці яшчэ куды – гэта капітуляцыя. Я мару пра аўтакефалію, але гэта павінна быць аўтакефалія, атрыманая законна, кананічна, без парушэння царкоўнай еднасці. Якім чынам? – Не мне казаць пра рэцэпты, акрамя малітвы і індывідуальнага хрысціянскага жыцця. З чым, дарэчы, у мяне праблема… Калі я дазваляю сабе выказвацца на падобную тэматыку, то не таму, што нібыта лічу сабе за добры прыклад хрысціянскага жыцця, – а на той адзінай падставе, што для мяне прыналежнасць да праваслаўнай Царквы з’яўляецца жыццёвым прыярытэтам. 
…Трэба адзначыць, што словы запрашэння ва ўніяцкую царкву належаць вельмі шчыраму, разважліваму і паважанаму аўтаркай каталіцкаму публіцысту. У якога адсутнічае варожасць да праваслаўя ці іншых канфесій (прынамсі, Раство ён святкаваў і з каталікамі, і з пратэстантамі). Яму ж належаць і такія словы: “Нікога не заклікаю мяняць царкоўную прыналежнасць толькі з-за нацыянальных меркаванняў. Таму што, ідучы ў Царкву, трэба шукаць толькі Хрыста”; “І я ўсё ж спадзяюся, што мітрапаліт Павел акажацца сумленным чалавекам, які будзе з павагай ставіцца да беларускага народа. У гісторыі ёсць прыклады, калі асобныя прадстаўнікі суседніх нам народаў добра да нас ставіліся. Час пакажа, як яно будзе”. 
Спадзяюся, што будзе менавіта так, што апаслівыя прагнозы ня збудуцца, а збудзецца тое, што ўваходзіць у мой (і, упэўненаная, не толькі мой) навагодні wish-ліст да Госпада: каб беларуская Царква, ва ўсіх сваіх праявах і асяроддзях, сталася прасторай свабоды. Дарэчы, інакш і ня можа быць, бо Галава Царквы – Хрыстос, які кажа, што ісціна зробіць нас свабоднымі (Ін, гл. 8, 32)… Усё, што ў штодзённым царкоўным (і каля-царкоўным) жыцці супярэчыць гэтаму, можна лічыць за недарэчнасць, якую трэба разумна перадольваць – у першую чаргу ў саміх сабе. Дай Бог, каб свабода і праўда настолькі запанавалі ў штодзённым жыцці праваслаўных вернікаў, каб гэта стала відавочным… 
Хацелася бы, каб у царкоўным асяроддзі было яшчэ болей павагі да кожнага чалавека, да ягоных індывідуальных пачуццяў, поглядаў, прэферэнцый. Кажу не таму, што гэтага ў Царкве мала, а таму, што харошага многа не бывае… Ну, далей па спісе пажаданняў ідуць ужо зусім індывідуальныя прэферэнцыі, кшталту большага распаўсюду беларускасці, дэмакратычных поглядаў і г.д… Ну ды гэта робіцца падобным на нейкія дзіцячыя просбы да Святога Міколы, і можна яшчэ раз толкі адзначыць, што Галава праваслаўнай Царквы – Хрыстос, а кожны з вернікаў з’яўляецца часткай Царквы…

Болей навін