Са святам, спадарыні і паненкі
Са святам усіх тых, хто святкуе. Хто не – да тых тыя ж самыя зычанні: хай нашая жаноцкасць вольна і стваральна раскрываецца ў самых розных праявах, дый нашыя сацыяльныя правы і роўнасць хай таксама… не толькі шануюцца, але з’яўляюцца нормай. І хай кожнае грамадства разумее, што нараджэнне і выхаванне дзяцей – самая важная для грамадства праца, і менавіта таму павінна даваць сацыяльныя плюсы і ўжо ніяк не з’яўляцца падставай для дыскрымінацыі. Уласна, што да выхавання – не буду тут замнога пра жанчыну, бо пра гэта многа сказана, затое замала сказана пра абавязкі мужчыны ў гэтай справе…
Мо я і не маю рацыі, але аргументы супраць гэтага свята мяне не пераконваюць. Ёсць аргументы супраць 8-га сакавіка і ў хрысціянскай парадыгме, і ў парадыгме абароны «традыцыйных каштоўнасцей» – і ў фемінісцкай парадыгме таксама. (Пра гэта пісала тут https://bchd.info/index.php?newsid=6333 ). Дарэчы, калі хто хоча крытыкаваць фемінізм, то можна найперш узгадаць, што ў фемінізме ёсць мноства накірункаў; ёсць хрысціянскі, ісламскі і нават пролайф-фемінізм…
Канешне, гэтае грамадскае свята не мае той вышыні, каторую мае, напрыклад, Нядзеля жанчын-міраносіцаў. 8 сакавіка ўсхваляе не духоўную сілу, а больш празаічную рэч: роўнасць у сацыяльных правах. Але гэта таксама каштоўнасць, ва ўсялякім разе, практычная рэч у гэтым недасканалым свеце. Таму поўнасцю замяняць святкаванне 8 сакавіка святкаваннем Нядзелі жанчын-міраносіцаў для мяне – гэта тое ж, што замяняць вышыванне крыжыкам чытаннем малітваў: большая важнасць другога нармалёва спалучаецца з некаторай каштоўнасцю першага.
…Доўгі час здавалася мне, што прырода нас, жанчын, пакрыўдзіла. Але потым неяк зразумела, што так можа падавацца толькі тады, калі мы знаходзімся ў прынцыпова мужчынскай сістэме каштоўнасцяў. Бо нямногія здольнасці, у якіх жанчына не асабліва вытрымлівае канкурэнцыю з мужчынай – гэта здольнасць біць і забіваць, ну ды яшчэ выконваць некаторыя віды цяжкай фізічнай працы. Дарэчы, і тое, і тое кампенсуецца (у некаторых выпадках напоўніцу) фізічнай падрыхтоўкай і механізмамі. Таму можна з большым поспехам казаць, што мужчыны болей «абдзеленыя», бо здольнасць вынасіць і нарадзіць дзіця паспрабуй кампенсуй. Чым больш у нейкай супольнасці назіраецца дыскрымінацыя жанчын, тым больш падставаў падазраваць, што ў свядомасці гэтай супольнасці здольнасць забіваць набыла большую вагу, чым здольнасць даваць жыццё.
Але ж навошта распаўсюджваць сэксізм, калі можна ўсім папросту атрымліваць асалоду: і ад рознасці, і ад роўнасці. Тым болей што дае жыццё як такое не жанчына, а Бог; а ў справе захавання і абароны жыцця, у розных яго праявах, кожны чалавек можа дапамагчы.
Вершык – проста ў якасці віньшавання, менавіта казачнага. Спадзяюся, ніхто не ўспрыме як інструкцыю да дзеяння ці тым больш як маніфест патрыярхальных – ці фемінісцкіх – каштоўнасцяў.
КАЗКА ПРА БОРШЧ
Прысвячаецца Лідзіі Ярмошынай
Гронка галоў апантаных,
шэраг паўузброеных сілаў…
А цераз пару кварталаў
боршчык кабета варыла.
Нож у руцэ скокаў спрытна
чэргай чырвоных удараў;
рондаль сагрэў апетытна
кухню салодкаю парай.
А з-пад нажа паляцелі
стрэлы, што сцены прабілі;
неба над плошчай трымцела,
сны з небяспекі паплылі.
Склад сітуацыі гэнай
трызнеў крывавым спляценнем…
Выбегла з рондалю пена,
і паляцелі старэнні.
Промні чароўных законаў
рондаль, нібы генератар,
кідаў навокал. Са звонам
лопнулі шкляныя краты.
Тое што здарыцца мела –
ушчэнт разбурылася раптам;
тое, што толькі дрыжэла
марай – зрабілася фактам…
Радасць на тварах. Ды сціпла
ледзь адгукнулася прэса:
выйшла без крывапраліцця,
значыць, і меньш інтарэсу.
Знікла жахлівасць нарацый
бездапаможнага гета –
нат не дайшло інфармацый
да апалітычнай кабеты.