Віталь Рымашэўскі: вынікі выбараў у мясцовыя саветы несапраўдныя

24 сакавіка 2014 18:10  |  Палітыка

Вынікі выбараў
дэпутатаў мясцовых саветаў 27-га склікання, якія адбыліся 23 сакавіка,
з’яўляюцца несапраўднымі. Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні
партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі на прэс-канферэнцыі
кампаніі “Права выбару”, якая прайшла 24 сакавіка ў Менску,
паведамляе БелаПАН.

 

“Мы
канстатуем, што змены выбарчага заканадаўства, прынятыя восенню 2013 года,
пагоршылі магчымасці апазіцыйных кандыдатаў ўдзельнічаць у выбарах, асабліва ў
агітацыйнай дзейнасці. Фарміраванне камісій адбылося з найменшым уключэннем
прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый у параўнанні з усімі папярэднімі
выбарамі ў апошняе дзесяцігоддзе. Вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў праходзілі
ў выключна няроўных умовах”, – адзначыў ён.

 

Па словах
Рымашэўскага, рэпрэсіі, у тым ліку затрыманні кандыдатаў і іх давераных асоб,
перашкоды ў вырабе агітацыйных матэрыялаў і правядзенні сустрэч з выбаршчыкамі,
няроўныя ўмовы доступу да СМІ зрабілі кампанію “яшчэ менш прыкметнай
” для выбаршчыкаў.

 

Назіральнікамі,
паводле яго слоў, былі зафіксаваныя “масавыя маніпуляцыі” з яўкай
выбаршчыкаў на большай частцы участкаў як падчас датэрміновага, так і асноўнага
галасавання. Падлік галасоў, адзначыў Рымашэўскі, на большасці ўчасткаў вёўся
непразрыста, назіральнікі не маглі яго кантраляваць.

 

“У такіх
умовах кампанія “Права выбару” сцвярджае, што выбары дэпутатаў
мясцовых саветаў не з’яўляюцца справядлівымі, сумленнымі і дэмакратычнымі, а іх
вынікі не адлюстроўваюць цяперашняе волевыяўленне грамадзян. Мы не прызнаем
вынікі гэтай выбарчай кампаніі”, – заявіў Рымашэўскі.

 

Намеснік старшыні
Партыі БНФ Ігар Лялькоў паведаміў, што назіральнікі фіксавалі факты розных
фальсіфікацый: галасаванне без дакументаў; прысутнасць на выбарчых участках
старонніх асоб, у тым ліку праўладных кандыдатаў і прадстаўнікоў адміністрацыі,
якія актыўна кантактавалі з членамі гэтых камісій; пазбаўленне назіральнікаў
акрэдытацыі (большасць такіх выпадкаў зафіксавана ў Менску); невывешванне
пратаколаў з вынікамі галасавання.

 

“Відавочна,
што беларускія ўлады ставяцца да выбарчага заканадаўства па прынцыпе “што
хочам, тое і робім”, – лічыць намеснік старшыні руху “За Свабоду”
Юрась Губарэвіч. – На выбарах адбываецца поўнае свавольства, выбарчыя камісіі
трактуюць заканадаўства так, як ім хочацца”.

Болей навін