“Чалавек-танк” – мадэль негвалтоўнае перамогі
Маленькая перамога на фоне жудаснай трагедыі – жорсткага задушэння кітайскіх студэнцкіх пратэстаў у 1989 г. у Кітаі. Фатаграфія, вядомая ва ўсім свеце і паўзабытая і забароненая ў Паднябеснай: чалавек з сумкамі, які закрывае сабой шлях танкавай калоне. Імя і далейшы лёс героя невядомыя, на гэты конт ёсць толькі здагадкі.http://ru.wikipedia.org/wiki/%CD%E5%E8%E7%E2%E5%F1%F2%ED%FB%E9_%E1%F3%ED%F2%E0%F0%FC
Здолеўшы спыніць калону танкаў, «невядомы пратэстоўца» стаўся адным з самых натхняльных у свеце вобразаў негвалотоўнага супраціву і нездарма ўвайшоў у спіс «100 самых уплывовых людзей у свеце» паводле “Тайм” 1998 г. Якія б паразы не здарыліся з ім пасля, той момант мы лічым за момант маленькай (ці вялікай?) экзістэнцыйнай перамогі.
Але на відэа і на здымку ёсць і іншыя пераможцы! Іхнія твары таксама нам не бачны, і імёны таксама нам невядомыя. А разгледзець іх яшчэ цяжэй…
Постаць «невядомага пратэстоўцы» хаця б добра бачная са спіны. А таго, хто кіраваў першым з танкаў – амаль і не відаць. Бачым амаль толькі баявую машыну, якая спынілася, а потым паспрабавала аб’ехаць, і зноў спынялася, калі дзівак з сумкамі зноў перагароджваў шлях.
Што б ні здарылася ў жыцці тых ваенных пасля гэтага інцыдэнту – доля чалавечае славы той маленькай перамогі павінна належаць і ім. Некаторыя прадстаўнікі Кітая нават указвалі на эпізод з «чалавекам-танкам» як на доказ… гуманнасці кітайскага войска. Занятна. Але не беспадстаўна ў кантэксце сітуацыі.
Тым не меньш, не толькі ў гэтым выпадку, але і ў мностве іншых, калі негвалтоўныя акцыі аказваюцца ўдалымі – мы ўслаўляем першага пераможцу і забываемся на другога. Між тым як прадстаўнікі ўлады, сілавых структур і інш., калі яны пайшлі на саступкі, калі ў іх хапіла розуму і/ці чалавечнасці не ўжыць ці стрымаць грубую сілу – таксама з’яўляюцца пераможцамі. Яны перамаглі ў сабе тыранію – хаця б на нейкі момант.
Маленькі дыктатар схаваўся ў душы амаль кожнага з нас; хто аднойчы пачуў ягоны тыранічны голас, той зразумее, якім выпрабаваннем ёсць улада і магчымасць ужыць сілу.
І таму, напрыклад, калі які дыктатар ўстрымаецца ад гвалту і пойдзе на саступкі – яму належыць як мінімум пахвала і добры кавалак павагі. І сумна, калі за эйфарычнымі крыкамі «мы перамаглі» людзі на гэта забываюцца. А часам такі ўчынак як устрыманне ад гвалту – проста нябачны. І часам гэта выпадак, калі чалавек зрабіў толькі адзін-два працэнты таго зла, якое мог бы зрабіць.
…Калі вядомы нам ветэран прэзідэнцкіх тэрмінаў раптам (чалавечы фактар непрадказальны) вырашыць пакінуць крэсла – гэта можна будзе лічыць за подзьвіг. Калі гэта раптам (чалавечы фактар не пралічваецца!) адбудзецца пад ціскам грамадскасці – палову славы перамогі можна смела аддаваць яму, а замест «ШОС» апісваць досвед тэрапіі і рэабілітацыі сіндрому прырастання да крэсла. Перамога над сабой заслугоўвае большага захаплення, чымсі перамога, напрыклад, над ракавай хваробай. Дапаможам?..
Канешне, мы не можам праверыць матывацыю. Саступкі могуць быць вынікам не чалавечнасці і нават не розуму, а толькі страху перад праблемамі. Але якое права мы маем думаць пра чалавека горш, калі можна падумаць лепшае?
А наконт «невядомага пратэстоўцы» – будзьма спадзявацца, што той кітаец жывы. Можам пафантазіраваць на тэму таго, як ён, ужо немалады чалавек, прымурыжвае звузелелыя ад узросту вочы, усміхаючыся мясцовым жыхарам і турыстам, для якіх смажыць свежую рыбу дзесьці ў Гонконге ці ў амерыканскім чайна-таўне, і маўчыць пра той досвед – не з-за страха, а з-за сціпласці, што робіць яго падобным да герояў азіяцкіх баевікоў, і яшчэ больш – з-за звычкі жыць не ў словах, а ў спакойным быцці, і толькі чыста і непасрэдна дзейнічаць паводле сітуацыі… Цьху, скончваю фантазіраваць, а то ад мянушкі «чалавек-танк» ужо вымалёўваецца ў галаве небяспечны сваім дуалізмам знак іньянь.