З рубрыкі “За жыццё!”
15 красавіка 2014 12:23 | Блог Маргарыты Тарайкевіч
Калі бы мне прыснілася, што я нібыта прыбіраю офіс пралайферскай арганізацыі, – то ў гэтым сне я павыкідала бы на сметнік усе салодзенькія выявы немаўлятак з мамачкамі, усе вершыкі ў стылі “самая прекрасная із женщін – женщіна с ребёнком на руках”. Тым болей павыкідала бы сумнеўныя нібыта-царкоўныя брашуркі пра “традыцыйныя каштоўнасці” ці тым болей, барані Божа, патрыярхальны ўклад жыцця. І тым болей павыкідала бы тэксты, у якіх нехта сцвярджае, што для яго галоўнае ў жыцці – гэта дзеці. А ўжо асабліва пазбавілася бы ад літаратуры пра дэмаграфічны крызіс, з заклікамі “рожать і рожать”, наездамі на фемінізм і расісцка-ксенафобскімі прысмакамі.
Ну ці не выкідала бы, а каму аддала. Бо ў справе руху за жыццё такія рэчы толькі збіваюцз панталыку сэнсава-ідэялагічным шумам.
Бо праблема абортаў – гэта не пытанне дэмаграфіі. Гэта нешта большае, чым розныя там ідэялогіі. Гэта пытанне чалавечага жыцця.
Праблема тут у тым, што жыццё маленькага, але ўжо паўнавартаснага чалавека, дзіцяці, пакуль яно ва ўлонні маці, – напоўніцу завязанае на гэтай маці і не можа захавацца асобна ад яе. Калі б можна было гэтага чалавека з яе дастаць і без шкоды для жыцця і здароўя памясціць у нейкае добрае асяроддзе, дзе ён бы развіваўся асобна ад жанчыны, якой пашанцавала нечакана зацяжарыць – супраць ТАКОГА аборту я б мо і не выступала. Але ж у рэальнасці, калі жанчына незапланавана зацяжарыла – гэта значыць, што ДВА ЧАЛАВЕКІ ТРАПІЛІ Ў ПРАБЛЕМНУЮ СІТУАЦЫЮ. У ЯКОЙ ЖЫЦЦЁ АДНАГО З ГЭТЫХ ЛЮДЗЕЙ НАПОЎНАСЦЮ ЗАЛЕЖЫЦЬ АД ДРУГОГА.
А калі хтосьці апынаецца ў праблемнай сітуацыі – трэба не маралі чытаць, а дапамагаць. Чым можам! Матэрыяльна, маральна, малітоўна… Пажадана ж, каб дапамога была інстытуцыяналізаванай.
Таму замест ідэялогій і сантыментаў напоўніла б я офіс руху за жыццё ідэямі і праектамі наконт таго, як зрабіць, каб такая добрая справа як нараджэнне і выхаванне дзяцей ніколі не прыносіла жанчыне сацыяльных мінусаў, але надварот – надавала сацыяльных плюсаў (па частцы сродкаў, працаўладкавання і г.д.). А на худы канец – каб была магчымасць беспакарана перадаць дзіця ў іншую сям’ю ці ў найгоршым выпадку пад дзяржаўную апеку – бо не наша грамадская справа прымушаць… Можна яшчэ дадаць у справу добрай псіхалагічнай літаратуры, пра тое, як перадольваць тыя праблемы, якія перашкаджаюць людзям вольна і гарманічна жыць і расціць дзяцей.
Паколькі я сама тут не прыклад – ані сям’ю не захавала, ані нават не размножылася, – то маю асаблівую павагу да жанчын, якія аддуваюцца за мяне, робяць гэтую самую важную для грамадства справу!
Хаця чаму я толькі пра жанчын?.. Мужчыны ж таксама ўдзельнікі, і ў норме – актыўныя на ўсіх этапах.