Андрэй Мельнікаў. Своечасовыя думкі на ФБ (спадзяюся)
1. Для чыстых усё чыста, а для апаганеных і няверных няма нічога чыстага, але апаганены і розум іх і сумленне.
Яны кажуць, што ведаюць Бога; а ўчынкамі выракаюцца, агідныя і непакорныя і няздольныя ні да якога добрага дзела.
(Ап-ла Паўла да Ціта пасланне 1:15,16)
Сёння (15 красавіка – рэд.) – памяць прп-га Ціта. Не таго, якому было пасланне апостала. Але, тым не менш, зазірнуў у тое пасланне. І атрымаў адказ (Ціт.1:15,16). З украінскімі падзеямі многія фб-фрэнды, ды і я сам пачынаем губляць здольнасць проста бачыць, намагаемся неяк спрасціць сваё разуменне сітуацыі і, адпаведна, шляхі яе вырашэння. І калі мой добры знаёмец, сапраўды малітоўны чалавек, кальвінісцкі пастар, які, па яго словах кругласутачна моліцца за Ўкраіну выдае: “Мне ўсё роўна, што будзе з Расіяй. Яна стала абсалютным злом”, пачынаю разумець: что-то не так! Не так у нас саміх, якія нам падаецца – на баку Дабра. Бог вымагае ад нас чысціні. У тым ліку чысціні бачання. Здольнасці бачыць Божае ў кожным чалавеку і памяці пра тое, што Хрыстос ахвяраваў Сабой і за мяне і за тых гвалтаўнікоў і садыстаў, якіх я ненавіджу. І мой хрысціянскі абавязак – абуджаць гэтае Божае нават у гвалтаўніках і садыстах, паступаць так, каб у маёй прысутнасці і ў выніку маіх дзеянняў гвалт і садызм меншыліся, а не ўзрасталі. Як сказаў адзін вялікі мітрапаліт: “Калі можаш спыніць зло малітвай – спыні малітвай. Калі не можаш малітвай – спыні словам. Калі і словам не можаш – спыняй рукой.” Для нас важна і каб рука гэта была, перадусім, сваёй.
2. І шчэ адзін кавалак сённяшняга Пісання. Калі зазірнуць у клясычную пратэстанцкую кніжку “Не хлебом единым” і суаднесці яе з юліянскім календаром, то высвятляецца, што сёння там 1Карынфянам1. Пачаў чытаць. І рэзанула: “Малю вас, браты, іменем Г-да нашага Ісуса Хрыста, каб усе гаварылі адно, і ня было між вамі падзелаў, але каб вы злучаны былі ў адным розуме і ў адной думцы… Кажу ж аб тым, што кожны ў вас кажа: я Паўлавы, я Апалёсавы, я Кіфавы, а я Хрыстовы. Ці ж раздзяліўся Хрыстос?” (1Кар.1:10, 12, 13)
Калі суаднесці тэкст з сённяшняй нашай сітуацыяй, то Паўлавы, Апалёсавы, Кіфавы вельмі нават можна суаднесці з “Жыве Беларусь!”, “Слава Украіне!” і “Слава России!”. З сумам можна канстатаваць, што нават у людзей даўно і глыбока вацаркоўленых нацыянальнае нярэдка засланяе і падмяняе Хрыста. Класічнае вітанне, дарэчы ў недалёкім мінулым характэрнае менавіта для “бандэраўскіх” раёнаў Украіны “Слава Ісусу Хрысту!” “Слава навекі!” сёння адсунута некуды далёка. А вярнуць яго ў наш унутрыхрысціянскі мэйнстрым вельмі дарэчы і менавіта сёння. Каб і сабе рэгулярна нагадваць і з іншымі братамі ды сёстрамі ў Хрысце знаходзіць паразуменне адразу: мы, перадусім, Хрыстовыя.
3. І шчэ адзін актуальны кавалак з 1Карынфянам1: “Бог выбраў дурноту сьвету, каб асароміць мудрых і бяссільнае свету выбраў Бог, каб асароміць дужое; і бязроднае сьвету і пагарджанае і няістотнае выбраў Бог, каб зьнішчыць істотнае, дзеля таго каб ніводнае цела не хвалілася перад Ім.” (1Кар.1:27-29) Ізноў расповяд у тым ліку і пра Беларусь і пра Украіну. І была і тут і там перамога. І вазгардзіліся людзі і пачалася ў іх эйфарыя. І вазамнілі яны штось пра сваю абранасць і заслугі. І прыйшоў у Беларусі да ўлады самы дурны (з выгляду), пагарджаны і няістотны з магчымых прэтэндэнтаў і знішчыў істотнае і асароміў дужое. А ва Украіне, як пры трыюмфе бальшавізму, вытаркнуліся ў рэгіёнах Поўдня, каб замазацвердзіцца ды адчуць сябе хоць кімсці, дурныя, пагарджаныя і няістотныя бязродныя людзішкі: можа пракаціць ізноў “хто быў нікем той стане ўсем”?! Браты і сёстры! Не абавязкова тут быць Касандрай. Чытайма Пісанне, робім высновы і гонім з сябе гардыню паганай мятлой! І хай там з нашымі апанентамі і Лу і Пу і тэхналёгіі, і акультызм і прочая гнозісы… Каб не сталі нашыя святыні Бабілёнскімі вежамі, а перліны не патапталі свінні: заўсёды – будзьма з Богам!