“Будзе так, як казаў Пазьняк”

24 красавіка 2014 12:24  |  Палітыка

Сёньня спаўняецца
70 гадоў лідару нацыянальнага адраджэньня Беларусі Зянону Станіслававічу
Пазьняку, дзед якога Янка Пазьняк быў адным з кіраўнікоў Беларускае
Хрысьціянскае Дэмакратыі ў міжваенны пэрыяд. Шчыра віншуем яго з днём
народзінаў і прапануем вашай увазе артыкул “Зянон Пазьняк” з кнігі Паўла
Севярынца “Люблю Беларусь”.

 

Зянон Пазьняк

 

Зянон Пазьняк —
палітычны абсалют нацыянальнай ідэі. Хрысьціянін. Паэт. Эмігрант. Самотны лідэр
апошняга беларускага Адраджэньня.

 

Пазьняк адкрыў
усяму сьвету Курапаты. Заснаваў Беларускі Народны Фронт. Узначаліў апазыцыю ў Вярхоўным
Савеце на хвалі развалу СССР. Дамогся незалежнасьці.

 

У Беларусі імя
Пазьняка стала сынонімам палітыкі нацыянальных інтарэсаў.

 

Пазьняк — вылітая
воля й вера Беларусі. Пазьняк, які адкопвае чарапы ў курапацкіх ямах, ідзе ў
першых шэрагах на Чарнобыльскім шляху, прамаўляе з трыбуны — найярчэйшыя кадры
кронікі беларускага руху. У Пазьняку пэрсаніфікаваная ўся ўнутраная сіла, адпорнасьць
і ідэалістычная прынцыповасьць, глыбока схаваныя ў кожным беларусе. Уся
ахвярнасьць і пакута, узьнёсласьць і боль беларускай гісторыі выявіліся ў гэтай
высокай, хударлявай і годнай постаці, у аграмадным бліскучым лобе, моцным
падцятым падбародзьдзі, у глыбокіх чорных вачох.

 

Вось чаму так
панічна баяліся Пазьняка камуністы, кадэбэшнікі й Крэмль.

Пазьняк стоік, як
і заснавальнік стаіцызму — Зянон. Аскет. Па-манаску стрыманы й па-пурытанску
строгі. Арыстакрат духу, як і ўсякі нацыянальны герой, Пазьняк — вяршыня цэлае
дынастыі. Дзед, Ян Пазьняк, дзеяч БНР, засноўваў Беларускую Хрысьціянскую Дэмакратыю
і быў расстраляны бальшавікамі. Бацька, Станіслаў, ваяваў з фашыстамі й загінуў
на фроньце ў 1944-м.

 

Кажуць, што Зянон
спазьніўся на пару стагодзьдзяў. Нам бы, маўляў, такога правадыра ня ў 1994-м,
а ў 1794-м! Насамрэч ён зьявіўся вельмі своечасова. Тады, калі атупелыя,
абалваненыя, зьнявераныя беларусы забыліся, кім яны ёсьць увогуле. Нацыя была
фактычна ў стане клінічнае сьмерці. Пазьняк яе рэанімаваў.

 

Археоляг і
фатограф Зянон Пазьняк у 1987 г., з пачаткам Перабудовы, апублікаваў жахлівыя
матар’ялы раскопак у Курапатах, якія сам таемна вёў доўгія гады — і ўмомант
стаў жывым сьцягам антыкамуністычнага руху. Ужо 19 кастрычніка 1988 г. ён
стварае Аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту, а праз два тыдні ачольвае
першае масавае шэсьце «Дзяды», жорстка разагнанае міліцыяй.

 

Пазьняк на чале
парлямэнцкай апазыцыі — усяго 30 дэпутатаў! — здолеў пераламіць сытуацыю ў пракамуністычным
Вярхоўным Савеце пачатку 90-х гг. Трыста саўковых нардэпаў пад няўмольным позіркам
Пазьняка прымалі «Дэклярацыю незалежнасьці», бел-чырвона-белы сьцяг і «Пагоню»,
стваралі ўласнае войска, мытню, бюджэт…

 

Стваралі дзяржаву.

 

«Не кілбасы мусім
шукаць, а Бога!» — казаў тады Пазьняк.

 

І гэта быў
сапраўды цуд Божы: перамога над Імпэрыяй зла.

 

Геній
нацыяналізму, полюс непадкупнасьці, чалавек сталёвых нэрваў, Пазьняк адначасова
заставаўся мастацтвазнаўцам, лірычным паэтам, поўным пяшчоты да свайго краю й
любові да Бога. «Ave Maria» на ягоныя словы стала «Песьняй года -1994». Пасьля
ягоных белых вершаў хочацца плакаць і цалаваць беларускую зямлю.

 

Але няма прарока
ў сваёй айчыне. Пасьля шматтысячных маніфэстацыяў Вясны-96 пад пагрозай
расправы Пазьняк мусіў зьехаць за мяжу й папрасіць палітычнага прытулку ў
Амэрыцы.

 

Пазьняк —
харызматычны лідэр і палітык крышталёвае чысьціні, а гэта тая яшчэ рэдкасьць.
Яго аблівалі брудам, яму здраджвалі паплечнікі, яго замоўчвалі — але ён ані на
цалю не зьмяніў сваіх прынцыпаў. Яго папракалі ў бескампраміснасьці й
катэгарычнасьці — але ці можа крышталь ня быць цьвёрдым!

 

Так, цяпер
Пазьняку прынята прыгадваць палітычныя памылкі.

 

Але ж сярод
сучасьнікаў менавіта Пазьняк, найбольш ясна сфармуляваў беларускую нацыянальную
ідэю ў сваіх кнігах «Сапраўднае аблічча», «Gloria Patria» і «Новае
стагодзьдзе».

 

Пазьняк, як моцны
магніт, прыцягвае й адштурхоўвае, абуджае веру сябраў і выклікае шал
ненавісьнікаў. Але нават ворагі трапечуць у ягонае прысутнасьці. Калі Пазьняк
глядзіць табе ў вочы — мурашкі ідуць па скуры, а жар зьмяняецца холадам.

 

Бо Пазьняк ня
проста кажа. Ён прарочыць. Ягоныя выразы кшталтаваныя й адточаныя, ягоны голас гучыць
уладна й велічна — і ягоныя словы збываюцца. «Усё так, як казаў Пазьняк!» — у
Беларусі ўжо даўно расхожая фраза.

 

Фэномэн Пазьняка
тлумачыцца проста. Зянон Пазьняк — беларускі хрысьціянін на ўсе 100%. У ім гэта
ад Ісуса Хрыста — выкрываць і заклікаць. Пазьняк робіць гэта па-каталіцку
гранёна й бліскуча — так, што працінае да самага сэрца.

 

Постаці такога
маштабу можна разгледзець толькі здалёк. Іх ацэньвае гісторыя. І Беларусь
урэшце рэшт ацэніць.

 

Таму што рана ці позна будзе так, як казаў Пазьняк.

Болей навін