Культуралогія з сацыялогіяй
Забаўляюць мяне еўрапейцы, што здзіўляюцца тым
баевікам “ісламскае” “дзяржавы”, якія жылі ці нат выраслі ў
Еўропе.
Мы ж захапляемся мужнасцю людзей, што
змагаюцца за свабоду і правы чалавека ў Іране ці шчэ якой небяспечнай дзяржаве.
Але ж было бы дзіўна, калі б у гэтым узаемапрасякальным свеце не існаваў і
адваротны працэс. І ніякай сцяной тут не адгародзішся – як не пазбавіцца
іранскім уладам ад аўтараў палітычных графіці.
“ІД” ці “правы чалавека” –
гэта як “незалежнасць” ці “рускі мір”. Дылемы вобразаў і
ідэй, якім людзі аддаюць перавагу. І выбар тут залежыць ад такога таямнічнага
фактара, як чалавечая свабодная воля. А паходжанне, культура, рэгіён – фактары
хоць з сацыялагічнымі заканамернасцямі, але другасныя.
Вунь як Пуцін ва Ўкраіне пралічыўся, зрабіўшы
стаўку на Русскоязычное Населеніе. Гэта да прыкладу. Мая рускамоўная прыяцелька
з Запарожжа – жудасная ўкраінская нацыяналістка. Канешне, наяўнасць
рэпрэсаваных у гісторыі сям’і паўплывала.
Але ўсе ўплывы пераважвае фактар асабістага
выбару. Які і робіць сацыялогію з культуралогіяй такімі зачаравальнымі.
“Чалавечы фактар не пралічваецца”, сказала неяк мая выкладчыца,
стварыўшы маю ўлюблёную цытату.