Дзень Казанскай іконы для праваслаўных беларусаў

04 лістапада 2014 09:59  |  Блог Маргарыты Тарайкевіч

Надыходзіць свята, нязручнае для праваслаўных свядомых
беларусаў. 4 лістапада – дзень Казанскай іконы Божай маці.

 

І ўжо асабліва непрыемным для мяне ёсць не само свята, а
тое, што вялікая частка праваслаўных беларусаў не адчувае ніякай нязручнасці і
спакойненька святкуе дзень паразы сваіх продкаў.

 

Продкаў ці не – гэта іншае пытанне. Заўжды скептычна
ставілася да ганарлівага словазлучэння «нашыя продкі» адносна гістарычных
падзеяў. На мой сорам, не пра ўсіх сваіх продкаў я ведаю, чым яны займаліся,
каго падтрымлівалі і з кім змагаліся. Але гаворка аб тым, каго мы лічым сваімі
продкамі ў плане культуры, дзяржавы, супольнасці.

 

У 1612 г. маскавіты вымалілі ў Найсвятой Багародзіцы
перамогу. З Яе дапамогай здолелі выставіць з Масквы акупантаў-палякаў.

 

Нюанс у тым, што тыя «палякі» былі збольшага з нашай зямлі.
З Вялікага Княства Літоўскага. Якое тады прэтэндавала на лідэрства на «рускіх»
землях.

 

Можна крыўдзіцца, што лёс павярнуўся такім чынам, што не мы,
а маскавіты зрэшты атрымалі палітычную перавагу. Можна нават марыць: а як бы
добра было, калі б мы зараз былі цэнтрам рускай імперыі, мелі бы многа-многа
ўлады, і не ў нас была бы маскоўская пагроза, а мы бы самі пагражалі суседзям,
а то і выраблялі б на іх тэрыторыях дзіўнаватыя ваенныя аперацыі, і яшчэ – мроя
з мрояў! – у нас была бы наймацнейшая прапагандысцкая машына, з дапамогай якой
мы бы залівалі людзям мазгі тым чым нам трэба… А тых, хто з намі не згодны, мы
бы абзывалі здраднікамі… А наконт тых, хто хоча незалежнасці, мы бы дадавалі,
што яны здрадзілі нашаму адвечнаму славянскаму брацтву…

 

Гожа? Можа, менавіта ад гэтага і абараніла нас Найсвятая
Багародзіца, калі дапамагла прагнаць нашых продкаў з Масквы?.. Канешне, то
фантазіі, але ці многа ў нас падставаў для ўпэўненасці, што мы паводзілі б сабе
лепей?..

 

Так ці інакш, але варта памятаваць вось што: Найсвятая
Багародзіца дапамагла не «нашым», а маскавітам, тады, калі «нашы» прыйшлі на
чужую зямлю – у Масковію. Будзьма спадзявацца, што Яна дапаможа нам, калі
маскавіты – ці яшчэ хто – прыдуць з уладнымі амбіцыямі на нашую зямлю. І
вызваліць – і нас, і нашых усходніх суседзяў, – ад іншых варыянтаў акупацыі і
узурпацыі (як тут ня ўспомніць нават і «Багародзіца, Пуціна прагані»).

 

Таксама варта ўзгадаць, што гэта не адзінае праваслаўнае
свята, падчас якога некаторыя народы святкуюць сваю паразу. Іншы прэцэдэнт –
гэта свята Пакрову Найсвятой Багародзіцы для рускіх: ёсць падставы сцвярджаць,
што ворагі, ад якіх Багародзіца абараніла люд Канстантынопаля, з’яўляліся
продкамі сучасных славян. Яшчэ больш забаўным прадстаўляецца святкаваць
перанясенне мошчаў Свяціцеля Мікалая ў Бары: мошчы былі выкрадзеныя з
усходнехрысціянскіх земляў і перавезеныя на тэрыторыю дзе Рымская царква. Але
праваслаўныя святкуюць. Кожны з такіх прэцэдэнтаў паказвае, што вера дапамагае
глядзець шырэй за нацыянальныя амбіцыі.

 

Болей навін