“Тунеядцы”: карэкцыя падыходу

15 лістапада 2014 12:41  |  Блог Маргарыты Тарайкевіч

Сітуацыя сталага чалавека, які афіцыйна не працуе, – гэта адно з двух. 

Варыянт А – сацыяльна дэзадаптаваны чалавек. 
Такога не цкаваць трэба, а дапамагаць. І плату з яго дзяржава мае патрабаваць у тым выпадку, калі яна, дзяржава, яго ўтрымлівае, корміць і дапамагае адаптавацца. У тым ліку дапамагае пазбваіцца ад алкагольнае ці наркатычнае залежнасці, псіхалагічных праблемаў і гд. Забяспечваючы такі ўзровень жыцця, пры якім чалавеку ёсць што есці, у што апрануцца дый нават ёсць магчымасць удзельнічаць у культурным жыцці (так-так, не крывіцеся! Ёсць такі пункт між правоў чалавека!..). 
Тады можам і патрабаванні высоўваць: “Калі вы, спадару, не будзеце прад’яўляць доказы, што актыўна шукаеце працу – застанецеся без фінансавае дапамогі, і тады круціцеся самі як хочаце“.
Ёсць, канешне, людзі, каторыя прынцыпова не хочуць працаваць. Іх асабліва шкада – не дай Бог такіх псіхалагічных праблемаў. Але выбар ёсць выбар. У такім выпадку абавязкі грамадства таксама здымаюцца. Хай круціцца як хоча, хоць за кошт сужыцеля, хоць з гітарай у пераходзе, хоць за бабкіну пенсію, – не мая грамадская справа.  
Не гатовае наша грамадства да таго менталітэту, што ў цяжкой сітуацыі чалавеку трэба напоўніцу дапамагчы? Тады –  ультраліберальны варыянт: “круціся сам як хочаш, а дзяржава табе нічога не павінная”. Аабавязкі чалавека ў адносінах да Сістэмы ўзнікаюць у абмен на абавязкі Сістэмы падтрымліваць чалавека. 
Калі ж Сістэма не падтрымлівае, то можа хіба патрабаваць каб не краў, не забіваў і гд, – г.зн., саблюдзення элементарных законаў паводле прынцыпу “мая свабода махаць рукамі скончваецца там, дзе пачынаецца нос іншага чалавека”, 
Варыянт Б – чалавек працуе неафіцыйна. 
Тут варта звярнуць увагу на некалькі момантаў.
Па-першае, праблемай нелегальнай дзейнасці павінная займацца падатковая інспекцыя, і глядзець тут трэба па лініі падаткаў і легальнасці. А не ў накірунку “палявання” на “тунеядцаў”. 


Па-другое, мы памыляемся, калі сцвярджаем, што, што з чалавека які працуе “па-чорнаму” няма эканамічнае карысці. Насамрэч, ён купляе ежу, адзенне, іншыя рэчы – і такім чынам, плаціць як мінімум НДС, – адзін з самых справядлівых падаткаў, калі судзіць паводле прапарцыянальнасці ўзроўню жыцця і спажывання. Ёсць з яго, не выключана, і іншыя плюсы (напрыклад, мастак ці рамеснік можа вырабляць рэчы, якія ўзьбагачаюць грамадства). 
Афіцыйна беспрацоўнага можна назваць бярэменем для грамадства толькі ў адным выпадку: калі ён працуе “па-чорнаму” і пры гэтым прыкідваецца беспрацоўным, атрымліваючы поўны пансіён дапамогі. Ёсць у Еўропе такія “вумнікі”, што прызвычыліся да двайнога даходу. Ёсць нават і тыя хто менавіта за гэтым і прыязжае ў краіны з развітай сацыялкай. Ну ды зараз такая халява прыкрываецца.
Нарэшце, чалавек, які працуе “па-чорнаму”, падвяргае сабе рызыкам. Гэта сітуацыя поўнай адсутнасці абароны яго правоў, адсутнасці гарантый. Ані бальнічнага, ані ўвогулле гарантыі, што шэф табе заплаціць, а не “кіне”!.. І часта людзі ідуць на гэта не ад харошага жыцця, а ад адсутнасці лепшых магчымасцяў заробку. 
Скажаце, я забылася пра варыянт В – хатняя гаспадыня.  
Так, забылася. І добра! Бо хатняя гаспадыня – працуе! Як правіла – на паўтары, калі не дзьве стаўкі. Іншая справа, што яе працу часта не шануюць, не заўважаюць, і правы тут бываюць слаба абароненыя. Таму трэба разважаць менавіта ў такім накірунку: у плане абароны правоў жанчын. 
А калі ўжо мы лічым такую мадэль за дабро і за “традыцыйную сям’ю”, то трэба і падтрымліваць матэрыяльна. Дарэчы, у краінах Заходняе Еўропы жонка, якая жыве на заробак мужа, лічыцца на яго ўтрыманні, што дае мужу істотную налогавую зніжку. А у выпадку смерці мужа яна мае права атрымліваць ягоную пенсію. Ну як, аматары патрыярхата, тэма? Прасоўвайце калі ласка. 
Спадзяюся ўбачыць (і актыўна адчуць, спрычыніўшыся да ўтварэння) вольную Беларусь, у якой: 

– у кожнага чалавека ёсць неад’емнае права жыць, працаваць і круціцца як ён хоча;

– грамадства і дзяржаўная сістэма павернутыя тварам да чалавека, падтрымліваючы ягоная сацыяльна-працоўнае развіццё і абараняючы ад беднасці; 
– патрабаванні дзяржавы і грамадства да чалавека базуюцца на абавязках сістэмы яму ўсебакова дапамагаць;
– дзяржаўная дапамога абсалютна адарваная ад ацэнкі чалавека паводле ягоных палітычных, рэлігійных і іншых поглядаў.

Болей навін