Севярынец — ляўрэат прэміі імя Аляхновіча

11 снежня 2014 15:44  |  Грамадства

Адразу шэсьць ляўрэатаў атрымалі сёлета літаратурную прэмію
імя Францішка Аляхновіча за творы, напісаныя ў зьняволеньні, — Алесь Бяляцкі,
Зьміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандр Фядута і Ірына
Халіп.

 

Перад пачаткам цырымоніі ўганараваньня дырэктар беларускай
службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук адзначыў, што 10 сьнежня, у Дзень
правоў чалавека, у савецкіх лягерах зьняволеныя трымалі галадоўку. А сёньня ў
гэты дзень у Беларусі ўручаюць праваабарончыя, а ў сьвеце — Нобэлеўскія прэміі.

 

«На гэтым уганараваньні ляўрэатраў прэміі імя Францішка
Аляхновіча сабралася самае лепшае, дзе адразу тры гэтыя рэчы сабраліся — якія
вартыя і як літаратура, і як правабарончая дзейнасьць, і ўвогуле як самае
лепшае, што бывае. Таму што чалавек, які патрапіў у сытуацыю зьняволеньня і
здолеў напісаць пра гэта — ён перамог. Дзякуй усім пераможцам».

 

Праваабаронца Алесь Бяляцкі ўганараваны за кнігу эсэ пра
праваабарончую дзейнасьць «Іртутнае срэбра жыцьця», напісаную ў бабруйскай
калёніі ў 2012–2013 гадах.

 

Сустаршыня Маладога фронту Зьміцер Дашкевічатрымаў дыплём за
кнігу апавяданьняў «Чарвяк», якая выйшла сёлета ў студзені ў Вільні.

 

Адзначаны таксама былы кіраўнік вінаробнага заводу Фэлікс
Пекер. Яго арыштавалі ў 2006 годзе на запыт КДБ Беларусі. Фэлікс Пекер сядзеў у
турме 4 гады па несправядлівым абвінавачваньні і напісаў раман «10 лет и 1 день
Игоря Савченко».

 

Фэлікс Пекер сказаў, што пісаў кнігу, «каб захаваць
здольнасьць да інтэлектуальнай дзейнасьці, і ніякай асаблівай мэты перад сабой
ня ставіў». Разам з тым твор спадара Пекера выдадзены ў Расеі ў 2012 годзе,
прадаецца і ў кнігарнях Беларусі.

 

«Калі ты сядзіш у турме, адзінае, што ты павінен зрабіць, —
ня страціць твар. А адзіны творчы занятак у турме — пісаньне. Вось гэтым я і
займаўся, хаваючы рукапісы», — сказаў Пекер.

 

Сустаршыня БХД Павал Севярынец удзельнічаў у конкурсе з
кнігай «Беларуская глыбіня», якая выйшла сёлета ў траўні ў сэрыі «Кнігарня
пісьменьніка». У кнігу ўключаныя эсэ, напісаныя падчас апошняга зьняволеньня.
Ганаровы дыплём за Паўла атрымала яго жонка Вольга, а Павал перадаў падзяку
праз скайп-сувязь з Чэхіі, дзе зараз знаходзіцца:

 

«Я ў Празе, дзе слова, а ня куля, перамагло рэжым. Я
спадзяюся, што ў Беларусі, як і калісьці ў Чэхіі, пераможа свабода».

 

Аляксандар Фядута ўганараваны за аповесьць «Мой маленький
Париж». Аўтар заяўляе яе як першую кнігу будучай трылёгіі пра сябе. Кніга амаль
цалкам напісаная ўзімку 2011 году ў СІЗА КДБ — дзеля таго, «каб не звар’яцець».

 

Кніга Ірыны Халіп «Дзёньнік зэчкі», якая летась намінавалася
на конкурс імя Францішка Аляхновіча ў рукапісе, на гэты момант вышла з друку і
па-расейску, і па-беларуску. І такім чынам зноў трапіла ў намінанты конкурсу і
ўганараваная дыплёмам.

 

Падчас імпрэзы былы палітвязень Васіль Парфянкоў прачытаў
верш Тодара Лебяды.

Болей навін