БХД пачынае кампанію ў падтрымку былой прыёмнай маці Ірыны Моцнай
Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская
дэмакратыя» пачынае кампанію ў падтрымку былой прыёмнай маці Ірыны Моцной,
прысуджанай да чатырох гадоў зняволення, паведаміў сустаршыня БХД Павел
Севярынец 24 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
12 ліпеня Клімавіцкі райвыканкам (Магілёўская вобласць)
пазбавіў Ірыну Моцную права апекі над дзецьмі пасля самагубства 6 чэрвеня 2014
г. іх прыёмнага бацькі Віктара. Аднак жанчына не пагадзілася з такім рашэннем,
звярталася ў розныя інстанцыі з просьбай дазволіць і далей выхоўваць семярых
дзяцей.
25 ліпеня Моцная была затрыманая. Разам з ёй з ужываннем
гвалту быў затрыманы яе родны сын 19-гадовы Віталь Моцны, на якога надзелі
кайданкі. Прыёмных дзяцей даставілі ў дзіцячы дом, паведамляе БелаПАН.
У канцы жніўня ў Клімавічах органы следства распачалі справу
ў дачыненні да Моцной па арт. 176 КК (злоўжыванне правамі апекуна або
папячыцеля). Пасля справа папоўнілася яшчэ двума складамі: па ч. 2 арт. 154 (катаванне,
здзейсненае ў дачыненні да непаўналетняга) і ч. 1 арт. 183 (абмежаванне
асабістай свабоды чалавека) КК. Раней жанчына была прызнаная вінаватай у
адміністрацыйным правапарушэнні (самаўпраўстве) і аштрафавалі на 750 тыс. рублёў.
19 снежня суд у Клімавічах, які праходзіў у закрытым рэжыме,
прызнаў Моцную вінаватай і прысудзіў да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Адзначым, што прыёмная сям’я Моцных была створана ў 2002
годзе першай у Клімавіцкім раёне. На працягу дзесяці гадоў лічылася адной з
лепшых.
Павел Севярынец лічыць, што пераслед Моцнай стала следствам
помсты мясцовых чыноўнікаў за тое, што яна звярталася са скаргамі на іх дзеянні
ў розныя інстанцыі, спрабуючы адстойваць свае правы і правы дзяцей.
Палітык адзначыў, што ў БХД ведаюць пра дзесяткі сем’яў з
прыёмнымі дзецьмі, якія таксама апынуліся пад ціскам мясцовых уладаў. «У асобе
Моцной мы будзем змагацца за правы ўсіх прыёмных сем’яў. Неабходна паставіць
заслон свавольству чыноўнікаў», – сказаў ён.
Севярынец паведаміў, што кампанія ў падтрымку Моцнай
прадугледжвае накіраванне ў розныя міжнародныя арганізацыі звароты па справе
былой прыёмнай маці. Звароты з патрабаваннем перагляду справы будуць
накіроўвацца і ў розныя беларускія дзяржаўныя інстанцыі.
Плануецца таксама ініцыяванне паправак у заканадаўства аб
сям’і. Па словах Севярынца, сёння яно не дазваляе ў поўнай меры адстойваць
правы прыёмных сем’яў.