Еўропа вытрымае
Тэракт у Парыжы парадаваў ісламавідных (і не толькі)
экстрэмістаў.
Патэнцыйную сітуацыю поспеху ствараюць такія падзеі і для
расістаў, ксенафобаў, ісламафобаў і іншых прыхільнікаў відавой ці ідэялагічнай
“чысціні”.
Нармалёвым мусульманам – новая нагода паадбівацца ад не
заўсёды абгрунтаваных нападак, падаказваць што яны не вярблюды, паспрабаваць
патлумачыць асновы сваёй тэалогіі і звязанай з тым праблематыкі.
Нам, праваслаўным, таксама нагода задумацца. Тым больш што,
пасля эксцэсаў кшталту “рускай” “праваслаўнай”
“арміі” на Данбасе і размоваў пра “праваслаўны фашызм”, –
прыйшла і нашая чарга даказваць што мы не вярблюды.
Ну а Захад, дасць Бог, усё вытрымае. Ідэйна, духоўна, – і
тэхнічна. І паспяхова працягне навязваць свету такія чужыя для людаедскіх
рэжымаў каштоўнасці, як індывідуальная свабода, роўнасць, дэмакратыя, правы
чалавека і г.д.
Што рабіць, свет гэты ўзаемапранікальны. Нехта ў Іране,
Кітаі, а то і Паўночнай Карэі, як можа змагаецца за свабоду, – а нехта ў сэрцы
Еўропы марыць стварыць дыктатуру. Справа тут, зразумела, не ў паходжанні. А ў
асабістым каштоўнасным выбары.
Дасць Бог, Еўропа застанецца той самай Еўропай, талерантнай
да мусульманскіх платкоў, яўрэйскіх пэйсаў і іншых іншасцяў. Гатовай прыняць
свабоду не толькі як бяспеку, але і як рызыку.
Храбрасць – адна з тых агульначалавечых каштоўнасцей, якія
амаль ніхто не спрабуе аспрэчыць. Давай, Божа, нам усім яе – і паболей.