Дзмітрук: для стварэння «Народнай Бібліі» неабходна 1189 добраахвотнікаў

12 студзеня 2015 19:12  |  Грамадства

У Беларусі праводзіцца акцыя
«Народная Біблія». Больш падрабязна пра гэта карэспандэнт КРЫНІЦА.INFO
папрасіла расказаць каардынатара акцыі — лідэра Хрысціянскай дзелавой
ініцыятывы, сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская
дэмакратыя» Георгія Дзмітрука.

 


Мы ўсе ведаем, што ёсць Біблія і для ўсіх гэта зразумела. А што такое «Народная
Біблія»?

 

— Біблія аб’ядноўвала і цяпер
аб’ядноўвае простых людзей і нават цэлыя нацыі. Народная Біблія — гэта салідарнасць
беларусаў з мэтай будавання лепшай будучыні на аснове хрысціянскіх
каштоўнасцяў. Гэта акт прымірэння на аснове любові і прабачэння. Гэта крок у
бок нацыянальнай самасвядомасці і павагі. Народная Библия — гэта выбар на
карысць беларускага і хрысціянскага.

– Чым яна будзе адрознівацца ад
звычайнай Бібліі?

 

— «Народная Біблія» — гэта звычайная
Біблія, толькі перапісаная ад рукі беларусамі на беларускай мове.

– Як хутка плануецца стварыць
такую Біблію?

 

— Першы этап — перапіс Псалтыра
2014-2015 гады. Другі этап — перапіс Евангелляў 2015-2016. Колькасць кніг у
Бібліі — 66. Стары Запавет — 39 кніг. Новы запавет — 27 кніг. Стары Запавет
складаецца з 929 глаў, Новы — з 259 глаў. Усяго колькасць глаў у Бібліі — 1189.

 

Каб стварыць «Народную Біблію»,
неабходна 1189 добраахвотнікаў, якія жадаюць ўласнаручна перапісаць ўсяго адну
главу з любой кнігі Бібліі на беларускай мове ў любым перакладзе.

 

У 2017 годзе споўніцца 500 гадоў
выданню «Псалтыра» Францыска Скарыны. Да гэтай даты плануецца прэзентацыя
«Народнай Бібліі».

– Каму прыйшла ідэя стварыць
рукапісную Біблію на беларускай мове?

 

— Ідэя стварэння “Народнай Бібліі”
належыць журналісту, кандыдату філасофскіх навук Уладзіміру Падголу.

– Якая мэта такой акцыі?

 

— Наша мэта — стварэнне нацыянальнага
хрысціянскага Сымбаля, які аб’ядноўвае хрысціянаў. Мы хочам паспрабаваць
прыцягнуць увагу грамадства да хрысціянскіх святыняў. Паспрабаваць прапанаваць
грамадству Біблейскі шлях вырашэння надзённых праблем. Гэта будзе спрыяць
яднанню беларускіх хрысціянаў у гістарычным кантэксце. А таксама, гэта станоўча
паўплывае на хрысціянскую і грамадзянскую салідарнасць.

 

Першы правобраз Сымбаля веры
з’яўляецца ў Апостала Паўла: «Бо я найперш перадаў вам, што і сам прыняў, гэта
значыць, што Хрыстос памёр за грахі нашыя, паводле Пісаньня, і што ён пахаваны
быў, і што ўваскрос на трэці дзень …» (1 Кар . 15: 3-7).

 

Варта ўзгадаць, якое аб’ядноўчае
значэнне Сымбаля Веры, прынятага на Першым Сусветным Саборы ў 325 годзе. З
гэтага моманту пачалася новая эра ў развіцці хрысціянства.

 

Вялікае гістарычнае значэнне мелі
выданні друкаванай кнігі Псалтыр Францыска Скарыны для беларусаў, Астрожскай
Бібліі для славян, Гютенбергский Бібліі для немцаў, і іншых выданняў Святога
Пісання.

 

Выдаўцы Бібліі не меркавалі аб
нацыянальным і гістарычным значэнні сваіх «праектаў». Яны, часцей за ўсё,
дзейнічалі інстынктыўна, неўсвядомлена, часта насуперак здароваму сэнсу. З
гадамі, спробы выдання Святога Пісання на нацыянальнай мове набывалі гістарычны
і аб’ядноўчы сэнс.

– Хто можа прыняць удзел у
стварэнні «Народнай Бібліі»? Нейкія крытэрыі адбору ёсць?

 

— Ужо сама назва кажа за сябе —
«Народная Біблія», а значыць, у яе стварэнні можа прыняць кожны, хто адносіць
сябе да беларускага народу, хто лічыць сябе хрысціянінам.

 

Створаны Аргкамітэт. У яго ўваходзяць
Алесь Ліпай, Павел Севярынец, Зміцер Дашкевіч і я, Георгій Дзмітрук. Трэба 1189
добраахвотнікаў. Для каардынацыі дзеянняў неабходна звязацца па электроннай
пошце [email protected] са мной.

Болей навін