“Прыйдзіце праз тры месяцы”, або чаму я кепска размаўляю
Гэты ліст-споведзь прыйшоў на
электронны адрас аднаго з нашых чытачоў. Гісторыя, пра якую ў ім распавядаецца,
адбылася не ў глухім кутку Беларусі і нават не на раёне – у слаўным горадзе
Мінску. Як у кроплі вады, у ёй адбіўся галоўны, недаравальны хіб сучаснай беларускай
медыцыны – абыякавасць да людзей. “Бойцеся ўрачоў!” – такім мог быць загаловак
дасланага тэкста.
Галіна Каржанеўская
“ПРЫЙДЗІЦЕ ПРАЗ ТРЫ МЕСЯЦЫ”,
Або ЧАМУ Я
КЕПСКА РАЗМАЎЛЯЮ
Боль
б’е мне ў вуха, скроню, вока, у галаву… Я зайздрошчу ўсім, хто ідзе па вуліцы,
едзе ў транспарце – што яны гэтага не адчуваюць. Нават не падазраюць, якое гэта
шчасце, калі нічога не баліць. Вось стаіць сталы чалавек ля пад’езда, гутарыць
з суседам, смяецца… Яму добра, яму нічога не баліць! Але пачну па парадку.
Мне таксама раней нічога не
балела, быў такім жа, як усе тыя, каму я цяпер зайздрошчу. Будучы сталым, рана
страціў зубы, мне іх не столькі лячылі, колькі бязбожна вырывалі, пакуль нічога
не засталося. Зрабіў пратэзы. Быў задаволены. Жаваў нават хлеб з салам і
цыбуляй. Знасіў аж дзве пары зубных пратэзаў. Настала чарга памяняць. Пайшоў на
Старажоўку ў паліклініку №8. Звонку яна выглядае, як бліндаж, у сярэдзіне больш
мірна, але без столі. Столь толькі па баках, там прыстасавалі зубаўрачэбныя
кабінеты.
У аднам з кабінетаў мне рабілі
новыя пратэзы. Прыходзілася трохі
назіраць за работай урача. Ён працаваў у медыцынскіх гумовых пальчатках. Калі заканчваў
работу з папярэднім пацыентам, то падыходзіў да рукамыйніка, замацаванага на сцяне,
зверху адкручваў венціль, адтуль цёк тоненькі струменьчык вады. (Напэўна, да другога
паверху вада не даходзіла.) Не здымаючы пальчатак, збольшага апалоскваў рукі і
далей лез у мой рот рабіць сваю справу. Школьнікам
я ў чацвёртым, а мо нават у трэцім класе вясковай школы (цяпер ужо дакладна не памятаю) праходзіў заняткі па Г.С.О. (готов
к санитарной обороне). Прыкра было дарослым назіраць такі малюнак. Але я не медык-прафісіянал,
як мой доктар, – той скончыў дзесяць класаў, вытрымаў конкурс пры паступленні ў
медыцынскі інстытут і закончыў яго. З якімі поспехамі – невядома. Але я не маю
права адкрываць рот і рабіць яму заўвагі.
Зрабіў мне гэты доктар трэція пратэзы,
ды няўдала: яны мне пастаянна мулялі, хоць я некалькі разоў хадзіў іх
папраўляць. Намулялі так, што мяне накіравалі ў анкалагічны дыспансер. А там
выявілі рак з боку языка. Пачалі лячыць апраменьваннем. Падлячылі і адправілі
на аперацыю ў Бараўляны (там цэлы інстытут па такой хваробе). Прааперыравалі,
на шосты дзень пасля аперацыі выпісалі дадому канчаткова папраўляцца.
Гэтая хвароба патрабуе назірання медыкамі па месцу жыхарства. Стаў на ўлік у
сталічны анкалагічны дыспансер. Хадзіў на праверку кожныя тры месяцы, як мне прызначылі.
Але вось жа няўдача: праз год у новым ужо месцы вылезла маленькая, як кончык
ніткі, балячка. Я на яе паглядаў і думаў, што гэта можа быць? Пайшоў на чарговую
праверку, спецыяліст нічога не заўважыў. Сказаў звыклае: “Прыходзьце праз тры
месяцы”. Прыходжу, як мне сказалі, балячка за гэты час падрасла. Агледзеў мяне
ўрач і зноў, як і ў папярэднія візіты, назначыў тры месяцы. Тры плюс тры – атрымалася паўгода.
Паколькі незразумелая “цацка” замінала есці, то я набраўся нахабства і з’явіўся
праз месяц — паказаў. Паглядзеў доктар
і суцешыў: не хвалюйся, чалавек, гэта ерунда, так бывае. Але прыйдзі ўсё ж праз
месяц, паглядзім…
Тым часам падазроная балячка ў роце расце-падрастае.
У наступны раз пачалі браць аналіз (біяпсію). Бралі ўрач разам з медсястрой,
можа, хвілін дзесяць. Выварочвалі язык, аж з вачэй цяклі слёзы ад болю, а яны
ўсё стараліся. У іх, аказваецца, не было інструмента для такога аналізу. Бралі
нейкімі вялікімі шчыпцамі невядомага прызначэння, потым пінцэтам, спрабавалі
скальпелем урваць кавалачак майго языка ў патрэбным месцы… У рэшце рэшт
экзекуцыя закончылася. Сказалі прыйсці за вынікам праз два тыдні.
Такія эксперыменты адбываліся
чатыры разы, тым жа варварскім спосабам. Калі прыходзіў праз два тыдні, казалі — рак не выяўлены. Ці то не ў тым
месцы бралі, ці то нечага не хапала ў лабарантаў, як не было патрэбнага
інструмента ў доктара… Пасля чацвёртай біяпсіі, калі з’явіўся за вынікам, мне
сказалі, што хвароба ёсць, трэба ісці на аперацыю. А вынік ужо быў відаць без ніякіх
аналізаў: ранка з языка перайшла на яго аснову. На гэты раз пры аперацыі хірург
выдаліў не толькі частку языка, але і частку яго кораня. Акрамя таго, выявілася,
што вылез метастаз у лімфавузле. Яго таксама выразалі.
Цяпер я не размаўляю, а як бы
клёкаю. Стараюся нешта сказаць, а на мяне староннія глядзяць недаўменна. Клёк-клёк,
паспробуй зразумець, што ён хоча табе давеці… Вуха стала, як халява ад бота,
яго зусім не адчуваю (паследства аперацыі).
І хто вінаваты ва ўсім гэтым?
Можна ківаць на ўрачоў ці на гарадское медыцынскае начальства. Але найперш
ківаю на сябе. Чаму я думаў, што стаматолаг разумнейшы за мяне? Я ж у пачатковай
школе наведваў заняткі па санітарнай абароне, а ён — не. Чаму я не тузаў
анколага, каб глядзеў лепей? Не звярнуўся да іншага ўрача?
Часамі разважаю: вось каб адразу тую маленькую балячку, падобную на кончык
ніткі, адшчыкнуць у тых жа Бараўлянах — праз пяць сутак быў бы дома, як і ў першы раз.
Перакананы, што размаўляў бы добра, як раней.
Лістапад 2014 г.
Рычард
Жураўскі